Беларускае радыё: 90 гадоў у эфіры

"Звязда"

15 лістапада 1925 года адбылося ўрачыстае адкрыццё шырокавяшчальнай радыётэлефоннай станцыі. Упершыню ў эфіры прагучалі запаветныя словы: "Гаворыць Мінск!..". Быў наладжаны серыйны выраб радыёпрыёмнікаў, але транслявацца перадачы маглі толькі ў радыусе 300 вёрстаў і гучалі толькі 30 хвілін на суткі. Так гісторыя пачыналася… А сёлета Беларускае радыё адзначае ўжо сваё 90-годдзе. Цяпер гэта сучасная высокатэхналагічная структура, якая ўключае ў сябе 2 агульнанацыянальныя каналы (Першы нацыянальны канал Беларускага радыё і радыё "Культура") і 3 радыёстанцыі ("Сталіца", "Радыу-FM", міжнароднае радыё "Беларусь"). Напярэдадні юбілею мы сустрэліся з журналістамі, якія працуюць на радыё, і папрасілі іх падзяліцца сваімі ўспамінамі і разважаннямі пра эфірныя будні, урокі прафесіі, а таксама пагаварылі пра мінулае і сучаснасць у гісторыі Беларускага радыё.

Алена ДАВІДОВІЧ, намеснік галоўнага дырэктара - дырэктар дырэкцыі інфармацыйнага і грамадска-палітычнага вяшчання Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё: "Мікрафон можна параўнаць з рэнтгенам"

- Алена Анатольеўна, 90-годдзе - гэта значная падзея. З чым калектыў падышоў да такога рубяжа?

- Калі коратка казаць, то Беларускае радыё сёння - гэта сучаснае радыё з багатымі традыцыямі. Як і раней, яно пазіцыянуе сябе як радыё для ўсіх і для кожнага. Слоган Першага нацыянальнага - Будзем разам!". Яго мы выбралі свядома, і ён акрэслівае нашу мэту: заўсёды быць цікавым для слухача, разам з ім абмяркоўваць важнае, актуальнае і разам з карысцю праводзіць час.

Да 90-гадовага юбілею ў эфіры Першага нацыянальнага канала распачаты праект "Радыёлетапіс краіны", у якім мы звяртаемся да нашай багатай фанатэкі, архіўных запісаў, дзе можна пачуць галасы людзей розных часоў, успамінаем тых, хто працаваў у нас раней, расказваем і пра сённяшняе сучаснае радыё. Зразумела, разам з краінай Беларускае радыё расло, мянялася, мадэрнізавалася. Момантам адліку сучаснага радыё можна лічыць 90-я гады мінулага стагоддзя. Гэта новы час, новыя магчымасці.

- Як змянілася радыё са з’яўленнем новых тэхналогій?

- Мне здаецца, працаваць стала не толькі зручней, але, галоўнае, цікавей. Сучаснае радыё больш аператыўнае, мабільнае, інтэрактыўнае. Інфармацыю перадаём у рэжыме "тут і цяпер", большасць перадач - гэта жывы эфір. Я яшчэ застала той час, калі існаваў так званы плёначны мантаж, калі мы пісалі ўсё на вялікія магнітафоны з бабінамі, манціравалі плёнку з дапамогай нажніц і клею. А цяпер усё робіцца хутка на камп’ютары. Дзякуючы сучасным тэхналогіям журналіст можа аператыўна перадаць свой рэпартаж з любога месца падзей адразу ў эфір. Дарэчы, у 2006 годзе ў Доме радыё завершана мадэрнізацыя ўсіх студый і адбыўся поўны пераход на лічбавае вяшчанне. І сёння, напрыклад, Першы нацыянальны канал можна пачуць не толькі праз традыцыйныя крыніцы - па правадной сетцы, на доўгіх і ўльтракароткіх хвалях, у FM-дыяпазоне, але і ў рэжыме рэальнага часу ў інтэрнэце і ў лічбавым стандарце DVB-T, прычым мы вяшчаем кругласутачна.

- Што сёння неабходна, каб заставацца цікавымі для слухачоў?

