Чалавек з гiсторыяй

11.11.2005
"Звязда" (дадатак - газета "Чырвоная змена"), 11 лістапада 2005 г.


(Пра факты, рэчы, справы і нас, беларусаў)
...Кабiнет аўтара i вядучага Алеся Матафонава нагадвае своеасаблiвы музей. Неверагодная колькасць кнiг i папер, складзеных на сталах i шафах, дзiўнага жанру карцiна, цяжкая падстаўка-сава - як напамiн пра адну з мiнулых праграм. Дый сам Алесь, бадай, самы вядомы з тэлевiзiйных "музейшчыкаў", улюбёных у беларускую гiсторыю, культуру, мову... На мове, мiж iншым, ён не толькi вядзе ўсе свае праграмы, але i проста размаўляе ў жыццi, што з’яўляецца прадметам гонару для ўсiх калег па ТБ (даруйце за каламбур - дзiўна, што беларусаў гэта здзiўляе!).

Першая праграма Алеся - "Бiяграфiя слова" - доўжылася ўсяго 3 хвiлiны. Пазней "Бiяграфiю..." перайменавалi ў "Алхiмiю слова" i павялiчылi фармат да 5 хвiлiн. Самым доўгiм быў гiстарычны экскурс у "Адкрыты архiў" - 26 хвiлiн. Навiнка цяперашняга сезона - прысвечаны беларускай матэрыяльнай культуры праект "Маем рэчы" iдзе ў нядзелю 13 хвiлiн. "Такi дынамiзм - гэта ўласная рыса характару, патрабаванне эфiру цi свядомае процiпастаўленне зацягнутым "лекцыям" навукоўцаў кшталту Гардона?" - удакладнiла я. Алесь растлумачыў, што на тэлебачаннi хапае праграм з не запланаваным загадзя хранаметражам, i на першым часе яго мiнiяцюрныя перадачы былi проста неабходныя, хоць i не мелi дакладна вызначанага месца ў сетцы вяшчання. "Прапiску" па нядзелях i "Алхiмiя слова", i "Адкрыты архiў" атрымалi адносна нядаўна. Калi ж гэтыя праекты спынiлi iснаванне, эфiрнае месца ў спадчыну перайшло да новай, пятай па лiку Алесевай праграмы "Маем рэчы".

- Так, напрыканцы мiнулага тэлесезона "Адкрыты архiў" перастаў выходзiць у эфiр, але гэта не значыць, што ў нашай гiсторыi не засталося белых плям. Iх яшчэ хапае. Аднак калi "Архiў" быў прысвечаны збольшага малавядомым фактам беларускай гiсторыi, архiўным дакументам, то ў новай праграме мне захацелася звярнуцца да чагосьцi больш рэчыўнага, што можна ўбачыць, крануць рукамi. Бо самае важнае для музейшчыкаў - захаваць тыя цi iншыя матэрыяльныя сведчаннi, а для карэспандэнтаў - расказаць пра гэта iншым людзям. Я буду рады, калi мая праграма дапаможа гаспадарам старых рэчаў (можа, не такiх ужо аўтэнтычна-сярэднявечных, а нават "маладых", часоў першай сусветнай вайны) зiрнуць на iх крыху па-iншаму, пачаць ставiцца з большай павагай, цанiць тое, што яны маюць, а не выкiдваць i не аддаваць за бесцань. Назву "Маем рэчы", мiж iншым, прапанаваў гiсторык Алесь Белы, якi часта выступае кансультантам у праграме. Я расказаў яму пра iдэю, Алесь прынёс некалькi варыянтаў, з якiх найбольш спадабалася менавiта "Маем рэчы". Гэта ўстойлiвае спалучэнне настолькi прыжылося, што зараз паўсюль праграму называюць толькi па-беларуску. (Замест каментарыя працягваю Алесю бланк пропуску ў Белтэлерадыёкампанiю, дзе чорным па беламу пазначана: "редакция программы "Имеем вещи". Смяёмся. - Аўт.).

- Алесь, адкуль у праграме "Маем рэчы" з’явiлiся пластылiнавыя персанажы, у прыватнасцi твой двайнiк?
- У афармленнi праграмы мы вырашылi скарыстаць анiмацыю ў першасным сэнсе гэтага слова - як "адухаўленне нежывых прадметаў". Раз гаворка iдзе пра рэчы, то i пачынацца яна павiнна не з людзей, а з рэчаў, якiя iх iмiтуюць. Прыдумвае i робiць увесь шэраг пластылiнавых герояў адзiн чалавек - трэцякурснiца Ганна Горлач. Што атрымлiваецца, бачна на экране. Мне спадабаўся, як ты кажаш, "двайнiк", нават хацелася пакiнуць яго сабе. Шкада толькi, што пластылiн - матэрыял недаўгавечны, i ўсiх персанажаў хапае толькi на адны здымкi, дый тое пад канец постацi ператвараюцца ў гэткiя рознакаляровыя камячкi.

