Беларусь рыхтуецца да свята!

02.07.2010
"Раніца", 2 ліпеня 2010 г.


Тое, што дзіцячае "Еўрабачанне-2010" пройдзе ў Мінску, стала вядома яшчэ летам мінулага года. З таго часу Белтэлерадыёкампанія - арганізатар конкурсу ў Беларусі - пачала актыўна займацца яго падрыхтоўкай. І ўжо сёння, за пяць месяцаў да конкурсу, можна з упэўненасцю казаць пра тое, што 20 лістапада свята дзяцінства, сяброўства і песні адбудзецца пры любым надвор'і!

Важнае рашэнне
Удзел у дзіцячым "Еўрабачанні" Беларусь прымае з 2003 года. За гэты час наша краіна двойчы станавілася
яго пераможцай: у 2005 годзе трыумфатаркай конкурсу стала Ксенія Сітнік, а ў 2007-м - Аляксей Жыгалковіч. Поспех беларускіх удзельнікаў азмрочваў толькі той факт, што па правілах дзіцячага "Еўрабачання" краіна, якая перамагла, не атрымлівала права прымаць конкурс у наступным годзе. Але Еўрапейскі вяшчальны саюз, разгледзеўшы ўсе заяўкі на правядзенне гэтага конкурсу, прызнаў, што Беларусь - лепшае месца для дзіцячага "Еўрабачання-2010".
Еўрапейскіх і не толькі (конкурс будзе трансліравацца таксама ў Аўстраліі і Новай Зеландыі) тэлегледачоў чакае незабыўнае тэлевізійнае шоу. А ў беларусаў, акрамя тэлетрансляцыі, будзе яшчэ ўнікальная магчымасць убачыць усё на ўласныя вочы, трапіўшы на шоу, якое пройдзе ў "Мiнск-Арэне".
Білеты на дзіцячае "Еўрабачанне" з'явяцца ў продажы за месяц да конкурсу. Бясплатна на свята песні трапяць выхаванцы беларускіх дамоў-інтэрнатаў і дзеці-інваліды. 

Фішкі
Колькасць краін, якія сёлета прымуць удзел у дзіцячым "Еўрабачанні", яшчэ ўдакладняецца.
Для самiх удзельнiкаў у Мінску плануецца стварыць атмасферу пераднавагодняй казкi. Прымаць
юных артыстаў Беларусь будзе як сапраўдных зорак: плакаты з партрэтамi ўдзельнiкаў мяркуецца расклеiць на цэнтральных вулiцах сталіцы, а на вялiкiх экранах трансліраваць прэзентацыйныя вiдэаролiкi. Канкурсантаў чакае таксама майстар-клас, якi дасць зорка сусветнай поп-сцэны. Хто гэта будзе, пакуль трымаецца ў сакрэце. Для ўдзельнікаў "Еўрабачання" арганізуюць экскурсію па горадзе, у Нацыянальны мастацкі музей, іх накормяць стравамі нацыянальнай беларускай кухні, адвядуць у боўлінг-цэнтр і на дыскатэку. Хто будзе весці шоу, пакуль таксама невядома. Выбар вядучых ідзе поўным ходам. Але плануецца, што гэта будзе мужчына (хутчэй за ўсё, журналіст, які працуе на тэлебачанні) і жанчына (магчыма, спартсменка, артыстка, публічная асоба).
Фішкай беларускага "Еўрабачання" стане тое, што яно збярэ ўсіх пераможцаў гэтага конкурсу.
Яны не толькі выступяць на шоу, але і ўручаць прыз новаму трыумфатару музычных спаборніцтваў. Магчыма, прыедуць падтрымаць канкурсантаў і дарослыя пераможцы. Арганізатары запрасілі на шоу ў Мінску Аляксандра Рыбака і Лену Маер-Ландрут і чакаюць іх адказу. 