- У нас з’явіліся вяшчальныя сезоны. Кожны год у верасні мы абнаўляем сетку вяшчання на траціну. Ёсць праграмы, якія сталі ўжо візітнай карткай Першага нацыянальнага, як, напрыклад, "Радыёфакт", дзе мы даём слухачу порцыю карыснай інфармацыі на пачатку дня, анансуем важныя падзеі, аналізуем актуальныя праблемы і сустракаемся з кампетэнтнымі суразмоўцамі. На працягу дня "Навіны" на канале абнаўляюцца штогадзінна. Увечары падводзім вынікі інфармацыйнага дня. У сетцы вяшчання Першага канала, як галоўнага інфармацыйнага і грамадска-палітычнага радыёканала Беларусі, знаходзіць адлюстраванне міжнародная, дзелавая, спартыўная, культурная інфармацыя, прысутнічае музычная, сацыяльная тэматыка, літаратурна-мастацкае вяшчанне. Радыё заяўляе пра сябе не толькі ў эфіры, але і па-за яго межамі. З 2003 года мы сталі актыўна праводзіць прома-акцыі, дабрачынныя мерапрыемствы. Новыя тэхнічныя магчымасці дазволілі выкарыстоўваць і новыя формы работы, пашыраць жанры рыдыёжурналістыкі. Радыёмасты з тэлерадыёкампаніямі розных краін сталі рэгулярнымі і шматпланавымі. Напрыклад, у рамках святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі мы правялі серыю радыёмастоў з гарадамі-героямі.

- Якія творчыя якасці патрэбны сёння маладому журналісту, калі ён хоча працаваць на радыё?

- Калі мне даводзіцца сустракацца з журналістамі-пачаткоўцамі або студэнтамі, якія прыходзяць да нас на практыку, то я перш-наперш для іх адзначаю, што мікрафон можна параўнаць з рэнтгенам. Таму што ён наскрозь "бачыць" чалавека, які сядзіць перад ім - і вядучага, і карэспандэнта, і госця. Радыёжурналісту трэба быць адказным за кожнае сваё слова ў эфіры. І памятаць, што гэтае слова павінна не проста прагучаць. Важна, каб яно было пачута слухачом і атрымала ў яго водгук. Сказаць, пачуць, адгукнуцца, быць сам-насам са сваім слухачом - мне здаецца, у гэтым нейкая сакральная сутнасць радыё. Мы існуем для слухачоў, працуем для іх і разам з імі ствараем Беларускае радыё. Таму зычу сваім калегам творчага ўздыму, крэатыву і моцнага здароўя. Няхай пашыраецца кола нашых слухачоў і няхай нашы словы заўсёды адгукаюцца ў іх сэрцах. А самому Беларускаму радыё жадаю быць заўсёды маладым і любімым!

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ, галоўны дырэктар міжнароднага радыё "Беларусь", радыёвядучы:

- У маё жыццё радыё прыйшло вельмі рана. У дзяцінстве ў нас дома была чорная "талерка", якую любіла слухаць мая бабуля. Радыё ў нас не выключалася. І сам я слухаў казкі па радыё і нават, калі гуляў, браў кніжку і казаў: "Добры дзень, я вам зараз прачытаю казку". Але ніколі не думаў, што буду працаваць на радыё. Аднак так атрымалася, што на працу ў полацкую газету "Хімік" мяне не ўзялі, але запрасілі на вытворчае аб’яднанне "Палімір", і там была пасада "Рэдактар заводскага радыё". З таго часу я перад мікрафонам. Ужо тады, пазнаёміўшыся з радыйнай працай, прапанаваў свае паслугі Беларускаму радыё. А калі вызвалілася месца ўласнага карэспандэнта, то з 2 сакавіка 1981 года стаў працаваць на гэтай пасадзе на Беларускім радыё, і гэта доўжылася амаль 16 гадоў. Кожны дзень я павінен быў перадаваць сюды, на Чырвоную 4, тэкставую інфармацыю, рабіць рэпартажы… А з пераездам у Мінск, ужо працуючы ў часопісе "Вожык", я працягваў прыходзіць на радыё. Аднойчы мяне, як пісьменніка, запрасіла на інтэрв’ю Галіна Шаблінская. І вось я зайшоў у студыю і думаю: "Няўжо ніколі больш не сяду да мікрафона?". Таму, атрымаўшы ў 2002 годзе прапанову зноў працаваць тут, амаль што не раздумваючы, згадзіўся. Праз нейкі час мне прапанавалі ўзначаліць замежную рэдакцыю. За мяжой беларускае радыё ў той час вяшчала 4 гадзіны на 4 мовах. Для параўнання - сёння ў нас 8 моў і вяшчаем круглыя суткі. Апынуўшыся на пасадзе кіраўніка, я ні ў якім разе не хацеў пакідаць журналісцкую працу. Заўсёды трэба паказаць прыклад самому… Для мяне прыходзіць на радыё - гэта радасць.

