Час i месца вядома

23.03.2006
"Звязда", 23 сакавіка 2006 г.


"Еўрабачанне-2006"
У паўфiнале Мiжнароднага конкурсу песнi "Еўрабачанне-2006" Палiна Смолава выступiць пад пятым нумарам. Аб гэтым паведамiлi ў прэс-службе Белтэлерадыёкампанii, прадстаўнiкi якой 20-21 сакавiка прымалi ўдзел у сустрэчы кiраўнiкоў дэлегацый краiн - удзельнiц конкурсу.
Жараб'ёўка распарадзiлася так, што адкрые конкурс 18 мая прадстаўнiца краiны-дэбютанткi - Арменii. Удзельнiк з Расii Дзiма Бiлан выступiць пад "мiстычным" нумарам 13, Цiна Кароль з Украiны - пад 15-м. Каб прайсцi ў фiнал, канкурсанты павiнны трапiць у дзесятку лепшых паўфiналiстаў.
Акрамя парадку выступленняў удзельнiкаў у фiнале i паўфiнале, шляхам жараб'ёўкi вызначалася таксама чарговасць абвяшчэння галасоў краiнамi. Беларусь у фiнале агучыць балы 26-й. Дарэчы, сёлета на "Еўрабачаннi" дзеля паскарэння працэсу прынята новая сiстэма галасавання: вядучыя з кожнай краiны будуць называць толькi балы 8, 10 i 12, ацэнкi ж з 1 па 7 бал будуць дабаўляцца ў таблiцу аўтаматычна.
Нягледзячы на адмову ад удзелу ў конкурсе, захаваны права голасу i членскi ўнёсак за Сербiяй i Чарнагорыяй. А вось месца гэтай краiны ў фiнале перададзена прадстаўнiку Харватыi.
На сустрэчы дэлегацый стала вядома таксама, што фармат "Еўрабачання-2007" крыху зменiцца. Аўтаматычна ў фiнал трапяць толькi дзесяць краiн - шэсць лепшых i "вялiкая чацвёрка". Яшчэ 14 фiналiстаў будуць вызначаны па вынiках паўфiналу. А вось цi пашырыцца геаграфiя конкурсу, цi стане "Еўрабачанне" - "Iнтэрбачаннем", як меркавалася два гады таму, пакуль невядома.
Нагадаем, "Еўрабачанне-2006" пройдзе з 18 па 20 мая ў зале Алiмпiйскага стадыёна ў Афiнах.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.