Будзь у Радыусе!

11.07.2003
"Звязда", 11 ліпеня 2003 г.


Менавіта з такім слоганам з'явіцца 12 ліпеня ў FМ-эфіры новая радыёстанцыя. На хвалях цяперашняй "Сталіцы", якая зрушыцца у УКВ-дыяпазон, пачне вяшчанне "Радыус-FМ". Гэта будзе самая магутная FМ-станцыя, якая працуе на 20 перадатчыках (у іншых каля 6-7 перадатчыкаў) і ахоплівае больш за 80 працэнтаў насельніцтва рэспублікі.
Новая радыёстанцыя ўваходзіць у структуру Беларускага радыё. Як паведаміў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў, сёння толькі ў сталіцы вяшчаюць каля 15 станцый. Задача "Радыус-FМ" - стварыць ім канкурэнцыю. Апошняя будзе дасягацца з дапамогай прынцыпова новага, еўрапейскага фармату. Поводле слоў намесніка дырэктара дырэкцыі FМ-вяшчання Беларускага радыё Юрыя Царова, цяперашнія станцыі вяшчаюць у амерыканскім фармаце. Іх прынцып: "Гавары пошла і стаў хіты". Новае радыё, работа над якім вялася чатыры месяцы, адыдзе ад гэтай устаноўкі. Вельмі педантычна падбіраўся штат супрацоўнікаў і ды-джэяў, асноўнымі патрабаваннямі да апошніх былі вядомасць, адпаведнасць фармату радыё, кампетэнтнасць. "Радыус-FМ" разлічаны на 25-40-гадовых слухачоў. Вяшчанне будзе весціся як на рускай, так і на беларускай мове, сярод музычных кампазіцый будуць і творы беларускіх выканаўцаў.

Алена АЎЧЫННІКАВА.