Беларускiя мужчыны адводзяць сваiм палавiнкам месца толькi на кухнi, у дзiцячым пакоi i ў ложку?

06.03.2008
"Звязда", 6 сакавіка 2008 г.


Аднак любяць iх зусiм не за гаспадарчыя ўменнi
Напярэдаднi 8 сакавiка навакольная рэчаiснасць як быццам сама па сабе робiцца тэматычна-святочнай: яскравыя фарбы ў вiтрынах заклiкаюць на распродажы касметыкi i парфумы, актывiзуюцца прадаўцы кветак i ювелiрных вырабаў, ва ўстановах рыхтуюцца адмысловыя музычныя праграмы... Толькi i размоў, што пра жанчын, каханне, квецень i вясну. А калi справа датычыцца тэлевiзiйнага жаночага ток-шоў, тут ужо, як кажуць, i карты ў рукi - гасцям ды вядучай, Веры Паляковай. Тэмай перадсвяточнага выпуску праграмы "Жыццё як жыццё" было абвешчана рытарычнае пытанне "За што нас любяць?" Знайсцi iсцiну прапанавалася з дапамогай самастойных паспяховых жанчын - тэлевядучай Інгi Бяловай, эксперта Цэнтра гендэрных даследаванняў Iрыны Альхоўкi i "сапраўдных беларускiх мачо" - вядучага, спевака Дзянiса Дудзiнскага i прадзюсара Уладзiмiра Максiмкава.
За гэтымi пошукамi назiралi гледачы ў студыi i карэспандэнт "Звязды" - з-за кулiс. Тэлегледачы ўбачаць гэту дыскусiю 7 сакавiка на Першым канале.
Пачалася гаворка цалкам прадказальна: з пытання да мужчын "На што вы найперш звяртаеце ўвагу ў жанчыне?" Iнга Бялова з пазiцыi прыгожай жанчыны тут жа ўнесла свае карэктывы - "на ногi глядзяць, на што яшчэ!". Але моцны пол адказаў па-джэнтльменску: маўляў, на жанчыну ў цэлым, ад прычоскi i фiгуры да праславутай "разынкi".
- Ну як, вы знайшлi ўжо тую самую жанчыну, у якой нешта ёсць? - удакладнiла Вера Палякова.
- Вядома ж! I не адну! - радасна пацвердзiў Дзянiс Дудзiнскi.
Чамусьцi з пачатку за здароўе ўдзельнiкi хутка перайшлi на вечную i бессэнсоўную спрэчку, хто лепшы - мужчыны цi жанчыны, i хто вiнаваты, напрыклад, у цяжкай долi жанчын, якiм даводзiцца класцi шпалы або вадзiць трамваi. З аднаго боку, калi падыходзiць фармальна - сапраўды, сярод знакамiтых асобаў, якiя пакiнулi след у гiсторыi (вучоных, урачоў, мастакоў, паэтаў i г.д.) пераважная большасць прадстаўнiкоў моцнага полу, з другога - ну i што, тая ж гiсторыя пацвярджае, што немагчымага няма: жанчынам удавалася заняць месца i фараона, i нават Папы Рымскага... А тое, што жанчыны - прыгожая, але наўрад цi слабейшая палова чалавецтва, пацвердзiла на ўласным прыкладзе i спецыяльная госця ток-шоў, жанчына-геолаг.
У якасцi ходу ў адказ мужчыны прыгадалi знакамiтую формулу "тры К" (Kirсhе, Kindеr, Kuсhеn - з нямецкай "царква, дзецi, кухня"), але пры гэтым чамусьцi замянiлi "царкву" на "ложак" - гэта сучасныя рэалii, цi што?
- Я лiчу, гэта самая што нi ёсць жаночая работа! - дэманстраваў, як на заказ, шавiнiсцкi мужчынскi падыход Уладзiмiр Максiмкаў. - I кухня, i дзецi патрабуюць шмат часу i намаганняў, а калi пасля гэтага ўсё ж застаюцца сiлы... то жанчына становiцца вядучай ток-шоў! Адно я магу гарантаваць дакладна: МАЁЙ жанчыне нiколi не давялося б класцi шпалы.
...Хоць выканаўчы прадзюсар Першага канала Яўген Юранаў i папярэдзiў, маўляў, не варта чакаць у гэтым выпуску "Жыццё як жыццё" кветачак, шарыкаў i сентыментальных вiншаванняў, мы ўсё чакалi - калi ж сярод размоў нарэшце з'явiцца абвешчаная перадсвяточная тэма? I яна з'явiлася, адкуль не чакалi. Калi вядучая прыгадала, што мужчыны ўзурпiравалi амаль усё жаночае - нават вобразы - на подыум эфектна выйшлi ўдзельнiкi шоў-трыо "Спяваючыя каралевы" - "Лера", "Ала" i "Эдзiта". У жыццi хлопцы, натуральна, носяць iншыя iмёны, але на сцэне выкарыстоўваюць менавiта гэтыя псеўданiмы i вобразы. Таму, мабыць, як нiхто адчуваюць, якая гэта цяжкая праца:
- Самае складанае - падача. Мала проста апрануць абцасы i калготкi, трэба яшчэ быць жанчынай, каб пераканаць у гэтым публiку, - падзялiлася з ашаломленымi гасцямi "Эдзiта". I гэта рэплiка стала, бадай, адзiнай, на якую беларускiя мачо не знайшлi што адказаць.
Зрэшты, завяршылася гаворка ўсё ж хэпi-эндам, бо пры ўсiх жартах i кпiнах мужчыны ўсё ж прызналiся, што нас любяць. Нават калi не "за што", а "насуперак чаму".

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.

Р.S. Дарэчы, паводле слоў прадзюсара Першага канала Яўгена Юранава, у хуткiм часе праграма "Жыццё як жыццё" займее ўласную старонку на сайце Белтэлерадыёкампанii, дзе будуць размяшчацца анонсы, фота i г.д. А дасылаць свае жыццёвыя гiсторыi i выказваць прапановы можна ўжо цяпер - з дапамогай электроннай пошты zkz@tvr.bу цi па тэлефоне 263 60 38.