Брава, Палiна!!! I Гюнеш - малайчына!

21.07.2005
"Звязда", 21 ліпеня 2005 г.


I "Гран-пры", i прыз глядацкiх сiмпатый - у Палiны Смолавай!
Мiнчанка, прыгажуня Палiна Смолава - адна з дзвюх прадстаўнiц Беларусi на мiжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песнi "Вiцебск-2005" па вынiках двух конкурсных дзён атрымала найбольшую сярод iншых канкурсантаў колькасць балаў - 207 з 220 магчымых. I яна ўпэўнена перамагла!
Конкурс праводзiўся ў рамках "Славянскага базару ў Вiцебску" ў 12 разоў. Дзякуючы Палiне, вось ужо трэцi год запар, пачынаючы з 2003-га, беларускiя выканаўцы становяцца ўладальнiкамi "Гран-пры" ў памеры 10 тысяч долараў ЗША. Раней шанцавала толькi хлопцам. Нагадаю, што ў мiнулым годзе ўладальнiкам "Гран-пры" стаў Пётр Ялфiмаў, а ў пазамiнулым - Максiм Сапацькоў.
Другая наша канкурсантка, Гюнеш Абасава, на сёлетнiм конкурсе - на ганаровым трэцiм месцы, i гэта азначае, што яна павiнна атрымаць "2-ю прэмiю" - 4 тысячы долараў (канешне, калi прэмiю не падзеляць, як ужо неаднаразова было раней). Гюнеш набрала за два конкурсныя днi 192 балы i мела ўсе шанцы атрымаць "1-ю прэмiю" (6 тысяч долараў), але ж канкурсант з Македонii - Мар’ян Стаяноскi выйграў у яе ўсяго тры ачкi. Як шкада. Часта маладыя спевакi менавiта з Македонii вельмi добра выступалi на "базарным" конкурсе i "перашкаджалi" нашым...
Нагадаю, што ў першы конкурсны дзень (у мiнулую нядзелю) Палiна выканала песню "Польская мадонна", якая ў свой час была ў рэпертуары знакамiтай Марылi Радовiч. А ў гэты аўторак - песню "Рэха жураўлiнае", якую напiсалi Дзмiтрый Далгалёў i Уладзiмiр Пецюкевiч. I так добра спявала, што быццам бы жураўлi ляталi ў начных нябёсах фестывальнага Вiцебска...
Безумоўна, калi Палiна Смолава пачала спяваць на сцэне Летняга амфiтэатра, адразу многiм з прысутных стала зразумела, што яна будзе ў лiку мацнейшых канкурсантаў. Тым больш што i ў першы конкурсны дзень яна была лiдарам.
I тэлегледачам яна вельмi спадабалася. Менавiта яна, акрамя "Гран-пры", атрымае i прыз глядацкiх сiмпатый, бо за яе прагаласавалi большасць гледачоў прамой трансляцыi конкурсных канцэртаў, якую ажыццяўляў "Першы нацыянальны канал". У тэлефонным галасаваннi, арганiзаваным "БТ", бясплатна ўдзельнiчалi дзесяткi тысяч чалавек.
Пра беларускiх канкурсантак "Звязда" пiсала задоўга да пачатку "базару". Толькi нагадаю, што новаспечаная ўладальнiца "Гран-пры" нарадзiлася 3 сакавiка 1980 года ў Мiнску. Скончыла музычную школу па класу фартэпiяна, музычнае вучылiшча iмя Глiнкi (аддзяленне "народны хор"), а сёлета - аддзяленне сольнага народнага спеву Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта культуры i мастацтва. У гэтым годзе выйшаў яе дэбютны альбом "Smile", што ў перакладзе адзначае "Усмешка". Яшчэ нагадаю, што Палiна заняла першае месца ў фiнале нацыянальнага адборачнага тура да "Еўрабачання"...
Вось як бывае: iнтрыга ўжо мiнулага конкурсу ў тым, што спачатку Палiна Смолава не была заяўлена на ўдзел у iм! Калi памятаеце, яшчэ ў маi журы нацыянальнага адборачнага "кастынгу" вырашыла, што ў Вiцебск паедзе Гюнеш Абасава, якая тады ўжо ў чацвёрты раз спрабавала атрымаць "пуцёўку" на вiцебскi конкурс. Толькi потым стала вядома, што i Палiна таксама будзе мець гонар змагацца за перамогу ў "Вiцебску-2005". I яна апраўдала надзеi i такi высокi давер. Брава, Палiна!

Аляксандр ПУКШАНСКІ.