Чэмпіянат свету па хакеі - 2016: трансляцыі адразу на трох тэлеканалах

29.04.2016

"Звязда"

З 6 па 22 мая ў Маскве і Санкт-Пецярбургу пройдзе чэмпіянат свету па хакеі, для трансляцыі якога да спартыўнага тэлеканала медыяхолдынга "Беларусь 5" далучацца "Беларусь 1" і "Беларусь 2".

Зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету ў Расіі ў групавым раўндзе трэба будзе пазмагацца з нацыянальнымі камандамі Канады, Фінляндыі, ЗША, Славакіі, Францыі, Германіі і Венгрыі. Гэтая група згуляе ў Санкт-Пецярбургу, які ўжо другі раз прымае чэмпіянат свету па хакеі.

Усе матчы беларускай зборнай на стадыі групавога раўнда і ў выпадку выхаду ў плэй-оф будзе трансляваць тэлеканал "Беларусь 1".

Таксама на час чэмпіянату на галоўным тэлеканале краіны кожны вечар можна будзе ўбачыць падрабязны агляд матчаў па слядах гульняў, якія прайшлі.

Маладзёжны тэлеканал "Беларусь 2" прадставіць увазе тэлегледачоў гульні гаспадароў першынства - зборнай Расіі.

Матчы трыумфатара чэмпіянату свету ў Мінску, як правіла, заўсёды выклікаюць вялікую цікавасць у беларускай публікі. Таму Белтэлерадыёкампанія вырашыла зрабіць падарунак аматарам хакея і ў поўным аб'ёме прадставіць цяперашні турнір.

У эфіры тэлеканала "Беларусь 5" можна будзе сачыць і за ўсімі астатнімі матчамі чэмпіянату.

- Паколькі час пачатку гульняў у Маскве і Санкт-Пецярбургу будзе супадаць, то частку матчаў, вядома, мы пакажам у запісе, але прыярытэт прамых трансляцый галоўнага хакейнага турніру года бясспрэчны. Агляды матчаў будуць таксама выходзіць на тэлеканале "Беларусь 5". Акрамя гэтага, з'явяцца тэматычныя "Дзённікі". У Санкт-Пецярбургу, дзе размесціцца наша зборная, будзе працаваць здымачная група "Беларусь 5", таму ад "Дзённікаў" гледачам варта чакаць эксклюзіву, - паабяцаў кіраўнік канала "Беларусь 5" Аляксандр Казюкевіч.

Акрамя таго, напярэдадні старту Чэмпіянату свету спартыўны тэлеканал упершыню пакажа мастацкі фільм!

У эфіры "Беларусь 5" будзе паказана захапляльная кінастужка "Легенда №17" пра нялёгкі лёс і неверагодны талент знакамітага савецкага хакеіста Валерыя Харламава.

Алена ДРАПКО.