Беларускi гурт прадэманструе ў Осла нумар у стылi Аватара?

02.03.2010
"Звязда", 2 сакавіка 2010 г.


"Еўрабачанне-2010"
Здарылася... не, не страшнае, наадварот, доўгачаканае - тэлеканалы-канкурэнты аб'ядналiся i выступiлi партнёрамi, каб забяспечыць сёлета годны i яркi ўдзел Беларусi ў "Еўрабачаннi". Функцыi арганiзатара i вяшчальнiка выконвае Белтэлерадыёкампанiя, як адзiны ў нашай краiне член Еўрапейскага вяшчальнага саюза, фiнансавы ж бок справы цалкам узяў на сябе тэлеканал АНТ, "гадаванец" якога, гурт "Тры плюс два", якраз i спяе сёлета ад нашай краiны на еўрапейскай сцэне песню "Far away".
Чаму менавiта яны, гэтыя мала вядомыя шырокай публiцы пяцёра маладых людзей? Гэтым рэзонным пытаннем задалiся не толькi журналiсты, але i прыхiльнiкi самога конкурсу, выказваючы самыя розныя здагадкi i меркаваннi. (Прынамсi ў "Звяздзе" некалькi дзён разрываўся рэдакцыйны тэлефон.). Намеснiк старшынi Белтэлерадыёкампанii Аляксандр Мартыненка ў адказ напаўжартам задаў сустрэчнае пытанне: а чаму б i не? "Давайце спрабаваць, эксперыментаваць - мы як вяшчальнiкi будзем толькi рады, калi ў гурта атрымаецца выступiць лепш, чым у папярэднiх нашых удзельнiкаў. А ўвогуле вырашальным фактарам было тое, што спадар Хомiч (першы намеснiк старшынi праўлення АНТ) сказаў: "Мы зоймем першае месца". Мы яму паверылi". Калi ж сур'ёзна, то фокус-група проста выказвала меркаванне па ўсiх заяўленых песнях - падабаецца-не падабаецца. Выходзiць, што сумесны твор кампазiтараў Леанiда Шырына, Юрыя Вашчука i аўтаркi тэксту спявачкi Геры, "Far away", спадабаўся найбольш.
"У iх ёсць шчырасць, арыгiнальнасць i маладосць, яны вельмi натуральныя", - так ахарактарызаваў пасля знаёмства ўдзельнiкаў гурта легендарны танцор Андрыс Лiепа, з якiм заключана папярэдняя дамова аб супрацоўнiцтве i падрыхтоўцы артыстаў да конкурсу. Праўда, якой будзе пастаноўка нумару, арганiзатары яшчэ i самi не ведаюць на 100 працэнтаў, аднак мяркуюць выкарыстаць матывы i настрой папулярных сёлета фiльмаў "Аватар" i "Алiса ў краiне цудаў". "Чаго хоча публiка? Веры ў фэнтэзi, у тое, што на свеце iснуе такое райскае месца, дзе кожны знаходзiць шчасце... Зыходзячы з гэтага трэнду, мы i будзем ставiць нумар", - разважае Сяргей Хомiч. Беларускi бок таксама плануе па максiмуму выкарыстаць дазволеную правiламi "Еўрабачання" квоту - 6 чалавек на сцэне - i дабавiць або яшчэ аднаго вакалiста, або танцора. Пакуль жа "3 плюс 2", як i выцякае з назвы, гучыць на 5 галасоў.