Ала РЫЖЭВІЧ, загадчыца аддзела інфармацыйных праграм радыё "Сталіца":

- Мая гісторыя на радыё пачалася 1 сакавіка 1993 года. 70-годдзе Беларускага радыё я сустракала тут і ўжо тады разумела, што гэта вельмі магутная структура. У маім жыцці з радыё звязаны амаль усе значныя падзеі: і асабістыя, і прафесійныя. Менавіта на радыё я некалі сустрэла будучага мужа (рабіла з ім інтэрв’ю ў такі ж асенні дзень 1995 года). І вось мы ўжо 20 гадоў разам, маем двух сыноў. І, магчыма, гэта самы вялікі падарунак "ад радыё" мне. Галоўны ўрок, які спасцігла на працы, - важна быць праўдзівым і шчырым, бо радыё мае спецыфіку: калі журналіст нешта кажа і гэта не супадае з тым, у што ён верыць і аб чым думае, то слухач усё адчувае. Мікрафон здольны раскрываць сутнасць чалавечага характару. Апошнім часам жыццё прымушае нас засяроджваць увагу на нейкіх сваіх асабістых праблемах, і ўсё радзей мы знаходзім магчымасць сустрэцца з кімсьці, паразмаўляць па душах. Радыё якраз дае шанц знайсці разумнага суразмоўцу.

Уладзімір ТРАПЯНОК, загадчык аддзела навін культуры дырэкцыі канала "Культура" Беларускага радыё:

- Я пачаў працаваць на радыё "Культура" ў 2003 годзе. Тады каналу споўнілася крыху больш за год. Я быў сведкам таго, як тут з’яўляліся новыя праекты, фарміравалася сетка праграм. Ведаю, што многія перадачы ўзнікалі пасля нашых творчых нарад. Цяпер "Культура" гучыць суткі ў эфіры і прапаноўвае слухачам самыя разнастайныя праграмы: культуралагічныя перадачы, чытанні беларускай і замежнай літаратуры, радыёспектаклі для дзяцей і дарослых, оперы, трансляцыі найлепшых канцэртаў Беларусі і Еўропы, навіны культуры і іншае - усё для духоўнага ўзбагачэння нашага слухача.

Мой педагог Уладзімір Рагаўцоў раіў: "Дай сабе ўстаноўку: я іду на эфір, быццам на свята!". Аднак варта памятаць, што ў эфіры мы нясём адказнасць за тых, хто нас слухае. Толькі людзі, якія разумеюць, што радыё для іх - гэта жыццё, тут застаюцца. Бо ў нас працуюць тыя, хто любіць канал "Культура", змест таго, што выпускаецца ў эфір.

Таццяна Гаргалык, карэспандэнт радыё “Беларусь”:

- За сем гадоў зразумела: не важна, працуеш ты ў прамым эфіры ці ў запісе - варта думаць пра тое, што ты хочаш данесці да свайго слухача. Бачыць яго перад сабой, калі штосьці робіш. У творчай прафесіі, мне здаецца, заўсёды прысутнічае нейкае незадавальненне сабой, якое, як гэта ні парадаксальна, дапамагае табе развівацца. Кожны дзень, зразумела, немагчыма выдаваць шэдэўры, але імкнуцца да гэтага варта! Якімі б праектамі ты ні займаўся, няма адчування аднастайнасці ў працы. Штодзённа цябе чакаюць новыя сустрэчы, эмоцыі, знаёмствы… Радыё задае рытм кожнаму нашаму дню: з раніцы навіны, потым нейкі запіс, праца над аўтарскімі праектамі. Гэта вельмі стымулюе і прымушае быць больш сабраным.

