"Бяседа" з кампазiтарам

16.01.2007
"Звязда", 16 студзеня 2007 г.


Юбiлеi
Такая доля кампазiтара: пiсаць розную музыку - камерную, харавую, музыку да фiльмаў... Але вядомым i любiмым сёння можна стаць, ствараючы песнi. Такi час цi такая чалавечая рыса - любiць тое, што блiжэй, што прасцей для ўспрымання? А мiж тым адзiн з самых народных кампазiтараў - Леанiд Захлеўны - лiчыць, што ў наш час кампазiтар перш за ўсё павiнен быць прафесiяналам, якi ведае нотную грамату. Нават калi пiша песнi. I да гэтай думкi варта прыслухацца.
Можа, Леанiд Канстанцiнавiч i строгi ў нейкiм сэнсе да сучаснай папулярнай музыкi, таму што сам прафесiянал, якi гэтаму майстэрству вучыўся ў кансерваторыi, ды яшчэ ў якiх настаўнiкаў! Цi не таму ж класiку беларускай музыкi Анатолю Багатырову трэба быць удзячным за тое, што многiя яго вучнi навучылiся прыслухоўвацца да народнай творчасцi, натхнялiся ёю i потым пiсалi свае сачыненнi. Адзiн з тых вучняў - Леанiд Захлеўны, якi ўдастоены звання народнага артыста Беларусi, станавiўся лаўрэатам Дзяржаўнай прэмii краiны ў галiне музычнага мастацтва, прычым, менавiта за песенную творчасць. Можа таму, што нават свае ўласныя песнi стварыў такiмi, што iх сёння многiя лiчаць народнымi - настолькi блiзкiмi яны сталi за гады свайго гучання. Блiзкiя, - таму што прыгожыя i вельмi меладычныя, узгадайце хаця б песнi "Азёры дабрынi", "Зорачка мая", "Каля чырвонага касцёла".
Песнi Леанiда Захлеўнага спявалi ў свой час Вiктар Вуячыч, Яраслаў Еўдакiмаў, ансамбль "Сябры". Сярод iх былi i патрыятычныя цыклы аб вайне (апошнi такi напiсаны да 60-годдзя Перамогi), i лiрычныя творы пра цёплыя чалавечыя пачуццi. Найчасцей iмя кампазiтара звязваюць з ансамблем народнай музыкi i песнi "Бяседа", вялiкая частка песень гэтага ансамбля напiсана Захлеўным. Ён - мастацкi кiраўнiк калектыву, лiчыце, з моманту заснавання. З таго вельмi драматычнага моманту, калi месца некалi вядомага ансамбля "Жывiца" заняў зусiм новы калектыў. А каб адразу ўсiм было зразумела, што ў iм усе свае, назву вырашылi ўзяць простую. "Бяседай" у народзе называюць задушэўныя пасядзелкi, сямейныя святы, дзе абавязкова гучаць песнi. Простыя, душэўныя i зразумелыя для ўсiх песнi выконвае ансамбль "Бяседа".
Напрыканцы мiнулага года "Бяседа" адзначыла сваё 15-годдзе. 16 студзеня кампазiтару Леанiду Захлеўнаму спаўняецца 60 гадоў. Калi калектыў i яго мастацкi кiраўнiк столькi гадоў разам, цi не значыць, што гэта лёс?..

Ларыса ЦIМОШЫК.