Беларусаў у свеце стане больш

13.09.2006
"Народная газета", 13 сентября 2006 г.


У новым сезоне ў радыёстанцыi “Беларусь” з’явiўся сайт, у хуткiм часе на якiм плануецца размяшчаць аўдыяўрокi беларускай мовы для замежных грамадзян.
Раней, калi радыёстанцыя толькi стваралася, галоўнай задачай было наладзiць сувязь з суайчыннiкамi за мяжой. А сёння “Беларусь” даводзiць праўду аб нашай гiсторыi, культуры, сучасных рэалiях не толькi прадстаўнiкам беларускiх дыяспар. Праграмы радыёстанцыi на англiйскай, нямецкай, рускай мовах слухаюць больш за 100 мiльёнаў чалавек у 160 краiнах свету. “Слухачоў нашага радыё цiкавiць усё, што звязана з жыццём краiны, - адзначае галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыi замежнага вяшчання Беларускага радыё Навум Гальпяровiч. - Прыблiзна 65 працэнтаў нашага вяшчання займаюць грамадска-палiтычныя i iнфармацыйна-аналiтычныя праграмы, дзесьцi 23 працэнты - культурна-пазнавальныя i 12 працэнтаў - музычныя”.
У новым сезоне, якi пачаўся на радыё 1 верасня, аб’ём вяшчання павялiчыўся на дзве гадзiны, i цяпер праграмы радыёстанцыi можна будзе слухаць на працягу сямi гадзiн на кароткiх i сярэднiх хвалях i дзесяцi гадзiн - у Iнтэрнеце, рэжыме рэальнага часу.
Цiкавым таксама з’яўляецца супрацоўнiцтва з радыёкампанiяй “Голас Расii”. Журналiсты “Беларусi” тры разы на тыдзень рыхтуюць навiны на беларускай i рускай мовах аб падзеях у нашай краiне.
У эфiры радыёстанцыi ў новым сезоне будзе прадстаўлена каля 100 розных праектаў. Адзiн з самых значных - рускамоўная праграма “Начная гадзiна з радыёстанцыяй “Беларусь”. “У дынамiчным фармаце яна будзе падводзiць вынiкi дня Беларусi, - расказаў Навум Гальпяровiч. - Будуць i навiны, i каментарыi спецыялiстаў па актуальных пытаннях, i госцi ў студыi, i конкурсы”. Зацiкавiць слухачоў i “Будпляцоўка” - перадача аб традыцыях i сучасных распрацоўках беларускай школы дойлiдства. Аб развiццi малога i сярэдняга бiзнесу ў краiне можна будзе даведацца, паслухаўшы “Прыватны сектар”. А “Ваенная панарама” раскажа аб беларускай армii, ваенным супрацоўнiцтве Беларусi ў рамках мiжнародных арганiзацый. Перадачы радыё “Беларусь ад А да Я”, “Ад карней славянскiх”, “Вытокi нашай духоўнасцi” пазнаёмяць людзей ва ўсiм свеце з гiсторыяй, культурай нашай краiны. У эфiры ўжо прагучалi ў перакладзе на англiйскую мову творы Уладзiмiра Караткевiча, Iвана Мележа. Па словах Навума Гальпяровiча, такiя праграмы вельмi запатрабаваны ў аўдыторыi, таму ў новым сезоне плануецца пачаць чытанне “Новай зямлi” Якуба Коласа, а таксама больш перадач прысвячаць творчасцi беларускiх этнагуртоў. Падтрымае радыёстанцыя i папулярных беларускiх спевакоў. На новым сайце радыёстанцыi www.radiobelarus.tvr.by з’явiцца хiт-парад выканаўцаў, якi будзе састаўляцца па вынiках мiжнароднага iнтэрнет-галасавання замежных слухачоў. Сайт паспеў стаць папулярным у Расii, Вялiкабрытанii, ЗША, Канадзе, Францыi, Iзраiлi, Кiтаi i iншых краiнах.

Марына КУЗЬМIЧ, “НГ”.