Чым будуць здзiўляць тэлеканалы на Новы год?

23.12.2008
"Звязда", 23 декабря 2008 г.


Святочная ноч для тэлебачання - як адказны экзамен для студэнта: вельмi доўга за правал лаяць не будуць, але хочацца ўсё ж блiскуча здаць - i гуляць на ўсе чатыры бакi. Таму падрыхтоўка разнастайных праектаў - канцэртаў, фiльмаў, праграм - часта пачынаецца за паўгода i больш да гадзiны "Ч", у атмасферы сакрэтнасцi i з абяцаннямi сюрпрызаў.
Хоць многiя людзi i не лiчаць тэлевiзар галоўным святочным атрыбутам, аднак армiя тэлегледачоў у разы большая, i для iх гэта асаблiвая цырымонiя - знайсцi ў праграме самае цiкавае, абвесцi кружком усе паўторы "Іронii лёсу" ды iншых звыклых навагоднiх фiльмаў, а 31 снежня прыляпiцца да экранаў i ўбачыць...
 
Першы: Сем святаў на тыднi

Асобнага цэнтральнага праекта, як расказалi нам у прэс-службе Белтэлерадыёкампанii, канал не рыхтуе - свята будзе адчувацца лiтаральна ва ўсiх праграмах. Напрыклад, "Добрай ранiцы, Беларусь!" падрыхтавала да Новага года адмысловы выпуск - шоу блiзнят. Iдэя гэта - лагiчны працяг мiнулагодняга конкурсу двайнiкоў знакамiтых асобаў, якi вельмi спадабаўся гледачам. На гэты раз у фiнале шоу апынулiся ажно 60 пар блiзнят i тройка трайнят! Праўда, гледачы ўбачаць гэты выпуск ужо ў новым годзе, 2 студзеня. А святочны настрой канал пачне трансляваць значна раней пад дэвiзам "Максiмум музыкi, мiнiмум словаў".
Так, з 29 снежня па 4 студзеня будзе паказана серыя сольных канцэртаў пад агульнай назвай "Навагоднi тыдзень на Першым". Свае лепшыя i любiмыя песнi падораць публiцы вядомыя беларускiя артысты - Ядзвiга Паплаўская i Аляксандр Цiхановiч, Аляксей Хлястоў, Iрына Дарафеева, гурт "Лепрыконсы", Аня Шаркунова i гурт "Новы Iерусалiм".
Непасрэдна ў навагоднюю ноч адбудзецца яшчэ некалькi канцэртаў - вялiкi, зборны "З Новым годам, Беларусь!", а пасля яго - двухгадзiнны навагоднi "мiкс" з вiдэаклiпаў i канцэртных нумароў беларускiх i замежных выканаўцаў. Калi ж вам не так цiкава слухаць iншых, як паспяваць самiм - такую магчымасць дасць кiнакараоке - гадзiна кiнашлягераў з тэкстамi, як у звычайным караоке. 1 студзеня ("для тых, у каго яшчэ хопiць сiлаў на музыку", - жартуюць тэлевiзiйнiкi) у ранiшнiм эфiры будзе паказаны святочны канцэрт Прэзiдэнцкага аркестра.

ЛАД: Са спортам i песняй

А вось на "ЛАДзе" стрыжнявы святочны праект ёсць у наяўнасцi, i iмя яму - гала-канцэрт спартыўнага рэалiцi-шоу "Цудоўная сямёрка". Ён выйдзе ў эфiр 31 снежня, i менавiта на гэтым канцэрце вызначыцца пераможца, якi атрымае галоўны прыз - аўтамабiль "Сhеvrоlеt Nivа". Нагадаем, пасля сямi эпiзодаў, у кожным з якiх удзельнiкi спрабавалi засвоiць пэўны вiд спорту, пераможцы эпiзодаў сышлiся ў суперфiнале. Прэтэндэнтаў на галоўны прыз у вынiку аказалася трое: пераможца спартыўнай часткi суперфiналу, 5-разовы чэмпiён свету па бiятлоне Вадзiм Сашурын, лiдар глядацкага галасавання спявачка Алеся i лiдар сiмпатый журналiстаў, тэнiсiстка, спявачка i тэлевядучая Вольга Барабаншчыкава. Выбiраць сярод iх выпала ўдзельнiкам усiх эпiзодаў шоу "Цудоўная сямёрка" - а нам, дарэчы, удалося падгледзець гэты працэс за кулiсамi.
- За каго з супернiкаў вы прагаласавалi б? - спыталiся мы ва ўсiх трох прэтэндэнтаў. Яны аказалiся надзiва высакароднымi i назвалi... адзiн аднаго. "Я ўбачыў у Алесi моцны, спартыўны характар, таму за волю да перамогi выбраў бы яе. Хоць i Вольга вельмi добра сябе паказала", - адзначыў дыпламатычны Вадзiм. "Вадзiм - мой кандыдат! Ён варты такога падарунка пад Новы год, як гэты прыз", - у адзiн голас заявiлi дзяўчаты.
- А ў мяне сэрца разрываецца, - у разгубленасцi прызналася актрыса, чароўная Фея з "Калыханкi" Алена Бiкрэнёва. - З аднаго боку, з жаночай салiдарнасцi хочацца падтрымаць слабых безабаронных дзяўчат. З другога - я вельмi люблю свайго тату, а ён у мяне доўгi час займаўся бiятлонам... Да таго ж Вадзiм не проста выдатны трэнер, ён вельмi пазiтыўны i прыемны, адкрыты чалавек. Думаю, справядлiва, калi перамогу атрымае менавiта ён.
Вадзiма ў гэты вечар хвалiлi ўсе: i яго падапечныя, каго Сашурын трэнiраваў у эпiзодзе "Бiятлон", i сябры-супернiкi па суперфiнале, i члены здымачнай групы, якiя ўзгадвалi, што на здымкi спартсмен прыйшоў у "разабраным" стане пасля складанага выдалення зуба... I толькi ён сам сцiпла адмахваўся: "Нiчога асаблiвага i звышгераiчнага. Проста мне вельмi спадабалася сама iдэя гэтых спаборнiцтваў - пасля таго як блiзка сышоўся з гэтым новым для мяне светам, я ўпэўнены, што многiя нашы спартсмены прайгралi б "зоркам". Забягаючы наперад, адкрыем тайну - менавiта Вадзiм Сашурын i перамог у раэлiцi-шоу. А вось падрабязнасцi - глядзiце на "ЛАДзе" 31 снежня.
Працягне святочную ноч на канале крыху настальгiчная музыка - канцэрт поп-дзiвы 90-х гадоў Лары Фабiян. "Хто памятае, той ацэнiць", - упэўнены тэлевiзiйнiкi.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.