Беларускае радыё адкрые музычныя скарбы

17.10.2014
"Звязда", 17 кастрычніка 2014 г.

 
Адбудзецца гэта 4 лістапада ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі - у выглядзе гала-канцэрта "Музычны скарб Беларусі" з нагоды 89-годдзя Беларускага радыё. Публіцы абяцаюць не толькі асалоду ад чароўных гукаў, але і ўдзел у "жывой" тэлепраграме, якая будзе запісвацца фактычна ў рэжыме прамога эфіру.
Як сцвярджаюць арганізатары канцэрта, гэтую падзею без перабольшання можна назваць унікальнай - у якасці гасцей будзе запрошана культурная эліта краіны, а на сцэне бліснуць майстэрствам артысты і музыканты першай велічыні. Сярод удзельнікаў імпрэзы - артысты і калектывы, якія не маюць патрэбы ў дадатковым прадстаўленні: Анатоль Ярмоленка, вакальная група "Камерата", Пётр Ялфімаў, гурт "Чысты голас", ансамбль "Бяседа", флейтыст Сяргей Махаў і арганіст Віктар Кісцень, а таксама знакамітыя кампазітары Эдуард Ханок, Леанід Захлеўны, Алег Молчан, заслужаны артыст Беларусі Віктар Скарабагатаў, кіраўнік нацыянальнага канцэртнага аркестра Міхаіл Фінберг і іншыя.
"Акрамя таго, мы пастараліся зрабіць канцэрт сучасным і жывым, з выкарыстаннем разнастайных тэхналогій - напрыклад, ён будзе суправаджацца ўключэннямі з самай вялікай тэлестудыі Белтэлерадыёкампаніі, дзе вядучыя будуць абмяркоўваць з мэтрамі айчыннай музыкі беларускую культуру і абвяшчаць выступленні артыстаў. Але ўсіх падрабязнасцяў мы пакуль што наўмысна не раскрываем, бо рыхтуецца вялікі сюрпрыз", - запэўніваюць прадстаўнікі медыяхолдынга.
Прамую трансляцыю канцэрта будзе весці канал "Культура" Беларускага радыё. А 14 лістапада тэлеверсію мерапрыемства, разам з унікальнымі архіўнымі відэазапісамі Уладзіміра Мулявіна, ансамбляў "Лявоны" і "Песняры", Ігара Лучанка, Яўгена Глебава, Тамары Раеўскай, Зіновія Бабія, пакажа "Беларусь 1".

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.