Беларусь упершыню выступіць на танцавальным "Еўрабачанні"

29.03.2013
"Звязда", 29 сакавіка 2013 г.


Брэнд "Еўрабачання", падобна на тое, перажыў крызіс жанру і пашыраецца наноў. Прынамсі, сёлета пасля даволі доўгага перапынку адбудзецца конкурс маладых танцораў "Еўрабачанне" (Еurоvіsіоn Yоung Dаnсеrs 2013), удзел у якім упершыню возьме і Беларусь.

Даведка "Звязды"

Да ўдзелу ў конкурсе маладых танцораў "Еўрабачанне-2013" дапускаюцца танцоры ва ўзросце ад 16 да 21 года, прычым толькі сола-выканаўцы, якія не задзейнічаны на прафесійнай аснове, але маюць адпаведную адукацыю класічнай або сучаснай танцавальнай школы. Падчас спаборніцтва кожны з 10 удзельнікаў выканае адзін сольны танец, музыку і стыль якога выбірае на ўласны густ, а таксама канкурсанты, падзеленыя на 2 групы, пакажуць групавы танец. Два ўдзельнікі, якія па выніках абодвух выступленняў набяруць найбольш балаў ад прафесійнага журы, сыдуцца ў фінале ў так званым "танцы-дуэлі", падчас якога і будзе абраны пераможца.

Наш чалавек у Гданьску

У 15-м па ліку міжнародным творчым спаборніцтве, што пройдзе ў чэрвені ў Гданьску (Польшча), выступяць прадстаўнікі 10 краін свету: Арменіі, Беларусі, Германіі, Нарвегіі, Нідэрландаў, Польшчы, Славеніі, Украіны, Чэхіі і Швецыі. Гонар Беларусі на сцэне Дзяржаўнай Балтыйскай оперы будзе абараняць трэцякурсніца Беларускага харэаграфічнага каледжа, вучаніца народнай артысткі Беларусі Клары Малышавай 18-гадовая Яна Штангей.
- Чаму менавіта гэтая дзяўчына і як увогуле выбіралі аднаго з соцень беларускіх танцораў? - пацікавілася "Звязда" ў прадстаўнікоў Белтэлерадыёкампаніі, якой належаць правы на паказ танцавальнага "Еўрабачання".
- Паводле правілаў, у кожнай краіне магчымыя дзве схемы адбору: маштабны шырокі праект альбо закрыты выбар 2 кандыдатур, з якіх арганізатары зацвярджаюць адну, - расказала выканаўчы прадзюсар тэлеканала "Беларусь 2" Людміла Барадзіна. - Пракансультаваўшыся з дырэктарам конкурсу ад Еўрапейскага вяшчальнага саюза Уладам Якаўлевым, даведаўшыся пра абавязковыя патрабаванні да кандыдатаў, мы вырашылі спыніцца на другой схеме і выбіралі з навучэнцаў менавіта харэаграфічнага каледжа. Бо яны маюць навыкі класічнага балета, і ў той жа час знаёмыя з сучаснай танцавальнай школай. Спыніліся на кандыдатурах 17-гадовай Валерыі Грудзінай і 18-гадовай Яны Штангей, кожная з дзяўчат падрыхтавала свае танцы. Па відэазапісах (прычым тут таксама існуе абмежаванне - танец мусіць быць не даўжэйшым за 1,5 хвіліны) харэографы-пастаноўшчыкі шоу, а гэта вельмі вядомы брытанскі калектыў Bаllеt Bоуz, і выбралі прадстаўніка Беларусі. Харэографы напісалі нам, між іншым, што вельмі ўсцешаныя тым, што ў конкурсе будзе прадстаўлены класічны танец. Ну, а тое, што ад Беларусі выступіць дзяўчына - проста так супала, тут ніякіх абмежаванняў няма.
Дарэчы, Яна Штангей родам з Украіны. Нарадзілася ў Харкаве, вучылася там у прыватнай харэаграфічнай школе, а вось працягваць адукацыю вырашыла ў Беларусі, у сталічным харэаграфічным каледжы. Летась дзяўчына ўдзельнічала ў міжнародным конкурсе артыстаў балета ў Варне, дзе выконвала 6 класічных танцаў (варыяцый з розных балетаў) і 2 танцы ў стылі мадэрн. У выніку заваявала ганаровы дыплом і спецпрыз журы. Да выступлення ў Гданьску Яна таксама падыходзіць вельмі адказна: хоць і прызнае, што выконваць адразу і класіку, і мадэрн цяжкавата, "усе мышцы баляць", але рэпетыцый з сусветна вядомымі харэографамі і прадстаўнікамі іншых танцавальных школ чакае з нецярпеннем і вялікай цікавасцю.

Між іншым

Танцавальнае "Еўрабачанне" было заснавана ў 1985 годзе. Першы раз яно прайшло ў Рэджа-Эмілія, Італія, і з таго часу традыцыйна адбываецца раз на 2 гады. Раней конкурс меў крыху іншую назву і іншыя правілы - да ўдзелу дапускаліся пары, а не сольныя выканаўцы. Беларусь таксама рыхтавалася паўдзельнічаць у спаборніцтве некалькі гадоў таму - у 2009-м права выступіць за нашу краіну атрымалі пераможцы тэлепраекта "Зорныя танцы" Юлія Раскіна і Дзяніс Марасін. Але па рашэнні арганізатараў танцавальнае "Еўрабачанне" да 2011 года ўзяло паўзу.
У старым фармаце танцавальнага "Еўрабачання" часцей за ўсё першынство брала Іспанія - 5 разоў! Два гады таму ў адноўленым конкурсе маладых танцораў перамог прадстаўнік Нарвегіі. Каго сёлета пацалуе фартуна і ўхваляць прафесіяналы (гледачы ў вызначэнні пераможцы не ўдзельнічаюць), даведаемся ўжо 14 чэрвеня.

Вікторыя ЗАХАРАВА.