Таццяна Песнякевіч, аўтар і вядучая музычных праграм на радыё “Культура”:

- Працоўныя дні на радыё заўсёды дакладна распланаваныя. І адказнасць за слова вельмі вялікая, асабліва ў прамым эфіры. Калісьці падчас нашага інтэрв’ю знакаміты оперны рэжысёр Барыс Пакроўскі сказаў: “Калі чалавек хоча пражыць шчаслівае жыццё, ён павінен рабіць з сябе чалавека культурнага”. Радыё “Культура” і вылучаецца тым, што дапамагае кожнаму, хто яго слухае, жыць шчаслівым і цікавым жыццём. Тут ёсць шматлікія праграмы на актуальныя культуралагічныя тэмы, літаратурныя перадачы, гучыць музыка розных жанраў, інфармацыя пра важныя падзеі ў культурным жыцці нашай краіны. Тут і падача матэрыялу асаблівая, і акцэнты робяцца на тым, каб прааналізаваць і прадэманстраваць глыбіню і разнастайнасць мастацтва. Такі падыход ужо разлічаны не на масавага слухача, а на падрыхтаваную аўдыторыю.

Ведаеце, я для сябе ніколі не ставіла пытання: ці было радыё раней лепшым, а сёння, можа, яму нечага не хапае. Трансфармуецца тэхналагічны працэс падрыхтоўкі праграм… Прыходзяць іншыя часы, маладыя людзі, змены, натуральна, адбываюцца. Але сучаснае радыё працягвае традыцыі мінулага, і гэта вельмі добра. А канал “Культура” ўвабраў у сябе лепшае з таго, што мела радыё ў мінулым стагоддзі…

Аліна Страшкевіч, рэдактар аддзела музычных праграм Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё:

- Я была студэнткай магістратуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, калі ў маім жыцці з’явілася радыё. На той момант гэты прафесійны віраж здаваўся абсалютнай выпадковасцю, але, як вядома, выпадковасцяў не бывае, лёс цябе вядзе ў пэўным, вядомым толькі яму, накірунку. У маім выпадку гэты накірунак быў у бок Чырвонай, 4. Калі ўспамінаць свае першыя эфірныя будні, то цяжкасці, з якімі, вядома, сутыкаецца кожны на пачатку сваёй работы, кампенсаваліся цікавасцю да прафесіі, жаданнем зрабіць усё магчымае і немагчымае. Было, вядома, шмат самакапання. Самакрытычнасць, перфекцыянізм - гэта самае складанае ў рабоце для мяне і сёння. Але тут дзякуй калегам: яны і падтрымаюць, і “спачываць на лаўрах” табе не дадуць. У нас у гэтым сэнсе заўсёды пануе атмасфера здаровай канкурэнцыі.

З часам, вядома, радыё становіцца не проста працай, а жыццём, таму што ты ўвесь час думаеш: як зрабіць матэрыял цікавейшым, як найлепш раскрыць герояў сваіх праграм, якія словы, у рэшце рэшт, для гэтага падабраць. Таму ў нас такая работа (хай на мяне не пакрыўдзяцца прадстаўнікі іншых прафесій), што калі ты выходзіш за парог Дома радыё, то яна ўсё роўна застаецца ў тваім жыцці, гэта становіцца проста эфірнай паралеллю тваёй рэальнасці.

Вольга Венская, радыёвядучая “Радыус-FM”

- Слова “радыё” і сёння прамаўляю з асаблівым піетэтам і прыдыханнем. Як ні парадаксальна, для мяне свет радыё адкрыла тэлебачанне. У прыватнасці, фільм "Эпоха радыё" Вудзі Алена. Так там рамантычна, узнёсла змаглі распавесці пра маленькі радыёпрыёмнік, які мог аб’ядноўваць вакол сябе цэлыя сем’і. І ні адно лішняе слова не павінна было парушыць гэты святы момант праслухоўвання радыёэфіру…

У радыё ёсць свая бясспрэчная перавага перад тым жа тэлебачаннем: мы можам тут і цяпер уплываць на жыццё, настрой і рэагаваць на запыты слухачоў. І так пачэсна адчуваць сябе тым чароўным звяном, якое дапамагае кагосьці знайсці, падзяліцца чымсьці, можа пазнаёміць з цікавымі людзьмі, параіць нешта, аказаць дапамогу ў складанай сітуацыі… У наш час радыё прадракаюць часам не самыя "вясёлкавыя" перспектывы, але па-ранейшаму яно лідзіруе па аператыўнасці распаўсюджвання інфармацыі. Радыё,як вечны рухавік, - заўсёды гучыць, падбадзёрвае галасамі дыджэяў, любімымі песнямі і цікавымі выпускамі навін. А нашы ўдзячныя слухачы - лепшы доказ таго, што кожны з нас на сваім месцы робіць сваю працу ад душы!

Алена ДРАПКО.