"Беларусь" размаўляе з кожным на яго мове

12.05.2007
"Звязда", 12 мая 2007 г.


11 мая 1962 года. Менавiта ў гэты дзень у эфiры на кароткiх хвалях упершыню прагучалi пазыўныя радыёстанцыi "Беларусь". Спачатку перадачы iшлi толькi на беларускай мове. Зараз ужо станцыя "гаворыць" са слухачамi на пяцi мовах - беларускай, рускай, нямецкай, англiйскай i польскай. Апошняя асвоена менш як год таму, але з першага дня вяшчання водгукi ад слухачоў з Польшчы - толькi станоўчыя. А агульны аб’ём вяшчання на ўсiх мовах за суткi складае 19 гадзiн: 9 - у эфiры, i 10 - у Iнтэрнэце (на англiйскай мове) у рэжыме рэальнага часу.

Пра тое, з якiмi яшчэ набыткамi i задумкамi "Беларусь" падыходзiць да 45-гадовага юбiлею, расказаў "Звяздзе" галоўны дырэктар дырэкцыi замежнага вяшчання Беларускага радыё, вядомы паэт Навум Гальпяровiч.

- Сёння ў нас 27 супрацоўнiкаў, з iх абсалютная большасць - маладыя людзi ва ўзросце да 30 гадоў. Гэта выпускнiкi як факультэта журналiстыкi, так i фiлфака БДУ, БДПУ iмя М.Танка, лiнгвiстычнага ўнiверсiтэта. Заў-важу, што практычна ўсе яны дастаткова хутка засвоiлi азы журналiстыкi - напрыклад, Вольга Блажэвiч, Дзмiтрый Занеўскi, Юлiя Радзькова, Яўген Кавальчук спраўляюцца абсалютна не горш, чым выпускнiкi спецыялiзаваных аддзяленняў журфака. Яшчэ хацелася б сказаць пра ветэранаў - менавiта яны стварылi падмурак для выдатнага спалучэння маладосцi i вопыту. Гэта Ганна Махавiкова, якая працуе на радыёстанцыi больш як 20 гадоў, загадчык аддзела падрыхтоўкi праграм на замежных мовах Вячаслаў Лакцюшын, наш каментатар, куратар службы навiн на беларускай i рускай мове Людмiла Макарава, рэдактар нямецкiх праграм Алена Харашэвiч. Вакол iх i згрупавалася новая, маладая каманда. Нашы супрацоўнiкi - не толькi выдатныя журналiсты, але i фiлолагi, паэты, перакладчыкi, аспiранты i кандыдаты навук... Я вельмi люблю свой калектыў i магу расказваць пра яго бясконца, але гэта не квасны патрыятызм, а вiдаць, законны гонар за тое, што зроблена.
А ганарыцца радыёстанцыi "Беларусь" ёсць чым. Напрыклад, сваiм сайтам www. rаdiоbеlаrus.tvr.bу - рэсурсу няма яшчэ i года, а ён ужо заваяваў прэстыжную ўзнагароду на мiжнароднай выставе iнфармацыйных тэхналогiй "TIBО-2007". Рэсурс гэты - вынiк работы маладога распрацоўшчыка Глеба Зайца з дырэкцыi iнтэрнэт-вяшчання Белтэлерадыёкампанii i яе дырэктара Iрыны Палажэнцавай, таксама былой супрацоўнiцы радыёстанцыi. На сайце змешчана поўная iнфармацыя пра радыё "Беларусь", пра яго вядучых i праекты, арганiзавана он-лайн-вяшчанне i нават вiртуальны хiт-парад з аўдыёзапiсамi беларускiх выканаўцаў. Апошнi, дарэчы, выклiкаў вялiкую цiкавасць у замежных слухачоў - толькi за першы тыдзень працы "музычнай старонкi" было зафiксавана больш як 2000 наведвальнiкаў.

- Цi дастаткова "Беларусi" пяцi моў вяшчання, новыя будуць асвойвацца?
- Калi я тры гады таму толькi прыйшоў на пасаду дырэктара радыёстанцыi, нам разам з аналiтычным цэнтрам Белтэлерадыёкампанii i Мiнiстэрствам замежных спраў давялося правесцi вялiкi, шматэтапны манiторынг, каб высветлiць, наколькi ведаюць нашу радыёстанцыю за мяжой, на якiх мовах хочуць слухаць перадачы. Мы рассылалi анкеты сваiм слухачам i пазаштатным аўтарам, потым сумесна з радыёстанцыяй "Голас Расii" праводзiлi маштабнае апытанне, зараз змясцiлi спецыяльную анкету на нашым сайце. На сёння мы ўжо дастаткова iнфармаваныя аб тым, хто нашы слухачы, якiя ў iх перавагi i запатрабаваннi. Як вынiк гэтых запатрабаванняў, дарэчы, з 2006 года пачалi выходзiць праграмы на польскай мове - спачатку адзiн раз на тыдзень, а з новага года - па 20 хвiлiн штодня. Надалей пакуль цяжка загадваць, але мы ўжо думаем, што на нашых хвалях можа загучаць iспанская мова: Беларусь наладжвае добрыя сувязi з Венесуэлай, з Кубай, дый увогуле ў свеце даволi вялiкая колькасць людзей гаворыць па-iспанску. Так што, калi з’явiцца такая патрэба, такiя перадачы мы хутка арганiзуем.

