"БТшнікі" руляць, або Гісторыя з працягам

31.12.2015

"Звязда"

1 студзеня 2016 года Беларускаму тэлебачанню спаўняецца 60 гадоў. Як прысвячэнне гэтай падзеі ў эфіры "Беларусь 1" будзе паказаны фільм-рэпартаж "БТшнікі", дзе мы ўбачым мноства партрэтаў, рэканструкцыю падзей, архіўныя матэрыялы і расследаванні. Фільм адлюстроўвае погляд творчай групы Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі на гісторыю айчыннага тэлебачання.

- "БТшнікі" - гэта своеасаблівы тэлевізійны летапіс, прысвечаны станаўленню і развіццю нацыянальнага тэлебачання. Знакавыя падзеі, цікавыя факты, гучныя імёны тых, хто стаяў ля вытокаў, і, безумоўна, вядомыя тэлегледачам персоны, якія працягваюць тварыць гісторыю сёння. Усё гэта і шмат чаго яшчэ сабралі карэспандэнты АТН пад кіраўніцтвам Міхаіла Равуцкага, - адзначыў галоўны дырэктар Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант.

Нас чакаюць людзі і героі ў кадры і "за кадрам", дакументы пад грыфам "строга сакрэтна", якія будуць раскрыты ўпершыню, сустрэчы з "першапраходцамі", праўда і міфы пра тэлебачанне. Аўтар фільма Міхаіл Равуцкі адзначае: "Гэты фільм - частка вялікай тэлевізійнай гісторыі, якая пачыналася ў 50-я гады і сёння працягвае стварацца на вачах у гледачоў на розных кнопках. У гэтым сэнсе сімвалічна, што наша стужка не заканчваецца цітрамі, а перадае ў эфіры эстафету "Панараме".

Не прапусціце прэм’ерны паказ фільма-рэпартажу 1 студзеня ў 20.00 у эфіры тэлеканала "Беларусь 1". А паўтор глядзіце 10 студзеня ў 11.00.