Чэмпіянат Еўропы па футболе - у тэлеэфіры

27.05.2016

По сообщению zviazda.by

З 10 чэрвеня па 10 ліпеня ў Францыі пройдзе фінальная частка 15-га Чэмпіянату Еўропы па футболе, усе матчы якога прадставяць тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі.

Афіцыйнае адкрыццё кантынентальнага першынства адбудзецца 9 чэрвеня. У гэты дзень спартыўны тэлеканал пакажа ў прамым эфіры святочны канцэрт на Марсавым полі, дзе каля Эйфелевай вежы будзе дадзены старт чэмпіянату. Першы матч еўрапейскага турніру, які трэці раз прымае Францыя, адбудзецца 10 чэрвеня на стадыёне "Стад дэ Франс". У прыгарадзе Парыжа Сен Дэні сустрэнуцца зборныя каманды Францыі і Румыніі, а за іх супрацьстаяннем змогуць сачыць гледачы "Беларусь 5".

У далейшым з 11 па 18 чэрвеня матчы групавога раўнда, якія пройдуць на лепшых стадыёнах Марсэля, Ліёна, Ліля, Ланса, Бардо, Сэнт-Эцьена, Тулузы, Ніцы і Парыжа, будуць трансліравацца спартыўным каналам штодня ў 16.00 і 19.00, а таксама каналам "Беларусь 1" - у 22.00.

Сёлета Чэмпіянат Еўропы па футболе пашырыўся да 24 каманд, якія падзелены на 6 груп. У 1/8 фіналу першынства выйдуць нацыянальныя зборныя, якім удасца заняць першыя два месцы ў кожнай групе, а таксама 4 лепшыя каманды, якія занялі трэція месцы.

- Апошнія матчы групавога раўнда Чэмпіянату Еўропы па футболе з 19 чэрвеня традыцыйна будуць праходзіць у адзін час, каб захаваць інтрыгу розыгрышу месцаў у плэй-оф. Мы прапануем тэлегледачам матч на выбар на розных каналах Белтэлерадыёкампаніі, захаваўшы тым самым магчымасць у прамым эфіры сачыць за гульнямі сваіх фаварытаў. Для тых, хто захоча азнаёміцца з усімі матчамі гульнявога дня, апоўначы штодня будзе выходзіць спецыяльны выпуск "Час футбола. Чэмпіянат Еўропы - 2016" з аглядам і каментарыямі экспертаў у студыі. Таксама мы плануем інтэрактыў з гледачамі і мноства іншых сюрпрызаў, якія можна будзе ўбачыць у эфіры "Беларусь 5", - прыадчыніў карты кіраўнік спартыўнага канала "Беларусь 5" Аляксандр Казюкевіч.

Фінальны матч, цырымонія ўзнагароджання чэмпіёнаў і закрыццё турніру адбудуцца 10 ліпеня. Белтэлерадыёкампанія запрашае футбольных заўзятараў сачыць за падзеямі Чэмпіянату Еўропы па футболе разам!

Алена ДРАПКО.