Чыя песня прагучыць на "Еўрабачанні-2016"?

04.12.2015

"Звязда"

У першы дзень зімы Беларусь даведалася імёны 10 фіналістаў, якія будуць працягваць змагацца за права прадстаўляць нашу краіну на міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2016" у Стакгольме.

"Зомбі" зноў у фінал не трапілі.

У ліку найлепшых, па меркаваннях журы, аказаліся наступныя артысты: Аляксандр Іваноў з кампазіцыяй "How to fly"; Валерыя Садоўская і яе песня "Not alone"; Анастасія Малашкевіч - "Pray for love"; гурт NAVІ з беларускамоўнай песняй "Гэта зямля"; Аляксей Грос - "Flame"; Кірыл Ермакоў з дынамічным трэкам "Runnіng to the sun"; гурт "Радыёхваля" "Не страчвай розуму"; Аляксандра Захарык "Glory nіght"; NAPOLІ - "My Unіverse"; гурт THE EM - "TURN AROUND".

Увогуле, праслухоўванне доўжылася два дні. Прафесійнае журы выбірала дзясятку фіналістаў з 91 прэтэндэнта. У першы дзень свае нумары дэманстравалі 60 удзельнікаў, а потым яшчэ 31. Першы і другі этапы праслухоўвання праходзілі ў адкрытым фармаце. На сайце Белтэлерадыёкампаніі вялася анлайн-трансляцыя выступленняў.

У склад судзейскай калегіі нацыянальнага адбору сёлета ўвайшлі народныя артысты Аляксандр Ціхановіч (старшыня журы) і Васіль Раінчык, намеснік галоўнага дырэктара тэлеканала "Беларусь 24" Вольга Саламаха, старшыня ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Марыяна Нікалаева, дырэктар радыёстанцыі "Радыус-FM" Алена Трашчынская, вядучыя тэлеканала "Беларусь 1" Вольга Рыжыкава і Яўген Перлін, спявачкі Гюнеш і Іскуі Абалян, таксама прадстаўнікі нашай краіны на конкурсе "Еўрабачанне" мінулых гадоў Дзмітрый Калдун, Тэа, Алена Ланская, PR-менеджар, журналіст Сяргей Андрыянаў, прадзюсар, педагог па вакале Вольга Драздова, спявак Саша Нэма, радыёвядучыя Кацярына Самсонава і Дзмітрый Санковіч, спявак, кампазітар, аранжыроўшчык Аляксандр Яфімік, харэограф-пастаноўшчык Аляксандр Мяжэнны.

На сцэне студыі выступілі ансамбль "Песняры", Аляксандр Іваноў, Аляксей Грос, зомбі-бэнд "Sweet Braіns", гурты "Napolі", "AURA", "Правакацыя", "Чысты голас", "Navі" і многія іншыя. Пачуць і ўбачыць можна было як навічкоў, так і "старажылаў", якія не першы год "штурмуюць" конкурс "Еўрабачанне" - Жанет, Ян Маерс, Аляксандра Салавейчык, Кірыл Ермакоў, гурт "Дразды" і іншыя.

Вечарам 1 снежня сталі вядомы імёны тых, хто змог пераканаць прафесійнае журы, што менавіта ён варты прайсці далей. Хто з сёлетніх выбранцаў фартуны здабудзе права прадстаўляць Беларусь на міжнародным песенным форуме, даведаемся пасля фінальнага шоу. З прапанаваных кандыдатур пераможцу будуць абіраць тэлегледачы.

Нагадаем, што арганізацыю нацыянальнага адборачнага тура і падрыхтоўку беларускага ўдзельніка да міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2016" здзяйсняе Белтэлерадыёкампанія.

Алена ДРАПКО.