Бяседа на дарожку

28.08.2015

По сообщению respublika.sb.by ("Рэспублiка")

Ансамбль народнай музыкі "Бяседа" адпраўляецца ў падарожжа па краіне. У Мінску далі афіцыйны старт маштабнай акцыі "Любіць Беларусь", удзельнікамі якой сталі артысты калектыву, а арганізатарамі - Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Белая Русь" і Белтэлерадыёкампанія з тэлеканалам "Беларусь 3".

- У вераснёўскія дні, якія надыходзяць, мы хочам падняць настрой лю-дзям. Паказаць, што ў нас сапраўды добры народ, прыгожыя гарады, выдатныя песні, і ўсе разам мы любім нашу родную краіну, - гаворыць галоўны дырэктар тэлеканала "Беларусь 3" Віктар Маючы.

Удзельнікі акцыі прапануюць бліжэй пазнаёміцца з нацыянальнай культурай і дакрануцца да багацця нашай песеннай спадчыны. На працягу амаль месяца знакаміты ансамбль наведае з канцэртамі 17 абласных і раённых цэнтраў рэспублікі. Фінальнае выступленне пройдзе 10 кастрычніка ў Мінску.

Паводле слоў мастацкага кіраўніка "Бяседы", народнага артыста Беларусі, кампазітара Леаніда Захлеўнага, калектыву, які добра ведаюць і любяць у краіне, прадастаўляецца цудоўная магчымасць яшчэ раз сустрэцца з прыхільнікамі сваёй творчасці. Канцэртны графік шчыльны. У кожным раёне - па тры-чатыры выступленні. У спецыяльна падрыхтаваных праграмах прагучаць ужо добра вядомыя і новыя кампазіцыі. Выбар вялікі. У рэпертуары "Бяседы", якая ў наступным годзе адзначыць 25-годдзе, каля 300 песень. І, як гаворыць Леанід Захлеўны, усе прывабныя для слухача, у сучасных аранжыроўках.

Разам з артыстамі ў паездку адпраўляецца і вядучая папулярнай тэлевіктарыны "Размаўляем па-беларуску" Алена Трацэнка. І гэта значыць, што смелыя гледачы, з тых, хто прый-дзе на канцэрты, змогуць прыняць удзел і ў конкурсе на веданне роднай мовы, а лепшыя - атрымаць памятныя падарункі.

Першы канцэрт адбудзецца 2 верасня ў Гродне. Дарэчы, тым, каму не ўдасца трапіць на выступленне ансамбля ў сваім горадзе, засмучацца няварты. Спецыяльны цыкл праграм, прысвечаны мерапрыемствам акцыі, рыхтуе тэлеканал "Беларусь 3".

З першых вуснаў

Аляксандр Шацько, намеснік старшыні Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Белая Русь":

- Сёння мы гаворым пра культуру, пра традыцыі, пра беларускую мову, пра тое, што з'явілася пэўная цікавасць і нават мода на беларускасць, моладзь носіць вышыванкі. Мы не хочам заставацца ўбаку. У нас вельмі шмат моладзі, якая займаецца беларускай культурай, вывучае яе самабытнасць, піша песні, вершы. Наша арганізацыя хоча разам са знакавым для краіны калектывам - ансамблем "Бяседа" - прыцягнуць увагу да нацыянальнай культуры і традыцый. Таму мы падстаўляем сваё плячо і ўдзельнічаем у гэтай акцыі.

Ірына СВІРКО.