Беларусам не ўсё роўна, якiм будзе свет

01.08.2006
"Звязда", 1 жнiўня 2006 г.


Гаворыць i паказвае...
На працягу 6 тыдняў доўжыўся маштабны праект, падрыхтаваны сумесна Агенцтвам тэлевiзiйных навiн i радыёстанцыяй "Радыус-FM" - "Сцэнарыi-2020". Яго аснову склалi распрацоўкi спецыялiстаў Нацыянальнага разведвальнага савета ЗША - прагнозы развiцця свету ў блiжэйшыя 15 гадоў.
Найбольш верагоднымi амерыканскiя аналiтыкi па разведцы палiчылi чатыры сцэнарыi: "Давоскi свет", "Pax Americana - Амерыканскi свет", "Спiраль страху" i "Новы халiфат".
Менавiта гэтыя мадэлi будучынi абмяркоўвалi разам з журналiстамi беларускiя i замежныя палiтолагi, эканамiсты, дыпламаты - усяго больш як 100 экспертаў. Радыёслухачы мелi магчымасць выказаць свае меркаваннi ў прамым эфiры, а таксама паўдзельнiчаць у iнтэрактыўных апытаннях пры дапамозе SMS-галасавання. Дарэчы, такую магчымасць выкарысталi больш як 5000 чалавек.
Падвесцi вынiкi праекта "Сцэнарыi-2020", ацанiць яго рэзананс у грамадстве мы папрасiлi першага намеснiка старшынi Белтэлерадыёкампанii Аляксандра Саламаху.

- Такi маштабны праект, безумоўна, не мог не выклiкаць цiкавасцi. Лiчу, што тэмы, якiя абмяркоўвалiся на працягу паўтара месяца, не пакiнулi абыякавымi ўсiх, каго хвалюе будучае нашай планеты. Удзел у абмеркаваннi "Сцэнарыяў-2020" вядомых палiтыкаў Беларусi, Расii, Украiны, палiтолагаў, вучоных, дыпламатаў шэрагу еўрапейскiх краiн, iх адкрытыя, часам вельмi вострыя выказваннi, ацэнкi выклiкалi такую ж зацiкаўленую рэакцыю радыёслухачоў i тэлегледачоў. Нашы журналiсты абагульнялi гэту iнфармацыю i, акрамя радыёперадач, падводзiлi вынiкi ў iнфармацыйна-аналiтычных праграмах Агенцтва тэлевiзiйных навiн.
Кiраўнiк праекта, старшыня нашай Белтэлерадыёкампанii Аляксандр Зiмоўскi назваў гэтыя сцэнарыi толькi гiпатэтычным накiрункам сусветнага развiцця, якi трэба сур’ёзна асэнсаваць. Зразумела, што нават абмеркаванне некаторых, хоць i неверагодных, на першы погляд, варыянтаў абавязкова прынясе пэўную карысць, дапаможа больш выразна вызначыць ролю i месца Беларусi ў гэтым працэсе.
Аўтары праграмы, яе вядучы, намеснiк старшынi Белтэлерадыёкампанii Аляксандр Мартыненка, рабiлi ўсё, каб стварыць атмасферу адкрытасцi, даць магчымасць выказаць розныя меркаваннi. I гэта, на мой погляд, удалося.
Але не абышлося без некаторых недарэчнасцяў. Напрыклад, калi iшла падрыхтоўка да абмеркавання сцэнарыя "Свет па-амерыканску", да ўдзелу ў перадачы былi запрошаны супрацоўнiкi пасольства ЗША ў Беларусi. На жаль, нам не толькi адмовiлi, але яшчэ i паспрабавалi навучыць Бэлтэлерадыёкампанiю так званым "дэмакратычным" паводзiнам. Вiдаць, у чарговы раз пераблыталi, як i iх вашынгтонскi гаспадар, сапраўдную дэмакратыю з дэмакратыяй, так бы мовiць, "па-iракску", якую яны настойлiва спрабуюць укаранiць у розных кутках планеты.

- Калi праект выклiкаў такую вялiкую цiкавасць, чаму б тады не працягнуць яго, перанесцi, скажам, на тэлеэкраны?
- Сумяшчэнне FM-фармата з тэлебачаннем дало магчымасць больш эфектыўна задзейнiчаць частотны рэсурс радыёстанцыi "Радыус-FM", яшчэ больш актывiзаваць iнфармацыйна-аналiтычнае вяшчанне. Цiкавасць да такiх перадач, мы ўпэўнiлiся, ёсць. Многiм слухачам сёння ўжо недастаткова толькi музычна-забаўляльных праграм, якiя запоўнiлi амаль увесь FM-эфiр. Таму заўсёды запатрабаваны ў FM-дыяпазоне iнфармацыйныя выпускi, палiтычныя i эканамiчныя каментарыi, аналiтычныя праграмы Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. Павялiчваецца колькасць FM-перадатчыкаў радыёканала "Культура", якi рыхтуе высакаякасныя праграмы, прысвечаныя нацыянальнай культуры i мастацтву. I вось яскрава заявiў аб сабе "Радыус-FM".
Падчас рэалiзацыi праекта "Сцэнарыi-2020" стала вiдавочным, што абмеркаванне ўзгаданых тэм трэба працягваць. Такiя прапановы выказваюць нашы слухачы.

- Якiя наступныя сумесныя цi самастойныя праекты чакаць слухачам "Радыус-FM" i iншых станцый Белтэлерадыёкампанii?
- Беларускае радыё мае вопыт арганiзацыi маштабных праектаў. У гэтым годзе праведзены шэраг радыёмастоў з буйнейшымi дзяржаўнымi радыёкампанiямi Расiйскай Федэрацыi, падчас якiх вядомыя беларускiя i расiйскiя палiтыкi, вучоныя, дзяржаўныя дзеячы абмяркоўвалi надзённыя пытаннi будаўнiцтва Саюзнай дзяржавы Беларусi i Расii, праблемы супрацоўнiцтва дзвюх краiн на мiжнароднай арэне i iншыя.
Разам з рэдакцыямi цэнтральных дзяржаўных газет Першы нацыянальны канал радыё кожны тыдзень у сумесным праекце "Прамая лiнiя" абмяркоўвае актуальныя пытаннi палiтычнага i сацыяльна-эканамiчнага жыцця краiны. Гэтыя праекты ў пэўнай ступенi адлюстроўваюцца i на тэлеканалах Белтэлерадыёкампанii. Але апошнi праект "Сцэнарыi-2020", аб якiм мы гаворым, якасна адрознiваецца.
Зараз на Беларускiм радыё пачынаецца работа па пераабсталяванню адной з вяшчальных студый. Спадзяюся, што ў новым вяшчальным сезоне, да якога сур’ёзна рыхтуюцца ўсе каналы Беларускага радыё, нашы слухачы не будуць расчараваныя.

P.S. Падрабязна пазнаёмiцца са сцэнарыямi, а таксама з каментарыямi экспертаў i слухачоў можна ў спецыяльным раздзеле на сайце Белтэлерадыёкампанii www.tvr.by.

Гутарыла Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.