Беларускае радыё заманіла слухачоў у "Пастку"

11.11.2009
"Звязда", 11 лістапада 2009 г.


Каб даць магчымасць "наведаць" найлепшыя спектаклi - ад Шэкспiра да Сыракомлi
У мінулую суботу Першы нацыянальны канал Беларускага радыё прадставiў радыёспектакль "Пастка" паводле аднайменнай аповесцi Васiля Быкава. Дакладней, паўтарыў на "бiс" - прэм'ера гэтай пастаноўкi адбылася яшчэ летам, у Дзень Незалежнасцi. Пасля прэм'еры на адрас рэдакцыi прыйшло мноства водгукаў: многiя слухачы ўхвалялi майстэрства акцёраў, называлi спектакль не менш як "унiкальным" i прасiлi паўтарыць пастаноўку.
У рэдакцыi лiтаратурнага вяшчання пацвярджаюць - сапраўды, пасля пэўнага заняпаду "Тэатр Беларускага радыё" зноў вельмi запатрабаваны ў слухачоў, якiя паспелi засумаваць па гэтым жанры. Бо iнфармацыйны i музычны складнiк ёсць ва ўсiх радыёстанцый, а лiтаратурна-драматургiчны - гэта асаблiвы жанр мастацтва...
Дарэчы, тых слухачоў, хто з нейкiх прычын не можа наведаць тэатр, чакае адмысловы падарунак - акрамя студыйных пастановак, Беларускае радыё прыступiла да запiсу спектакляў непасрэдна са сцэн тэатраў. Ужо зробленыя аўдыёверсii двух спектакляў Коласаўскага тэатра ў Вiцебску - "Апошнiя сведкi" паводле Св. Алексiевiч i "Васса" М. Горкага, запiсана пастаноўка сталiчнага Рускага тэатра iмя Горкага "Перад захадам сонца" паводле Г. Гаўптмана (з Расцiславам Янкоўскiм у галоўнай ролi), вядуцца перамовы з кiраўнiцтвам нацыянальнага акадэмiчнага тэатра iмя Я. Купалы. "Наведаць" гэтыя спектаклi, як расказала "Звяздзе" галоўны рэдактар лiтаратурнага вяшчання Беларускага радыё Галiна Шаблiнская, можна будзе напрыканцы снежня - у студзенi. Што да радыёпастановак, то, акрамя ўжо згаданай "Пасткi", у лiстападзе слухачы пачуюць яшчэ адну прэм'еру - па п'есе Аляксея Дударава "Крыж". Таксама да Новага года чакаецца прэм'ера паводле гiстарычнай драмы XVII стагоддзя "Магнаты i сiрата" ("Соф'я, князёўна Слуцкая"). Што адметна, гэту п'есу яе аўтар, знакамiты Уладзiслаў Сыракомля, напiсаў на польскай мове - беларускi пераклад быў зроблены толькi летась, а спектакль на беларускай мове будзе пастаўлены ўпершыню.
Увогуле ж фонд Беларускага радыё налiчвае сотнi разнастайных аўдыёспектакляў, якiя захоўваюцца з 50-х гадоў мiнулага стагоддзя! "Важна, каб найлепшыя спектаклi з удзелам самых яркiх зорак сцэны заставалiся не толькi ва ўспамiнах, але i ў выглядзе радыё- i тэлеверсiй", - перакананы галоўны дырэктар вытворчасцi праграм Беларускага радыё Пётр Раманчук.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.