Беларускі дэсант у Швецыі

04.05.2013
"Звязда", 4 мая 2013 г.


Сёння афіцыйная дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі Маратам Маркавым вылятае ў Мальмё, дзе завяршаюцца апошнія прыгатаванні да міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2013".
Ужо ў аўторак, 7 мая, у прадстаўніцы Беларусі Алены Ланской адбудзецца першая індывідуальная рэпетыцыя, на якой будзе выстаўляцца гук і ўсе элементы нумара. Другая рэпетыцыя, касцюміраваная, пройдзе 10 мая. А яшчэ праз чатыры дні Алена Ланская з песняй "Sоlауоh" выступіць у першым паўфінале "Еўрабачання". Нагадаем, паводле выбару прадзюсараў шоу, ёй дастаўся 11 нумар. Кампанію беларускай выканаўцы на сцэне складзе інтэрнацыянальная каманда: бэк-вакалісты з Сербіі і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, танцоры з Германіі і Славеніі. А за кулісамі, акрамя прадзюсараў, перажываць за вынік выступлення будзе педагог па вакале Алекс Панаі (раней ён двойчы прадстаўляў родны Кіпр у якасці канкурсанта, а летась працаваў з беларускімі ўдзельнікамі "Еўрабачання", гуртом "Lіtеsоund").
Дарэчы, учора стала вядома, што каментаваць музычна-тэлевізійнае шоу сёлета будзе вядучы Агенцтва тэленавін Яўген Перлін. А балы ад Беларусі ў фінале конкурсу абвесціць знакамітая біятланістка Дар'я Домрачава. Дарэчы, на ролю "вяшчальнікаў" прэтэндавалі таксама алімпійская прызёрка па плаванні Аляксандра Герасіменя і лідар беларускай зборнай па мастацкай гімнастыцы Меліта Станюта, але 18 мая, у дзень фіналу "Еўрабачання", іх не будзе ў Беларусі.
Нагадаем, "Еўрабачанне-2013" пройдзе ў шведскім горадзе Мальмё з 14 па 18 мая. У сёлетнім конкурсе пад дэвізам "Wе Аrе Оnе" ("Мы адзіныя") выступаюць прадстаўнікі 39 краін свету. Беларусь бярэ ў ім удзел ужо ў дзясяты раз.

Вікторыя ЗАХАРАВА.