Чалавек і голас

12.01.2011
"Звязда", 12 студзеня 2011 г.


Голас Алега Вінярскага немагчыма пераблытаць з голасам іншага дыктара. Заўжды звонкі і далікатна-тактоўны, ужо не адзін дзясятак гадоў ён гучыць у радыёэфіры.
Асабіста мяне ён звязвае з дзяцінствам. Зіма. Канікулы. Вёска. На дварэ - завея, а ў бабулі - цёпла і ціха. Патрэскваюць дровы ў печы, пад прыпечкам пазяхаюць вечна сонныя каты. Вечаровае сутонне. І радыёспектакль. Якраз такія вечары ў бабулінай вёсцы мне падабаліся больш за ўсё. Калі можна было проста сядзець і слухаць.
Гэткая ж атмасфера цеплыні і спакою адчуваецца ў працоўным кабінеце Алега Вінярскага. Тут дзясяткі стэрэаплёнак і шмат кніг. Некаторыя кнігі разгорнутыя - іх дыктар перачытваў нядаўна, некаторыя яшчэ чакаюць сваёй чаргі. Шмат тут папер і розных сувеніраў. Усё гаворыць пра цікавую і насычаную біяграфію іх уладальніка.
З чаго пачынаўся творчы шлях Алега Вінярскага? Чытачам "Звязды" знакаміты дыктар расказаў, за што любіць радыё і ці не шкадуе, што прысвяціў яму 24 гады свайго жыцця.

Алег Аляксандравіч налівае мне кубачак квасу і пачынае свой аповед.

- Нарадзіўся я ў Паставах. Мая мама - урач, а тата - ваеннаслужачы, лётчык знішчальнай і транспартнай авіяцыі. Як і ўсе хлопчыкі таго часу, у дзяцінстве я таксама думаў пра ваенную спецыяльнасць. Але лётчыкам стаць не давялося.
Праз некаторы час, калі бацьку накіравалі служыць у Польшчу, наша сям'я пераехала разам з ім. І якраз там я ўпершыню паглядзеў усю класіку кіно, пабачыў стужкі Чапліна і Кітана. Заходнія вестэрны - першыя стужкі Джона Форда, вялікага амерыканскага рэжысёра і сцэнарыста, - і гэтыя фільмы сталі для мяне адным з самых захапляльных і запамінальных момантаў на ўсё жыццё. Гэта быў юнацкі ўзрост - хацелася подзвігаў, незвычайных падарожжаў. Тады складвалася ўражанне, што, напэўна, я хацеў бы стаць такім чалавекам, як героі гэтых вестэрнаў - сапраўдныя мужчыны і пераможцы, якія на ўсё маюць свой доказ і адказ. Якраз тады і закралася думка стаць кінаакцёрам. У 10-м класе я сказаў, што пайду ў ваеннае вучылішча. Калі ж прыйшоў час падаваць дакументы, таемна ад усіх я пайшоў на праслухоўванне ў тэатральны інстытут.
Я ніколі не бачыў тэатральных студый, у мяне не было тэатральных настаўнікаў, якія б рыхтавалі мяне, але ў тэатральны інстытут я паступіў. І хацеў даказаць выкладчыкам, што абавязкова скажу ў мастацтве сваё слова - буду і артыстам, і рэжысёрам. Я адчуваў, што гэта маё. З цягам часу усё гэта я рэалізую на радыё.

"На радыё я адкрыў для сябе радыётэатр"

- Пасля выпуску я адпрацаваў у тэатры толькі адзін сезон - забралі ў армію. Пасля арміі вярнуўся ў Мінск. Шукаў працу і натрапіў на аб'яву пра конкурс дыктараў. Да гэтага я з радыё амаль не сутыкаўся, калі не лічыць працу радыётэлеграфіста ў войсках сувязі.
Дыктар - спецыяльнасць, якая вабіла тады многіх. Гэта было вельмі прэстыжна. Прыйшло тады чалавек трыста: журналісты, педагогі, артысты. Трыста чалавек - і адно месца. І яно дасталася мне: я прайшоў усе адборачныя туры і быў залічаны ў штат дыктараў-стажораў Беларускага радыё. Праз год узялі яшчэ некалькіх чалавек. Паступова назапасіўся штат маладых перспектыўных людзей, якія маглі вучыцца майстэрству ў сталых дыктараў.
Я трапіў на радыё, але зусім не ўяўляў гэтую прафесію. Я хацеў пераседзець пэўны момант, каб потым зноў трапіць у тэатр... Але затрымаўся тут ужо на 24 гады (усміхаецца - І.Л.) і не шкадую: на радыё я адкрыў для сябе радыётэатр.
Радыётэатр - гэта з'ява сусветнага маштабу. Сапраўднае пераўвасабленне, высакаякасная і бездакорная праца ва ўсіх адносінах: і вымаўленне, і спасціжэнне маштабу аўтарскага мыслення. Першы радыёспектакль я пачуў у перыяд, калі толькі вярнуўся з арміі. Гэта была пастаноўка па творы Жоржа Сімянона. Памятаю, выпадкова я ўключыў прыёмнік - і не змог адарвацца. Я быў зачараваны.

