Беларускія "настрадамусы" апярэдзілі Глеба

08.09.2005
"Звязда", 8 верасня 2005 г.


Якімі зменамі ў сваім эфіры можа ганарыцца тэлеканал "ЛАД"
Упершыню свой новы тэлесезон (ён стартуе 10 верасня) "ЛАД" пачынае адначасова і ў эфіры, і на адкрытай пляцоўцы сталіцы. Акрамя гэтых існуюць іншыя асаблівасці.
Дзякуючы дабаўленню рубрык і павелічэнню ў перадачах вядучых адновіцца палова праграм: дзённы "сямейны канал" "Звычайны незвычайны дземь", тэлечасопіс для школьнікаў "БУМ", інфармацыйна-аналітычная праграма "Інстытут культуры", "Сямейны альбом", "Другая радзіма", "Справы сямейныя", "Смачная раніца" і г. д. Узрасце аб'ём інфармацыйнага вяшчання: па выхадных будуць выходзіць два дадатковыя выпускі навін. Пачуць "нефарматную" музыку магчыма ў "Жывым гуку", а сцэнічнымі выступленнямі і інтэрв'ю з "зоркамі" эстрады і яе навічкамі пазнаёміцца ў цыкле "Звонкае рэха "Славянскага базару". Даведацца аб гісторыі і развіцці абласных тэлеканалаў дапаможа "Рэгіён-ТБ". Гэта перадача, дарэчы, як і цыкл "Анталогія ТБ" і праграма "Тэлебачанне - гэта...", прысвячаюцца 50-годдзю Беларускага тэлебачання.
Аляксандр Семярнёў, генеральны прадзюсар тэлеканала "ЛАД" адзначыў:
- Нам усяго два сезоны, таму значных змен у праграме перадач пакуль не плануем, як і не збіраемся збочваць з сацыяльна-культуралагічнага курса. У тым жа аб'ёме будуць выходзіць у эфір праграмы тэлеканала "Культура" (атрымалі дазвол на паказ дзесяці), хоць і вядзём перамовы, каб павялічыць іх колькасць. Хацелася б пазнаёміць нашых гледачоў з сусветнымі пастаноўкамі, але тут шмат залежыць і ад фінансаў, і ад уплыву Закона "Аб аўтарскіх і сумежных правах".
Асаблівы гонар прадстаўнікоў Белтэлерадыёкампаніі - прыняцце рашэння аб паказе па "ЛАДу" англійскай прэм'ер-лігі яшчэ да таго, як стала вядома аб пераходзе ў лонданскі "Арсенал" беларускага легіянера Аляксандра Глеба. Вось такімі "настрадамусамі" бываюць нашы тэлевізійнікі. У эфіры таксама з'явяцца дзённікі чэмпіянату свету па акадэмічнаму веславанню, матчы адкрытага першынства Беларусі па хакею, відэаагляды Еўратура па більярднаму спорту, дакументальныя фільмы: "Дыстанцыя без фінішу" раскажа пра малавядомыя факты і "белыя плямы" айчыннага спорту дзякуючы выкарыстанню архіўнага матэрыялу канца XIX-пачатку XX ст., міні-нарысы "Залатыя імгненні беларускага спорту" нагадаюць аб трыумфах нашых атлетаў.

Ірына ПРЫМАК.