- Паглядзела я адну з першых перадач, дзе гаворка iдзе пра баброў, пранiклася тваiм жаданнем паспрабаваць сябе ў ролi лоўчага. Ты ўвогуле ўсе справы будзеш выпрабоўваць на сабе?
- Я стараюся так рабiць, але не заўсёды атрымлiваецца. Напрыклад, сыр я дапамагаў "рабiць"... языком. На тое, як iдзе праца над маляванымi дыванамi - сёння гэта амаль забытае i вельмi складанае майстэрства - увогуле толькi стаяў i глядзеў, бо ад мяне было б больш шкоды, чым карысцi. Калi ж паспрабаваў дапамагчы знакамiтаму музычнаму майстру Алесю Ласю рабiць дуду, то ён мяне адагнаў - маўляў, пагуляй убаку, не перашкаджай. Як сказаў Алесь, кожны iнструмент мае сваю душу, адбiтак чалавека, якi прыклаў да яго руку, таму справа гэта вельмi тонкая i адказная. Ну, я i не спрачаўся. Але жадання дакрануцца да гiсторыi не страцiў - калi гаворка будзе iсцi, напрыклад, пра старабеларускую кухню, абавязкова паспрабую штосьцi зрабiць сам.

- Але, пагадзiся, гiстарычна-культуралагiчная тэматыка - не самая папулярная. Як утрымаць гледача ля экрана i прывучыць яго глядзець асветнiцкiя праграмы калi не пастаянна, то больш-менш рэгулярна?
- На маю думку, трэба проста быць шчырым. I на экране, i па другi яго бок. А яшчэ абавязковая зваротная сувязь. Калi нешта не падабаецца, калi ёсць слушныя заўвагi i прапановы, крытыка, пахвала - варта ўсяго толькi выказаць сваё меркаванне, паспрабаваць што-небудзь змянiць.

- Алесь, па адукацыi ты - драматург. Не думаеш як-небудзь пацвердзiць дыплом i напiсаць п’есу?
- Я часта жартую, што я драматург без анiводнага твора. Цiкава, але з выпускнiкоў майго курса (дарэчы, гэта быў першы ў гiсторыi Беларусi набор на спецыяльнасць "драматургiя") - 4 чалавекi - нiхто не працуе па спецыяльнасцi! Усе абралi ў жыццi нейкую iншую прафесiю. Асабiста мне адукацыя вельмi дапамагае ў рабоце, бо перадача - гэта той жа спектакль, для якога трэба напiсаць сцэнарый, знайсцi завязку, развiццё, кульмiнацыю i развязку. Я выступаю i рэжысёрам, i сцэнарыстам, i аўтарам-вядучым. У iдэале павiнен атрымацца цэласны паўнавартасны сюжэт. А наконт пацвярджэння дыплома... Я вельмi хацеў бы зняць фiльм на гiстарычную тэматыку. Толькi не пра Вялiкую Айчынную вайну. Натуральна, гэта вельмi важны i цяжкi перыяд у нашай гiсторыi, але ж была яшчэ Грунвальдская бiтва, зыход якой шмат у чым прадвызначылi беларусы, i мноства iншых знакавых падзей.

- Я ведаю пра тваю прыхiльнасць да рыцарскага руху - "трылогiю", прысвечаную леташняму фэсту "Белы замак", сярод рыцараў i рэканструктараў не глядзеў толькi лянiвы. Чакаць якi-небудзь праект на гэту тэму?
- Калi шчыра, рыцарства для мяне было хутчэй юнацкiм захапленнем. Ведаеш, гэта ж сапраўдная рамантыка - прымераць строi, патрымаць у руках зброю, памахаць мячом... Думаю, праз гэта многiя прайшлi. Перыяд "рыцарства" стаў для мне адным з крокаў па лесвiцы творчага развiцця, i, магчыма, ён вырасце ў нешта больш сур’ёзнае.

- У Алега Лукашэвiча ў вынiку ягоных творчых вандровак назбiралася цэлая фотавыстава, Юрый Жыгамонт з кожнага "Падарожжа дылетанта" прывозiць новы прадмет у калекцыю... Ад тваёй праграмы што-небудзь рэчыўнае на памяць засталося?
- Не. Была такая iдэя - стварыць музей праграмы, але пакуль што ўвасаблення яна не знайшла: сам я нiчога не збiраю, а спецыяльна "на памяць" рэчаў не дораць. Хоць, прыгадваю, некалi мы з лiдарам гурта "Юр’я" Юрыем Выдронкам ездзiлi ў фальклорную экспедыцыю па далёкiх вёсачках. I адна бабулька падарыла мне на памяць самаробны вышываны рушнiк. Было вельмi прыемна, i я з задавальненнем пакiнуў гэту рэч сабе. Мажлiва, з яе i пачнецца стварэнне музея? (Усмiхаецца.)

- Зразумела, што Першы нацыянальны канал нiколi не ператворыцца ў канал "Дыскаверы", аднак выхаваўчую i асветнiцкую функцыю тэлебачання нiхто не адмяняў. На тваю думку, якiх праграм не хапае, каб запоўнiць гэту нiшу?
- Не хапае найперш людзей, прафесiяналаў, якiя згадзiлiся б распрацоўваць гэту тэматыку. Бо прыдумаць iдэю праграмы - адно, з гэтым можа справiцца i адзiн чалавек, а каб яе ажыццявiць, патрэбна цэлая каманда. Я магу нагенерыраваць мноства праектаў, толькi ўсё адно не абысцiся без памочнiкаў, якiя будуць iх рэалiзоўваць. I калi знойдуцца жадаючыя падтрымаць задумку - буду толькi рады.

Гутарыла Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.