Мы павінны гаварыць правільна

- Дыктарская прафесія ўбірае ў сябе зачаткі журналістыкі, акцёрскія навыкі і навыкі вядучага. Дыктар - гэта чалавек, які можа разняволіць субяседніка, а галоўнае - які валодае мовай чалавечых узаемаадносін.
Раней у нас на радыё быў даволі моцны інстытут дыктарства, без якога не ўяўлялася праца ніводнай з рэдакцый. Усе разумелі, што вымаўленне, правільны націск, інтаніраванне - усё вядзе да таго, каб слухач нармальна цябе ўспрымаў - каб яго нічога не напружвала. Галоўнае ў гэтай прафесіі - каб сказанае слова лёгка клалася на вуха. Калі інфармацыя дасягае свядомасці і слухач успрымае форму агучанага слова лёгка - тады гэта вышэйшае майстэрства. Але калі слухач адчувае, што напружваецца, што яму складана слухаць дыктара і хацелася б яму дапамагчы - выправіць націскі, ліквідаваць недарэчную манернасць, - тады гэта ўжо адмоўны бок дыктарства.

- Пра націскі - вы ў самую кропку.
- Я абураюся кожны раз, калі на эфір прыходзіць субяседнік і кажа "средствА", "диспАнсер", "возбУждено", "осУжден", "новорОжденный". Мне хочацца сказаць чалавеку, які яго запрасіў: "А чаму ты не правіш? Чаму ты, калі запісваеш яго, не робіш заўвагу: я працую на радыё - мне супрацьпаказана так гаварыць - і я хацеў бы, каб і вы так не казалі". У нас ёсць моўная традыцыя. Калі мы не будзем папраўляць людзей, якія прыходзяць і нясуць усё, што ёсць у іх галовах, - нічога добрага не будзе. Мы, праца якіх звязана са словам і чалавекам, павінны гаварыць правільна. Няхай гэта і абурыць запрошанага, але ён усвядоміць, што ёсць аўдыторыя, да якой трэба рыхтавацца. Я парэкамендаваў бы кожнаму выступоўцу, які прыходзіць на радыё, часцей зазіраць у слоўнікі - там шмат цікавага. У журналістаў яны і ўвогуле павінны быць на кожным працоўным стале.

"Гаворыць Мінск. У Мінску дзевятнаццаць гадзін"

- Сёння, калі малады чалавек прыходзіць на радыё, у яго ёсць гарантыя, што праз пару дзён ён выйдзе па Першым канале ў эфір. Калі мы прыходзілі стажорамі-дыктарамі, то паўтара года павінны былі даказваць, што гэтай прафесіі мы вартыя. Мы сядзелі на канале "Стэрэа" (трэці канал, дзе ладзіліся прамыя трансляцыі з розных музычных і драматычных тэатраў). Нам давяралі чытаць падводкі: "Гаворыць Мінск. У Мінску дзевятнаццаць гадзін. Паслухайце, калі ласка, оперу Аляксандра Барадзіна "Князь Ігар". Выканаўцы ..." І запускалася опера. На гэтых маленькіх падводках можна было сябе трэніраваць. Адразу чытаць навіны нам ніхто не давяраў. Да эфіру дапускаліся людзі, якія зарэкамендавалі сябе і маглі вытрымаць любую напругу.

- Можаце ўзгадаць свой першы эфір?
- Займаючыся са стажорамі, вопытныя дыктары адсочвалі кожную дэталь. Мы садзіліся ў пакоі і бралі тыя выпускі навін, якія былі прачытаны. Зачыняліся, а дыктар-майстар паказваў, як трэба чытаць. Мы стараліся злавіць, як ён даносіць думку. Зразумець, што ў кожнай фразе самае галоўнае. Потым разам з дыктарам ішлі ў эфірную студыю. І наш старэйшы калега павінен быў абавязкова паслухаць, як мы чытаем.
Я памятаю, першы раз у эфір я выйшаў па другім канале Беларускага радыё - гэта была "Крыніца". Разам са мной тады сядзеў наш славуты дыктар Ілья Львовіч Курган. Ён націснуў на мікрафон, святло запалілася, і я бачу, як гукарэжысёр добразычліва ківае - паехалі. Ілья Львовіч мімічна мяне падбадзёрвае, і я пачынаю вельмі ўзрушана і нервова чытаць. Калоціцца сэрца, калоціцца голас - і ўсё ўнутры. І калі я заканчваю, Ілья Львовіч адключае мікрафон і кажа: "Малайчына! Віншую з эфірам".

