Беларускае радыё пераходзiць у “он-лайн”

14.01.2005
“Звязда” (дадатак - газета “Чырвоная Змена”), 14 студзеня 2005 г.


ЧУЛI?
Радыёстанцыя “Беларусь” Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампанii, вяшчанне якой iдзе на кароткiх i сярэднiх хвалях на краiны блiзкага i далёкага замежжа, пачала распаўсюджванне праграм праз Iнтэрнэт.
У новым сезоне эфiр радыёстанцыi папоўнiўся шэрагам новых праектаў. Скажам, праграма “International Commentary” (“Мiжнародны агляд”) прапануе слухачам беларускi погляд на важнейшыя падзеi за межамi нашай краiны. Свае меркаваннi выказваюць вядомыя палiтолагi, аглядальнiкi, спецыялiсты ў галiне мiжнародных адносiнаў. Праект “Cards from Belarus” (“Паштоўкi з Беларусi”) знаёмiць са спадчынай мiнулых стагоддзяў, арганiзуе захапляльнае падарожжа па старажытных гарадах i мястэчках Беларусi. Акрамя таго, выклiкаюць вялiкую зацiкаўленасць слухачоў публiцыстычная праграма “From history of Belarusian state system” (“З гiсторыi беларускай дзяржаўнасцi”), экалагiчны цыкл “Habitat” (“Асяроддзе пражывання”), спецпраекты “Youth Format” (“Маладзёжны фармат”) i “Security Problem” (“Праблема бяспекi”). Запатрабаваннi i перавагi нашых суайчыннiкаў за мяжой цалкам улiчвае новае музычнае афармленне радыёстанцыi, якое змяшчае лепшыя ўзоры нацыянальнага музычнага мастацтва.
Праграмы радыёстанцыi “Беларусь” транслiруюцца ў рэжыме рэальнага часу на афiцыйным сайце тэлерадыёкампанii www.tvr.by з 15 да 20 гадзiн. Вяшчанне на дадзены момант iдзе на англiйскай мове.

Вiкторыя ЗАХАРАВА.