Беларусы рыхтуюць сваю Вялікую розніцу пад куратарствам Урганта і Цэкалы

14.05.2010
"Звязда", 14 мая 2010 г.


Папулярны расійскі парадыйны тэлепраект "Вялікая розніца" неўзабаве пяройдзе на беларускую глебу. Ужо 17 і 18 мая, паведамілі "Звяздзе" ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, айчынны Першы канал правядзе кастынг прафесійных акцёраў-парадыстаў для падрыхтоўкі эксклюзіўнага навагодняга шоу "Вялікая розніца".
Як сцвярджаюць тэлевізійнікі, у гэтым праекце ўсё будзе беларускім: назва, сюжэты з жыцця, акцёры і аўтары. Праўда, вядучыя застануцца ўсё тыя ж, добра вядомыя нам Іван Ургант і Аляксандр Цэкала, дый здымаць шоу будзе маскоўская творчая каманда. Абодва вядучыя, дарэчы, плануюць прыехаць на кастынг у Мінск, каб асабіста ацаніць таленты тутэйшых парадыстаў. Апошніх разам з аўтарамі, здольнымі ствараць якасныя гумарыстычныя сцэнарыі, Першы канал запрашае да супрацоўніцтва. Для пачатку ахвотным трэба даслаць заяўку на ўдзел у кастынгу ў Белтэлерадыёкампанію, на адрас: 220807, Мінск, вул. Макаёнка, 9, або па электроннай пошце - roznіca@tvr.by. Да заяўкі, папярэджваюць арганізатары, пажадана дадаць відэазапісы сваіх пародый. Самыя таленавітыя прэтэндэнты змогуць разлічваць на кантракты і з'яўленне напрыканцы 2010 года ў навагоднім шоу "Вялікай розніцы".

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.