Беларусь на "Еўрабачанні" ў Дзюсельдорфе выступіць 12 мая

21.01.2011
"Звязда", 21 студзеня 2011 г.

 
Днямі ў Дзюсельдорфе прайшла жараб'ёўка краін-удзельніц 56-га песеннага шоу "Еўрабачанне-2011". У выніку Беларусь трапіла ў другі паўфінал і сваім выступленнем яна будзе адкрываць другую частку праграмы.
Разам з Беларуссю ў другім паўфінале выступяць таксама нашы суседзі Украіна, Эстонія і Латвія. А вось Расія, Польшча і Літва пазмагаюцца за выхад у фінал 10 мая падчас першага паўфіналу.
Згодна з правіламі, беларусы змогуць прагаласаваць за песні толькі таго паўфіналу, у якім выступаюць самі (за Расію ў паўфінале Беларусь галасаваць не зможа). А вось з тых краін, якія традыцыйна трапляюць у фінал (гэта Іспанія, Германія, Францыя і Вялікабрытанія), немцы і французы будуць галасаваць за песні другога паўфіналу (там, дзе мы), а іспанцы і англічане - за песні першага.
Сярод сюрпрызаў сёлетняга года - вяртанне да ўдзелу Італіі. Апошні раз ад гэтай краіны на конкурс ездзіў Тота Кутунья, які тады і перамог. Затым, як вядома, Італія адмовілася ад далейшага ўдзелу на карысць італьянскага конкурсу песні ў Сан-Рэма.
Жараб'ёўка вызначыла выступленне краін наступным чынам:
Першы паўфінал: Албанія, Арменія, Фінляндыя, Грузія, Нарвегія, Польшча, Расія, Сербія, Швейцарыя, Турцыя.
Другая частка першага паўфіналу: Азербайджан, Харватыя, Грэцыя, Венгрыя, Ісландыя, Літва, Партугалія, Сан-Марына.
Другі паўфінал: Аўстрыя, Бельгія, Боснія і Герцагавіна, Кіпр, Малдова, Славакія, Швецыя, Нідэрланды, Украіна.
Другая частка другога паўфіналу: Беларусь, Балгарыя, Данія, Эстонія, Македонія, Ірландыя, Ізраіль, Латвія, Румынія, Славенія.

Лену і відовішчаў!

Чаканай падзеяй стане другі ўдзел у конкурсе немкі Лены Маер-Ландрут, якая перамагла летась. Тады песня Лены была выбраная на адмысловым праекце "Наша зорка для Осла", якую транслявалі па ўсёй Германіі. Сёлета немцы будуць выбіраць не зорку, а песню для зоркі. Назва новага праекта - "Наша песня для Германіі". Перадача стартуе 31 студзеня і будзе змяшчаць у сабе тры выпускі. У першых двух публіцы будзе прадстаўлена 12 кампазіцый, лепшыя з якіх пройдуць у фінал шоу. На ім падчас галасавання немцы і назавуць песню, з якой Лена другі раз будзе штурмаваць песенны п'едэстал. Адбудзецца гэта 18 лютага.
Вядомыя ўжо і вядучыя. Весці "Еўрабачанне-2011" будуць трое вядучых: журналістка Анке Энгельке, вядучая нямецкіх тэленавін Юдзіт Ракерс і прадстаўнік шоу-бізнэсу Штэфан Рааб, які летась прадзюсаваў Лену Маер-Ландрут.
У Еsрrіt-Аrеnа ў Дзюсельдорфе арганізатары чакаюць каля 35 тысяч гледачоў, падчас трансляцыі Еўрапейскі вяшчальны саюз паспрабуе зацікавіць яшчэ 120 мільёнаў тэлегледачоў па ўсёй Еўропе і за яе межамі.

Ілья ЛАПАТО.

Р.S. Днямі была названая таксама краіна, якая прыме сёлета дзіцячае "Еўрабачанне". Гэта будзе Арменія. Папярэдняя дата конкурсу - 3 снежня 2011 года.