Белтэлерадыёкампанія заключыла дамову аб супрацоўніцтве з паўднёвакарэйскай тэлекампаніяй "Арыранг ТВ Медыя"

14.12.2010
"Звязда", 14 снежня 2010г.

 
Дамова аб супрацоўніцтве, якую тэлекампаніі падпісалі ўчора, прадугледжвае ўзаемны абмен праграмамі і матэрыяламі рознай тэматыкі.
Як паведамілі карэспандэнту "Звязды" ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, у першую чаргу будзе ажыццяўляцца абмен дакументальнымі, пазнавальнымі і прыродазнаўчымі праграмамі. Карэйская тэлекампанія дублюе свае перадачы на васьмі мовах, сярод якіх і руская. Беларускія перадачы ў сваю чаргу будуць перададзеныя на мове арыгінала, але з тэкставым перакладам на англійскую мову.
У перамовах і ўрачыстай цырымоніі падпісання дамовы прынялі ўдзел намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр МАРТЫНЕНКА, Пасол Рэспублікі Карэя ў Беларусі спадар Лі Ён СУ, прэзідэнт тэлекампаніі "Арыранг ТВ Медыя" Чой Чунг ХУН і яе дырэктар Вон Ёнг СУН.
"Арыранг ТВ Медыя" стала 48-й тэлекампаніяй, з якой Белтэлерадыёкампанія заключыла дамову. Усяго геаграфія партнёраў Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі налічвае сёння 20 краін блізкага і далёкага замежжа.

Ілья ЛАПАТО.