Было сто, засталося пятнаццаць

03.12.2013
"Рэспублiка", 3 декабря 2013 г.

 
Вызначаны фіналісты адбору да "Еўрабачання-2014".
Завершаны першы этап нацыянальнага адбору да "Еўрабачання-2014". Вызначаны пятнаццаць удзельнікаў, якія будуць змагацца за адзіную пуцёўку на конкурс. Чым запомніцца гэты адбор? Добрымі песнямі, прыгожымі галасамі, падранай на грудзях майкай, шыпамі ў ілбе...
Народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч, адзін з членаў журы, застаўся задаволены ўбачаным і пачутым. Кажа, што нарэшце артысты зразумелі, што гэта за ягада - "Еўрабачанне": большасць прыйшла з фарматнымі песнямі. Але толькі 10-15 працэнтаў, не скрывае ён, вартыя вялікай сцэны.
Сапраўды, палова ўдзельнікаў, мякка кажучы, выглядалі безнадзейна. Некаторыя, валодаючы ўнікальным тэмбрам, выбралі непадыходзячую песню. Нехта, наадварот, у добрай кампазіцыі ледзь трапляў у ноты. Грашылі аранжыроўкамі, недарэчнымі ўборамі, скаванымі рухамі. Але ўсіх пераплюнуў Алекс-Нармалекс, удзельнік розных музычных кастынгаў: як звычайна, у камічным уборы, ён зладзіў шоу з распрананнем, якое скончылася раздзіраннем на грудзях цяльняшкі. Думаеце, ён сур'ёзна сабраўся на "Еўрабачанне"? Наўрад. Проста чалавек, як і большасць тых, хто прыйшоў, выкарыстоўваў свой шанц паказаць сябе перад журы.
Але лепш удзелім увагу тым, хто яе сапраўды варты. Цікава, што з кожным годам на нацыянальны адбор прыходзіць усё менш зорак. У спісе амаль з сотні артыстаў толькі дзясятак - добра вядомыя прозвішчы. Працягвае штурмаваць музычны алімп Наталля Тамела. У заслугу ёй паставім запальную песню і арыгінальны касцюм. У "наццаты" раз спрабаваў прабіцца на "Еўрабачанне" Георгій Калдун. Але і ў гэты раз міма. Не дапамагла і песня грэчаскага аўтара Георгіуса Калпанідзіса. Практычна поўным саставам (за выключэннем Алёны Ланской, якая была членам журы) заявіўся на адбор прадзюсарскі цэнтр "Спамаш". Дарыя выканала залішне сур'ёзную песню, Іван Буслай, наадварот, запомніўся дынамічнай кампазіцыяй. Найбольшае захапленне ў журы і публікі выклікаў Аляксей Грос. Песня і выкананне сапраўды цікавыя. Але статычнасць артыста і яго няскончаны вобраз выклікалі нараканні ў прафесіяналаў.
Вось ужо хто сур'ёзна падрыхтаваўся да конкурсу, дык гэта Макс Лорэнс. Інтэрнацыянальная каманда, у якую ўваходзіць і беларус ДзіДзюЛя, падрыхтавалася калі не на сто працэнтаў, то каля таго. Нумар сапраўды арыгінальны.
Дзіўна было ўбачыць на конкурсе Арцёма Міхаленку, які ўдзельнічаў у "Еўрабачанні-2010" у складзе групы "3 плюс 2" . Яго цяперашняя кампазіцыя была выканана ў опернай манеры з выкарыстаннем сучасных прыёмаў. Можна сказаць, што Арцём супернічаў на сцэне з салісткай Вялікага тэатра Аленай Сіняўскай. Абодва патрапілі ў фінал.
На жаль, у запаветнай пятнаццатцы няма ні адной песні на беларускай мове. Хоць практычна ўсе члены журы згодныя з тым, што кампазіцыі на нашай роднай мове могуць і павінны быць на "Еўрабачанні". "Спяваюць жа там на малдаўскай? Прычым з поспехам. Чаму тады нельга на беларускай?" - пытаецца Аляксандр Ціхановіч. Але ў гэты раз, відаць, не знайшлося годнай кампазіцыі. Хоць, напрыклад, Ярыка Ракіціна з Салігорска з песняй "Усё так" можна было б прапусціць у фінал хоць бы для разнастайнасці.
І яшчэ адзін цікавы факт. Пасля таго як малады беларускі выканаўца Макс Корж сабраў "Мінск-Арэну", сталі гаварыць, што менавіта гэты артыст павінен прадстаўляць нашу краіну на "Еўрабачанні". Макс заяўку не падаў, але можна сказаць, што за яго гэта зрабіла маладая бабруйчанка Алена Хацько. Песня 21-гадовай настаўніцы без музычнай адукацыі называлася "Пра Макса Каржа". І, што дзіўна, была не горш за хіты таго самага Каржа. Журы ж засмуціла толькі наяўнасць у ёй ненарматыўнай лексікі.
Дык якой жа павінна быць песня для "Еўрабачання"? "Варыянтаў шмат, - разважае Алёна Ланская. - Хуткая або павольная. У абодвух выпадках галоўнае - чысціня выканання. Калі кампазіцыя дынамічная, на сцэне абавязкова павінна быць шоу. За павольную трэба брацца, толькі маючы ўнікальны голас або запамінальны тэмбр". Ці былі такія на нацыянальным адборы? Цікавых кампазіцый было дастаткова. Якая ж з іх адправіцца на "Еўрабачанне"? Фінал запланаваны на студзень. Праходзіць ён будзе таксама ў сценах Белтэлерадыёкампаніі, якая з'яўляецца адзіным у нашай краіне прадстаўніком Еўрапейскага вяшчальнага саюза.