Чаму артысты так любяць агучваць казкі?

- Паступова прыйшла эра так званых журналістаў-вядучых, якія казалі: мне дыктар не патрэбен, я сам аўтар і сам пра гэта буду расказваць. Больш непатрэбныя магутныя галасы - катурны трэба зняць, узяўшы галасы больш простыя - з народа. Таму праз нейкі час дыктараў ад праграм пачалі адлучаць.
Я гэтую працу вельмі паважаў і ніколі не стараўся быць дыктарам афіцыйным. Відаць, я быў зроблены з іншага цеста. І калі пачалася гэтая жорсткая перакваліфікацыя, вярнуўся ў рэчышча тэатра. Паступова пачаў пераходзіць да рэжысёрскай працы. Была такая знакамітая рэдакцыя "Беларуская маладзёжная". Там было выхавана шмат цікавых журналістаў і артыстаў, якія абмяркоўвалі не проста моладзевую палітыку, а сучаснае стаўленне чалавека да палітыкі, эканомікі, культуры. Прамыя эфіры пайшлі з такой моцай, што цяжка было людзей стрымаць.
Якраз тады я пачаў займацца мастацкай працай і рабіць спектаклі для "Беларускай маладзёжнай". Скажу шчыра, гэта была падрыхтоўка да глыбіннай сутнасці прафесіі: не проста дыктарскай прафесіі, а да адчування чалавека, які спалучае акцёрскія здольнасці і свае аўтарскія памкненні. Я і сёння вельмі люблю агучваць казкі - гэта цудоўная практыка для артыста, калі паралельна можна гаварыць голасам пачвары і маленькай добрай істоты.

Радыё і гумар

- Памятаю, як мы рыхтавалі вячэрні выпуск навін, які называўся "Дзень нашага жыцця" - усё, што адбылося за дзень. Вельмі папулярным тады было парнае чытанне "мужчына-жанчына". Мы размяркоўвалі інфармацыю і ў канцы хтосьці абавязкова завяршаў выпуск словамі "Вы слухалі інфармацыю...У студыі былі дыктары..." У той дзень у эфір я выходзіў з Кацярынай Ягоравай. Чытаем - усё ідзе гладка, адно аднаго падбадзёрваем. І вось - дайшлі амаль да канца. Каця прачытвае прагноз надвор'я, і я павінен закрываць выпуск словамі: "Вы слухалі інфармацыйны выпуск "Дзень нашага жыцця".
Не ведаю, што на мяне ў той момант найшло, але я сказаў чамусьці іншае: "Вы слухалі інфармацыйны выпуск "АПОШНІ дзень нашага жыцця..." Каця стаілася і пачала калаціцца ад смеху (сярод дыктараў жартам мы называлі перадачу "апошні дзень"). А я і не зразумеў, выключаю мікрафон і пытаюся: ты чаго?
А назаўтра прыходзіць да мяне наш галоўны дыктар Мікалай Чырык і кажа: "Ну, дык а што ж мы сёння будзем рабіць, Алег?! Ты ж учора навіны апошняга дня прачытаў!". Пасля мы яшчэ доўга смяяліся, і гэты выпадак адклаўся ў маёй памяці і да сёння.

"Радыё - гэта голас душы"

- За што я люблю радыё, дык гэта за бязмежнасць фантазіі, якую яно дае. За бязмежнасць уяўлення слухачоў. Асабліва гэта выражаецца ў радыёспектаклях. Ты чуеш толькі голас, а бачыш - цэлы свет. Радыё для мяне - гэта найперш голас душы. Тое зярнятка, якое дае твайму ўнутранаму свету новае жыццё, развівае глыбіню мастацкай думкі, духоўна цябе ўзмацняючы. Эфір - гэта палёт. Можна сказаць, што тут - у іншым вымярэнні палёту - я сустракаюся са сваім татам. Эфір, як неба.
Я вельмі паважаю нашу слухацкую аўдыторыю і хачу сказаць вялікі дзякуй усім людзям, якія любяць радыё, і тым, хто не пакінуў яго ў самыя цяжкія моманты. Мне хочацца нізка пакланіцца ўсім радыёслухачам Беларусі за тое, што яны слухаюць радыё, што засталіся вернымі нашаму Беларускаму радыё. Бо радыё - адзін са сродкаў, які можа духоўна выхаваць чалавека. Паводле Гогаля, тэатр - кафедра, з якой можна сказаць свету шмат добрага. Пераасэнсоўваючы словы класіка, хачу сказаць: радыё - гэта таксама кафедра, з якой можна сказаць свету шмат добрага. І я стараюся гэта рабіць.

Ілья ЛАПАТО.