Хто ёсць who
Юлiя Шышко - нарадзiлася ў Петрыкаве, але расла i вучылася ў Слонiме. На "выдатна" скончыла школу, потым Гродзенскi музычны каледж па спецыяльнасцi "харавое дырыжыраванне". Цяпер 21-гадовая Юля - студэнтка музычнага аддзялення Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта культуры.
Алена i Нiнэль Карповiч - сёстры-блiзняты нарадзiлiся ў Мiнску, з самага дзяцiнства вырашылi звязаць жыццё з музыкай - спачатку была школа з музычным ухiлам, потым - Рэспублiканскi каледж мастацтваў iмя Ахрэмчыка, цяпер жа - Беларуская дзяржаўная акадэмiя музыкi па класе "харавое дырыжыраванне". У сямейна-творчым тандэме Алена - спакойная i разважлiвая, Нiнэль - эмацыйная i экспрэсiўная. Дарэчы, 3 сакавiка дзяўчатам споўнiцца 25 гадоў.
Егiязар Фарашан - нарадзiўся ў Арменii 21 год таму, але ў 5-гадовым узросце прыехаў з бацькамi ў Беларусь i... сям'я тут i засталася. Вакальныя здольнасцi хлопца выявiла мацi - педагог па вакале. Спачатку Егiязар не ставiўся да спеваў сур'ёзна - пакуль упершыню не перамог на конкурсе. Сёння ў яго за плячыма ўжо дзевяць перамог у мiжнародных конкурсах, i, як мяркуюць спецыялiсты, вялiкiя перспектывы на будучыню.
Арцём Мiхаленка - самы малодшы з удзельнiкаў гурта (яму толькi нядаўна споўнiлася 20 гадоў), але разам з тым i самы гаваркi. Нарадзiўся ў пасёлку Алекшыцы Бераставiцкага раёна. Захапiўся музыкай у 4 гады i самастойна навучыўся граць на баяне, акардэоне, гармонiку. Скончыў Гродзенскi каледж мастацтваў, цяпер - студэнт Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта культуры. Акрамя музыкi, захапляецца спортам - плаванне, бокс, лыжы.
 
- Цi будзе неяк мяняцца стыль удзельнiкаў? - цiкавiмся ў Сяргея Хомiча. - Бо ўсе яны цёмнавалосыя - нейкая змрочная "фэнтэзi" атрымлiваецца...
- Будзе. Можа атрымацца, што кагосьцi з хлопцаў асвятлiм, разглядаем варыянты i з дзяўчатамi. Пакуль што ўсiм артыстам даручылi адрошчваць валасы, а некалькi беларускiх i расiйскiх стылiстаў распрацоўваюць вобразы для гурта. Мы будзем выбiраць лепшае. Тое ж датычыцца i нумара - пэўныя iдэi ёсць у нас, свае прапановы рыхтуе Андрыс Лiепа - мы iх спалучым i абяром найлепшыя. 

- Цi няма ў запрашэннi Андрыса Лiепы да пастаноўкi пэўнай рызыкi? Усё ж гурт складзены не з танцораў, а з вакалiстаў, i часу на падрыхтоўку ў iх зусiм няшмат.
- Безумоўна, яны не могуць рабiць кульбiты на сцэне, гаворка iдзе пра такiя рухi, якiя былi б арыгiнальнымi i цiкавымi, i пры тым не перашкаджалi якаснаму "жывому" выкананню.
 
Значная частка работы - прома-выступленнi ў тых краiнах, што будуць выступаць разам з Беларуссю ў першым паўфiнале "Еўрабачання" i змогуць галасаваць за нас, пастаноўка нумара, пашыў касцюмаў, змена вобразаў - яшчэ наперадзе. Пакуль жа - цяжкая, але не менш важная руцiна: артысты штодня займаюцца з харэографам Вольгай Шабровай, з педагогамi па вакале, з вопытным выкладчыкам англiйскай мовы. Дзеля гэтага ўсе яны з 1 сакавiка ўзялi ў Прэзiдэнцкiм аркестры Беларусi водпуск за свой кошт.

Ёсць пытанне
Што будзе з 50 000 долараў, якiя тэлеканал АНТ некалi паабяцаў аўтару песнi для "Еўрабачання"? Гэтыя грошы ўжо знайшлi свайго гаспадара альбо будуць чакаць пераможцу праекта "Музычны суд"?
Як запэўнiлi нас прадстаўнiкi тэлеканала, 50 тысяч долараў у любым выпадку былi адрасаваныя аўтарам песнi, якая паедзе на "Еўрабачанне" - нават калi гэтая песня з'явiлася б не ў межах адбору АНТ. Так што грошы дастануцца Леанiду Шырыну, Юрыю Вашчуку i Геры - аўтарам песнi "Far away". Акрамя таго, пераможцы двух сезонаў "Музычнага суда" атрымаюць у якасцi прыза гасцявую паездку на "Еўрабачанне-2010".

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.