Дарэчы

- Многія выканаўцы не хочуць удзельнічаць у "Еўрабачанні", таму што пасля конкурсу выліваецца шмат бруду. Вы ўжо аднойчы былі ў гэтай скуры... - пацікавіліся мы ў Арцёма Міхаленкі.
- У мяне няма негатыўных успамінаў ад "Еўрабачання-2010". І наогул, я лічу, што ні адбываецца - да лепшага. І цяпер гэта зусім іншая гісторыя. У мяне ўсё інакш: пачынаючы ад знешняга выгляду, заканчваючы песняй.

- Чым трэба здзіўляць еўрапейскага гледача?
- Трэба вылучацца, ісці супраць агульнапрынятых рэчаў. Класічных спевакоў вельмі мала на "Еўрабачанні". Сваю песню я буду выконваць у опернай манеры. Сучасную аранжыроўку дапамог зрабіць Дзмітрый Фаміч, вядомы па групе "Чук і Гек", які цяпер мяне прадзюсіруе.

У тэму

- Макс, вы збіраецеся прадстаўляць на "Еўрабачанні-2014" Беларусь, але да гэтага вы доўга працавалі ва Украіне і Расіі. Дзе сёння ваш дом? - пацікавіліся мы ў Макса Лорэнса.
- Я жыву ў Гомелі. Працую ў розных месцах, пастаянна гастралюю, але заўсёды вяртаюся ў Беларусь. У мяне быў праект з Сярогам, сапраўды, праводзіў шмат часу ва Украіне і Расіі, але пры першай жа магчымасці прыязджаў дадому. Ад Гомеля ж да Кіева тры-чатыры гадзіны.

- Як узнікла ідэя супрацоўніцтва з ДзіДзюЛям?
- Мы пазнаёміліся з маэстра вельмі даўно. Нават не памятаю, калі гэта здарылася. Песня нарадзілася ў ДзіДзюЛі. Ён напісаў музыку, словы - яго сябар Джо Лін Цёрнер. Спачатку запісалі песню на рускай мове, а калі з'явілася ідэя з "Еўрабачаннем" - на англійскай.

- У вас вельмі цікавы нумар. Раскажыце, што за інструмент вы выкарыстоўваеце і ў чым сэнс харэаграфічнай пастаноўкі?
- Ханг - вельмі рэдкі музычны інструмент, які прыдумалі ў пачатку стагоддзя ў Швейцарыі. Яго гучанне нагадвае прыглушаны звон. У ДзіДзюЛі вельмі творчы калектыў, яны выкарыстоўваюць шмат наватарскіх ідэй. Што тычыцца харэаграфіі, то мы хацелі паказаць гэтую песню як мага большай колькасці людзей. Таму зрабілі нумар з сурдаперакладам. Гэты складаны танец выконвае Ірына Абаленцава.

Выбар

Па выніках праслухоўвання прафесійнае журы вызначыла 15 фіналістаў Нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2014". У жаданы спіс увайшлі: Мацвей Бандарэнка, Юрый Вашчук, Аляксей Грос, Дарыя, Жанет, Макс Лорэнс & ДзіДзюЛя, Анастасія Малашкевіч, Арцём Міхаленка, Аліна Мошчанка, група "NAPOLI", група "Nuteki", Наталля Адзінцова, Алена Сіняўская, Наталля Тамела, група SWITTER BOYS feat. KATE&VOLGA KAROL.
Фінал нацыянальнага адбору адбудзецца ў студзені 2014 года ў фармаце тэлевізійнага канцэрта. Выканаўца, які набярэ найбольшую колькасць балаў па выніках галасавання прафесійнага журы і гледачоў, прадставіць Беларусь на "Еўрабачанні-2014", якое пройдзе ў Капенгагене (Данія). 

Наталля СЦЯПУРА, "Р".