Беларусь у свеце - на новым тэлеканале

10.07.2004
“Звязда”, 10 ліпеня 2004 г.


У маі гэтага года праграмы Першага нацыянальнага тэлеканала пачалі распаўсюджвацца з дапамогай спадарожніка Intelsat904. Гэта быў толькі першы крок па стварэнню міжнароднай версіі Беларускага тэлебачання, але ўжо тады геаграфія прыёму праграм БТРК істотна пашырылася: зараз беларускія тэлеканалы могуць глядзець на тэрыторыі ад межаў Германіі да Уральскіх гор Заходняй Сібіры і ад Кольскага паўвострава да Ашхабада. Праўда, пакуль такую магчымасць маюць пераважна ўладальнікі сістэм індывідуальнага спадарожнікавага тэлепрыёму.
Але зараз пры непасрэднай падтрымцы Прэзідэнта РБ зроблены і другі крок “пашырэння” Беларускага тэлебачання ва ўсе чатыры бакі свету: ствараецца міжнародны тэлеканал “Беларусь-ТБ”.
Паводле распрацаванай канцэпцыі, “Беларусь-ТБ” - гэта канал для замежных тэлегледачоў, перш за ўсё для руска- і беларускамоўных жыхароў постсавецкай прасторы, якія жадаюць атрымліваць разнастайную, сучасную і праўдзівую інфармацыю пра жыццё Рэспублікі Беларусь. Гэта першы і пакуль што адзіны канал, які будзе вяшчаць за межы краіны - своеасаблівае “акно” ў свет беларускага грамадска-палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця; нарэшце, гэта тэлеканал, што забяспечыць інфармацыйную сувязь этнічных беларусаў з гістарычнай радзімай.
Дарэчы, назва новага міжнароднага тэлеканала з'явілася як быццам сама сабой. Тэхнічныя магчымасці перадачы сігналу пры спадарожнікавым распаўсюджванні дазваляюць уладапьніку сістэмы індывідуальнага спадарожнікавага прыёму бачыць на сваім цюнеры назву тэлеканала. Такім чынам нарадзілася так званае “сэрвіснае” імя Першага нацыянальнага на спадарожніку Intelsat904 - “ВеІаus-TV”. Вось і атрымалася ў суме самадастатковае спалучэнне традыцыйнага “ТБ” як сімвала тэлебачання і слова “Беларусь” - як краіны паходжання тэлеканапа.
Асноўнымі мэтамі “Беларусь-ТБ” выступаюць распаўсюджванне інфармацыі пра нашу рэспубліку і адлюстраванне афіцыйнай пазіцыі беларускай дзяржавы ў сферы палітычных і сацыяльна-эканамічных працэсаў, што адбываюцца ў краіне, СНД і сусветным грамадстве, а таксама фарміраванне іміджавай “візітоўкі” Рэспублікі Беларусь. Гэта місія дакладна вызначае, што новы тэлеканал - грамадска-палітычны, а не камерцыйны праект.
Першы выхад “Беларусь-ТБ” у эфір плануецца напрыканцы 2004 - пачатку 2005 года. Непасрэдна стварэннем новага тэлеканала займаецца прадзюсарскі цэнтр, спецыяльна створаны ў структуры Белтэлерадыёкампаніі. Генеральным прадзюсарам “Беларусь-ТБ” прызначаны Віктар МАЮЧЫ.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Між іншым, у сувязі са стварэннем тэлеканала БТРК абвяшчае набор спецыялістаў у галіне тэлевізійнага планавання і выдачы праграм уэфір, а таксама для работы па тэхнічнай і аўтарскай апрацоўцы тэлепраграм, фарміравання тэлевізійнай праграмы і эфірнага планавання. Тэлефоны для даведак: 8(017)263-30-04, 8(017)263-56-03.