Беларускi "жаўраначак" i расiйскiя "салаўi"

08.12.2006
"Звязда", 8 снежня 2006 г.

"
Усё-ткi прыгажосць - страшная сiла. Хто б мог паверыць, што маладая, прыгожая, тонкая i звонкая, як дзяўчынка, спявачка Алеся на прафесiйнай сцэне ўжо 15 гадоў? А вось, аказваецца, праўда. I свой вялiкi канцэртны тур, якi з пачатку новага тэлесезона наладзiлi Белтэлерадыёкампанiя i студыя "Сябры", артыстка прысвяцiла менавiта гэтаму творчаму юбiлею.
Пачалiся выступленнi, мiж iншым, сiмвалiчна - па знакавых кропках на карце, ад пагранзаставы №1 у Гродзенскай вобласцi i далей праз Брэст, Бабруйск, Мiнск, Полацк, Магiлёў, Нясвiж, Вiцебск, Гомель, Оршу, Жодзiна... А фiнiшуе тур Алесi, якi доўжыўся некалькi месяцаў, прыгожа i ўрачыста - фiнальным гала-канцэртам "Разам са сваёй краiнай". Праграма, якая пачнецца 9 снежня а 19-й гадзiне ў вялiкай зале Палаца Рэспублiкi, поўная сюрпрызаў i навiнак. Пра некаторыя з iх нам удалося дазнацца загадзя ў мастацкага кiраўнiка ансамбля "Сябры" Анатоля Ярмоленкі.
- У асноўным гэта, канешне, будзе сольны Алесiн канцэрт, але рыхтуюцца таксама некалькi дуэтаў са спецыяльнымi гасцямi. Плануецца, напрыклад, што ўпершыню за многа гадоў Алеся выйдзе на сцэну разам з Дзмiтрыем Смольскiм. Памятаеце, яны разам спявалi "У бацькоўскiм кутку" Iгара Лучанка? У свой час гэта песня - адна з першых песень Алесi - лiдзiравала ў хiт-парадах, займала першыя месцы на "Залатой лiры" i iншых конкурсах. А зараз кампазiцыя аднаўляецца i перапрацоўваецца, i яна прагучыць, думаю, свежа i актуальна.
Гэтаксама спецыяльна для канцэрта напiсана новая песня, якую выканаюць сумесна Алеся i Пётр Елфiмаў. Дуэты абяцаюцца з Русланам Аляхно, Барысам Маiсеевым. Увогуле ў госцi да "беларускага жаўраначка" прыбудзе цёплая кампанiя калег i сяброў - рэпер Сярога, Наталля Падольская, Джымi Нэльсан (яго забаўная версiя "Беларускiя дзяўчаты" некалi скарыла слухачоў усiх узростаў), гурт "Манга-Манга", а яшчэ Ларыса Грыбалёва, "Чук i Гек", Iскуi Абалян, Ксюша Сiтнiк... У праграме будуць, натуральна, i дзве новыя, але ўжо досыць папулярныя песнi з канцэртнага тура - "Гэта Беларусь" i "Разам са сваёй краiнай".
- Мне вельмi прыемна, што Белтэлерадыёкампанiя i Першы, вядучы канал краiны так сур’ёзна паставiлiся да арганiзацыi i канцэртнага тура, i фiнальнага канцэрта, - адзначыў Анатоль Ярмоленка. - У нас будзе сапраўднае сучаснае шоу з усiмi неабходнымi элементамi. Праграма разлiчана не менш як на 2,5 гадзiны, а далей - усё залежыць ад таго, як прымуць Алесю гледачы...
Дарэчы, Першы канал рыхтуе тэлеверсiю гала-канцэрта "Разам са сваёй краiнай" - паводле iнфармацыi прэс-службы Белтэлерадыёкампанii, у эфiры канцэрт будзе паказаны ў апошнiя днi 2006 года.
Мiж тым сам Анатоль Ярмоленка , як ён сцвярджае, на сцэну ў дзень бенефiсу дачкi выходзiць увогуле не збiраецца: "Я хачу паглядзець канцэрт збоку, адчуць сябе звычайным гледачом i паглядзець, як у гэтай лепшай зале краiны Алеся пацвярджае, што яна самастойная i выдатная артыстка, i што за гэтыя 15 гадоў яна высока трымала марку. Увогуле, чаму яна выступае пад сцэнiчным псеўданiмам - без прозвiшча, проста Алеся? Бо я ёй некалi сказаў: "Працуй, калi заслужыш, будзеш насiць прозвiшча Ярмоленка". Бо часта, калi бацькi-артысты за руку выводзяць на сцэну дзяцей, нiчога добрага з гэтага не атрымлiваецца. Алесi было, магчыма, цяжэй, чым каму iншаму, бо нiякага "заступнiцтва i апякунства" з майго боку яна не адчувала. I ўсё ж змагла ўтрымацца на сцэне i годна сябе прадставiць". Думаю, Анатоль Iванавiч усё ж не раскрыў усе карты, i нейкi сюрпрыз малодшай прадстаўнiцы творчай дынастыi ён падрыхтаваў-такi. Але гэтае меркаванне можна будзе праверыць толькi на канцэрце.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.