- Раз на тыдзень у эфiры радыёстанцыi агучваецца агляд пошты. Што ў асноўным пiшуць слухачы, якiя заўвагi i прапановы робяць?
- Заўважу, што апошнiм часам колькасць лiстоў, якiя прыходзяць на наш адрас, павялiчылася ў дзесяткi разоў. Слухачы пiшуць, што iм цiкава даведвацца аб жыццi Беларусi, прыемна чуць аб’ектыўную, узважаную i спакойную, не агрэсiўную iнфармацыю. Хваляць, што мы нi з кiм не ваюем, проста расказваем праўду пра Беларусь. Адзiн з нашых самых актыўных слухачоў, спадар Ульмар Квiк са Швецыi, нават будзе госцем нашага святочнага эфiру - ён з сябрам адмыслова прыедзе на святкаванне 45-годдзя радыёстанцыi. Дык вось, ён наш штодзённы аўтар - па электроннай пошце пастаянна дасылае думкi i развагi наконт тых цi iншых праграм... Што адзначаюць нашы слухачы? Найперш высокую культуру мовы, асаблiва англiйскай - i гэта вельмi прыемна. Цiкавяцца перадачамi пра гiсторыю i культуру Беларусi, пра музыку, асаблiва этнiчную, самабытную. Ацэньваюць магчымасць прыехаць сюды - улiчваючы гэта, мы ўвялi такi мiжпраграмны прадукт, як невялiчкiя "вiзiтоўкi" самых адметных i прыгожых месцаў нашай краiны: аповед пра прыроду, архiтэктуру, гiстарычныя каштоўнасцi розных рэгiёнаў Беларусi. Слухачы раяць больш расказваць пра жыццё моладзi, пра спорт, пра сучаснае беларускае войска - i мы ўвялi праграмы на адпаведную тэматыку. Увогуле, многiя праграмы новага сезона ўведзены менавiта па просьбах слухачоў. Зусiм нядаўна ў нас адбылася сустрэча з прадстаўнiкамi беларускiх дыяспар - высветлiлася, што iх вельмi цiкавiць жыццё дыяспар у iншых краiнах. Iх пажаданнi натхнiлi нас на новы праект, над якiм зараз будзем працаваць; магчыма, наладзiм радыёмасты памiж беларускiмi суполкамi блiзкага i далёкага замежжа, у тым лiку пры дапамозе замежных радыёстанцый i пасольстваў Беларусi, з якiмi мы шчыльна супрацоўнiчаем.

- Кажуць, з новага сезона радыёстанцыя "Беларусь" пераходзiць на кругласутачнае вяшчанне i на FM-фармат. Што зменiцца ў сувязi з гэтым?
- Сапраўды, хоць мы пакуль гэта не афiшуем, але з 1 верасня пачынаем вяшчаць кругласутачна, а да кароткiх i сярэднiх хваляў дадаецца FM-вяшчанне. Яно будзе арганiзавана ў прыгранiчных раёнах Расii, Латвii, Лiтвы, Польшчы. Зараз мы якраз працуем над сеткай FM-вяшчання, якая будзе крыху адрознiвацца ад звычайнай - у прыватнасцi, перавага аддаецца праграмам на беларускай, рускай i польскай мовах. У новым сезоне павялiчым таксама колькасць нямецкамоўных перадач. А ў перспектыве, з удасканаленнем тэхнiчных магчымасцяў, праграмы, якiя гучаць у Iнтэрнэце, таксама трапяць у эфiр - мы марым аб тым, каб радыёстанцыю "Беларусь" можна было адначасова слухаць круглыя суткi як у эфiры, так i ў Iнтэрнэце. I кожны слухач зможа сам выбiраць сабе жаданы фармат.

Р.S. Са святам, калегi! Як мага больш вам пазiтыву - на доўгiх, сярэднiх, кароткiх i ўсiх астатнiх хвалях...

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.