"Беларусь-ТБ" глядзяць у ЗША

03.11.2006
"Звязда", 3 ноября 2006 г.


Як сведчыць статыстыка падключэнняў да мiжнароднага спадарожнiкавага тэлеканала "Беларусь-ТБ", актыўней за ўсiх праз Iнтэрнэт беларускi канал глядзяць амерыканцы. На другiм па зацiкаўленасцi месцы - гледачы з Германii, далей iдуць Турцыя i Расiя.
Калi ж аналiзаваць звычайнае эфiрнае вяшчанне, то, паводле слоў галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыi тэлеканала "Беларусь-ТБ" Валерыя Радуцкага, на дадзены момант заключана 335 дагавораў з кабельнымi аператарамi 12 краiн. Сумарная аўдыторыя "Беларусь-ТБ" ацэньваецца прыкладна ў 4,5 мiльёна гледачоў.
Сваю ролю ў павышэннi папулярнасцi канала адыграў i ўласны сайт www.belarus-tv.by, адкрыты з 1 кастрычнiка гэтага года. Дарэчы, гэты сайт, як i старонкi радыёстанцый "Беларусь" i "Радыус-FM", зарэгiстраваны асобна, а не ў агульным дамене Белтэлерадыёкампанii. Як паведамiў старшыня БТРК Аляксандр Зiмоўскi, гэта абсалютна прадуманы i лагiчны крок, зроблены па прыкладу вядучых сусветных СМI. "З цягам часу мы плануем разгалiнаваць таксама сайты Першага i канала "Лад". Проста мы не фарсіруем гэты працэс, робiм усё паступова, улiчваючы перавагi i чаканнi аўдыторыi". У перспектыве Першы канал таксама будзе пераведзены на спадарожнiкавае вяшчанне.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.