З першых вуснаў
З рабочым візітам Мінск наведаў выканаўчы дырэктар конкурсу "Еўрабачанне" Сванце Стакселіус, які,
азнаёміўшыся з ходам падрыхтоўкі да конкурсу, падзяліўся сваімі ўражаннямі з журналістамі:
- Я вельмі задаволены тым, як Белтэлерадыёкампанія займаецца падрыхтоўкай да конкурсу. На цяперашні момант у нас няма ніякіх праблем, мы цалкам укладваемся ў адведзеныя тэрміны. І пакуль да конкурсу ёсць час, я б хацеў параіць арганізатарам скарыстацца магчымасцю паказаць сваю краіну еўрапейскаму гледачу - і на адкрыцці конкурсу, і ў вобразе вядучых, і ў візітоўках удзельнікаў.
Сванце Стакселіус лічыць цікавай задумку беларускіх арганізатараў запрасіць на конкурс у Мінск пераможцаў дзіцячага "Еўрабачання" ўсіх гадоў:
- Першыя пераможцы конкурсу даўно выраслі, гледачам будзе цікава паглядзець на іх зараз. Цікава
таксама ведаць, ці збіраецца хтосьці з іх удзельнічаць у дарослым конкурсе. 

Увага! Конкурс!
Тварам дзіцячага "Еўрабачання-2010" можа стаць кожны! Белтэлерадыёкампанія ў рамках падрыхтоўкі да конкурсу аб'яўляе кастынг "Стань тварам "Еўрабачання". Неўзабаве грамадскі транспарт у гарадах Беларусі ўпрыгожыць сімволіка дзіцячага "Еўрабачання". Ствараць перадсвяточную атмасферу
будуць таксама рэкламныя стэнды з лагатыпам і фотасюжэтамі, прысвечанымі конкурсу, якія на пачатку восені з'явяцца на праспектах і вуліцах сталіцы. Героямі фотасюжэтаў стануць не толькі вядомыя людзі - беларускія зоркі эстрады, спартсмены, удзельнікі і пераможцы дзіцячага "Еўрабачання" мінулых гадоў, але і гледачы - аматары конкурсу, якія жадаюць прыняць удзел у падрыхтоўцы да свята і падзяліцца з усімі пазітывам і радасным настроем.
Для ўдзелу ў кастынгу запрашаюцца грамадзяне Беларусі ва ўзросце ад 5 да 50 гадоў. Заяўкі (фота і
кароткі аповед пра сябе) да 15 ліпеня прымаюцца па электронным адрасе junior@tvr.by ці па пошце з пазнакай "Кастынг "Стань тварам дзіцячага "Еўрабачання- 2010" па адрасе: Белтэлерадыёкампанія, 220807, г. Мінск, вул. Макаёнка, 9. 

Каму ўсміхнецца фартуна?
Разам з арганізатарамі да "Еўрабачання" рыхтуюцца і 11 фіналістаў нацыянальнага адбору. Трапіць на
шоу яны змогуць усе, а вось удзельнічаць у конкурсе будзе толькі той, каго ў верасні выберуць
тэлегледачы і прафесійнае журы. Менавіта таму сёння Эвеліна Лашук, Данііл Казлоў, Хрысціна Святлічная, Юлія Атрошчанка, Ягор Шаранкоў, Хрысціна Сойка, Лідзія Заблоцкая, Аляксандра Стэльмах, Магамед
Асланаў, Яна Канаплянік і Ягор Чарноў актыўна займаюцца з педагогамі па вакале, адточваюць свае нумары, рыхтуюць касцюмы. Да вырашальнага гала-канцэрта, падчас якога стане вядома, хто з іх прадставіць Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні-2010", "Раніца" пазнаёміць вас з кожным з рабят.
Мы ўпэўнены, што ўсе фіналісты нацыянальнага адбору не толькі добрыя вакалісты, але і цікавыя асобы, якім ёсць што расказаць і чым падзяліцца з нашымі чытачамі. Да сустрэчы ў наступных нумарах!

Марына ПЫРКОВА.