"Cheesecake" ў новых рытмах

25.03.2014
"Звязда", 25 сакавіка 2014 г.

 
Білет на паўфінал "Еўрабачання-2014" выйграў слонімскі рэпер
Прадстаўнік Беларусі на сёлетнім конкурсе Тэа (Юрый Вашчук) і Белтэлерадыёкампанія падвялі вынікі абвешчанага раней конкурсу кавер-версій на песню "Cheesecake". "Мы атрымалі досыць цікавыя альтэрнатыўныя версіі - у стылі лаўнж-музыкі, танцавальныя рэміксы і нават балады", - расказалі "Звяздзе" ў прэс-службе БТРК.
З усіх дасланых заявак было выбрана 9 лепшых, сярод якіх у прамым эфіры "Радыус FM" слухачы абралі пераможцу. Найбольшую колькасць галасоў - 33,5% ад усіх - атрымаў рэп-выканаўца SO4 (Сульфат) - Дзмітрый Герасімчык са Слоніма. Ён, дарэчы, зрабіў таксама адмысловы відэакліп (які здымаў, зрэшты, у Мінску), у якім арганічна спалучыў рускамоўныя куплеты і арыгінальны прыпеў. Цяпер гэта лёгкае і па-сапраўднаму вясенняе відэа можна знайсці на сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by.
Менавіта Сульфату і дастаўся галоўны прыз - білет на другі паўфінал "Еўрабачання" 8 мая, у якім пад нумарам 10 выступіць прадстаўнік Беларусі, - а таксама права выканаць сваю версію песні ў эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1" і "Беларусь 24". Праўда, дабірацца да Капенгагена і вырашаць пытанне з размяшчэннем там рэперу давядзецца самастойна, але ён гэтага не баіцца і ўжо абяцаў землякам "прывезці магніцік".
Тым часам у творчым графіку Тэа застаецца ўсё менш вольных хвілін. Днямі беларускі артыст выступаў у Маскве на сольным канцэрце Дзіяны Гарыпавай (яна прадстаўляла Расію на леташнім "Еўрабачанні"). А ўжо ў пачатку красавіка яго чакаюць у Амстэрдаме, дзе на спецыяльным "Канцэрце Еўрабачання" сустрэнуцца амаль усе ўдзельнікі сёлетняга шоу.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.