"Браму скарбаў сваіх адчыняю..."

07.02.2008
"Народная газета", 7 февраля 2008 г.


Упершыню выявы амаль усіх найкаштоўнейшых вырабаў з золата і серабра, якія з'яўляюцца нацыянальнай спадчынай Беларусі і захоўваюцца на тэрыторыі нашай краіны - у музейных фондах, а таксама ў праваслаўных і каталіцкіх прыходах, сабраны пад адной вокладкай - у альбоме журналістаў Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Аляксеева і Алега Лукашэвіча "Спадчына Беларусі. Скарбы".
Выданне стала лагічным працягам мастацкага праекта "Спадчына Беларусі", які пачаўся яшчэ ў 2004 годзе. Як вядома, альбом перавыдаваўся восем разоў агульным накладам 26 500 асобнікаў - гэта рэкорд у беларускім кнігавыдавецтве. Гэтая праца была удастоена вышэйшай узнагароды ў кнігавыдавецкай справе - Дыплома Францыска Скарыны. Аўтары атрымалі прэмію Прэзідэнта Беларусі "За духоўнае адраджэнне".
Новы альбом - таксама унікальны і па мастацкім афармленні, і па змесце. Журналісты працавалі над кнігай амаль чатыры гады.
"Адразу нам казалі, што мы не зможам знайсці ў Беларусі столькі скарбаў, каб змясціць іх выявы аж на 320 старонках, - прызнаецца адзін з аўтараў Алег Лукашэвіч. - Сваёй працай мы даказалі, што скарбніца беларускай зямлі не вымяраецца старонкамі. А культурных каштоўнасцей наша Радзіма мае сапраўды многа. Наша праца над альбомам дапамагла музейным работнікам больш дакладна атрыбуціраваць многія экспанаты".
Дагэтуль многія скарбы Беларусі былі вядомы толькі вузкаму колу спецыялістаў. А цяпер падзівіцца на цуды нашай Бацькаўшчыны можа кожны, хто возьме ў рукі новы альбом Аляксандра Аляксеева і Алега Лукашэвіча. Аўтары прызнаюцца, што, даследуючы каштоўнасці, зрабілі і для сябе шмат адкрыццяў.
...Зіхаціць на старонках фаліянта рэчавы скарб з Полацка, знойдзены ў 1984 годзе. Гэта залатыя бранзалеты з выявамі драконаў, скроневыя кольцы, ажурныя пацеркі, вырабленыя полацкімі майстрамі ў IX-X стагоддзях.
А вось упрыгожанні накшталт абруча з бронзы або серабра, якія нашы продкі насілі на грыве (так па-стараславянску называлі шыю). Грыўні шыйныя найбольшае распаўсюджанне атрымалі ў VIII-XIII стагоддзях. Залатыя і сярэбраныя грыўні былі адзнакай улады. Яны захоўваюцца сёння ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі.
Найбольш глыбокі ўплыў на развіццё беларускай культуры ў X-XIV стагоддзях зрабілі ўсходнія традыцыі, перш за ўсё візантыйскія. Аднак купцы з беларускіх гарадоў падтрымлівалі сувязі яшчэ з мусульманскім Усходам і Персіяй. Культура Усходу выклікала захапленне сваёй раскошай. Гэта знайшло адлюстраванне ў касцюме, зброі і побыце беларусаў. У альбоме - выява унікальнага экспаната, які, магчыма, быў элементам пояса Вітаўта, падараванага вялікаму князю крымскім ханам Хаджы-Гірэем. Пояс Вітаўта быў знойдзены ў пачатку 90-х гадоў у вёсцы Літва Маладзечанскага раёна. Зараз часткі пояса знаходзяцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі.
Уражвае аздабленнем абраз Маці Божай Будслаўскай. Сярэбраную з пазалотай і каштоўнымі камянямі паверхню пакрываюць накладныя кветкі. Адзенне, упрыгожанае рубінамі, тапазамі, сапфірамі, ізумрудамі, сімвалізавала дасканаласць, паўнату мудрасці і вянец прыгажосці. Абраз абкладзены сярэбранай рамай з арабескавым арнаментам у стылі позняга Рэнесансу, у які ўпісаны фігуры святога Казіміра, магчыма, святой Ядвігі.
Падарожнічаючы па старонках фаліянта, чытач адчувае бег гісторыі, на свае вочы бачыць, як развівалася ювелірнае мастацтва ў Беларусі. Гартаючы альбом, упэўніваешся, што развіццё нашай культуры не спыняецца. У знак таго аўтары завяршылі кнігу выявай твораў, зробленых у наш час па старадаўніх тэхналогіях, - крыжа і ракі святой Еўфрасінні Полацкай, адноўленых мастаком Мікалаем Кузьмічом.
А пакуль мы толькі адкрываем для сябе скарбы Беларусі, Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч пачынаюць работу ўжо над трэцім альбомам, прысвечаным культурнай спадчыне нашай Радзімы.
Аздабленне абраза Маці Божай Будслаўскай належыць да лепшых узораў злотніцкага майстэрства на Беларусі.

Марына КУЗЬМІЧ.