Букмекеры ставяць на Швецыю, а прэса ў захапленні ад Расіі. Выхад беларусаў у фінал конкурсу ацэньваецца як 50/50

17.05.2012
"Звязда", 17 мая 2012 г.


Песенны конкурс "Еўрабачанне-2012" яшчэ афіцыйна не адкрыты для публікі, але рэпетыцыі і прэс-канферэнцыі яго ўдзельнікаў ужо ідуць поўным ходам. Папярэдне фаварыткай у табліцах букмекераў застаецца шведская спявачка мараканскага паходжання Лорын. Другое месца прагназуецца італьянцы Ніне Дзілі, трэцяе - расійскаму калектыву "Буранаўскія бабулі".
Таксама ў пяцёрцы лідараў зараз знаходзяцца прадстаўнік Вялікабрытаніі, легендарны Энгельберт Хампердынк, і сербскі "сярэбраны медаліст" "Еўрабачання-2004" спявак і кампазітар Жэлька Ёксімавіч. Беларусь у выпадку выхаду ў фінал (стаўкі на гэта прымаюцца прыкладна 50/50) апынецца ў канцы другога дзясятка.
Зрэшты, самі ўдзельнікі гурта Lіtеsоund на стаўкі не зважаюць і баявога настрою не губляюць. "Гэта быў клёвы, але і вельмі цяжкі дзень для нас, - прызнаўся прыхільнікам на афіцыйным сайце гурта lіtеsоund.bу адзін з салістаў, Якопа Маса, пасля першай рэпетыцыі на сцэне "Баку Крыстал Хол". - Не хвалюйцеся, мы будзем змагацца да канца, абяцаю! Таксама і таму, што ў нас самая лепшая падтрымка ў свеце".
Конкурсную песню "Wе аrе thе Hеrоеs" прадстаўнікі Беларусі будуць выконваць выключна мужчынскай кампаніяй ушасцёх: вакалісты Дзмітрый і Уладзімір Каракіны, Якопа Маса, гітарыст Алекс Колчын, ударнік Ігнат Яковіч, а таксама бэк-вакаліст, грэк Алекс Панаі. На першую ж рэпетыцыю 15 мая гурт выйшаў у касцюмах, у якіх і будзе выступаць 24-га ў сваім паўфінале: салістам дадаюць гераічнага іміджу кальчужныя накідкі, астатнія ўдзельнікі абвешаныя ланцугамі, нягледзячы на якія музыканты... завіснуць у паветры на колькі імгненняў з дапамогай мудрагелістых тэхнічных прылад. А вось піратэхнікі, элементаў 3D ды іншых запланаваных "фішак" заўважана нешта не было. "Чаму?" - патэлефанавалі мы ў Баку кіраўніку праекта "ЕўраФэст" і аднаму з каментатараў ад Беларусі Аляксандру Ціхановічу. "На другой рэпетыцыі ўсё будзе, - запэўніў ён. - Але і першая, засведчу, прайшла паспяхова: вельмі прыгожая графіка. Што датычыцца вакалу - тут усё ў парадку, запал ёсць. 4 разы прагналі нумар - і ўсё атрымалася выдатна. Цікавасць да выступлення Беларусі вялікая, прэс-канферэнцыя пасля рэпетыцыі гэта толькі пацвердзіла, так шмат ахвотных узяць інтэрв'ю было хіба 5 гадоў таму, калі мы ездзілі з Дзімам Калдуном".
18 мая адбудзецца другая рэпетыцыя беларускіх канкурсантаў, але асабліва адпачываць ім няма калі: згодна з графікам наперадзе шмат харэаграфічных заняткаў, інтэрв'ю, прома-акцый, мерапрыемстваў пасольства Беларусі ў Азербайджане. А вось традыцыйнай вечарынкі Беларусі на "Еўрабачанні" сёлета не будзе - вырашана абмежавацца гасцявымі выступленнямі на вечарынках Грузіі і Расіі.
...Ці прыляціць у Баку "група падтрымкі" з калег па сцэне, пакуль невядома. А вось галоўная суперніца Lіtеsоund у нацыянальным адборачным туры, спявачка Алена Ланская ўжо накіравалася ў сталіцу Азербайджана на два тыдні. З аднаго боку, як турыст, а з другога - набірацца вопыту і пазнаёміцца з "кухняй" "Еўрабачання" знутры, каб налета зноў спрабаваць прабіцца на конкурсную сцэну.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.