Беларусь дэлегуе на "Еўрабачанне" дзяўчынку?

27.06.2014
"Звязда", 27 чэрвеня 2014 г.

 
Такі прагноз сёлета можна зрабіць загадзя - і з дакладнасцю ў 80% не памыліцца. Проста таму, што сярод 11 выканаўцаў Нацыянальнага адбору на Міжнародны дзіцячы конкурс "Еўрабачанне-2014" - ажно 9 дзяўчат!
Усяго ж арганізатары атрымалі сёлета 48 заявак ад ахвотных прадставіць нашу краіну, але да разгляду журы дапусцілі крыху менш. "Некалькі заявак мы атрымалі з Расіі, - патлумачыла кіраўнік рабочай групы Нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага "Еўрабачання-2014", выканаўчы прадзюсар тэлеканала "Беларусь 1" Людміла Барадзіна. - А па ўмовах рэспубліканскага конкурсу "Песня для Еўрабачання", да ўдзелу ў ім у якасці выканаўцы дапускаюцца толькі грамадзяне Беларусі ці замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія не менш чым 2,5 года пражываюць у нашай краіне. Таму гэтыя заяўкі прафесійнае журы на чале з народным артыстам Беларусі, кампазітарам Эдуардам Зарыцкім не разглядала".
Пасля праслухоўвання выканаўцаў жыўцом суддзі вызначылі 10 фіналістаў. У іх лік трапілі 5 прадстаўнікоў сталіцы і Мінскай вобласці: Дар'я Атрошанка (Маладзечанскі раён), Антоній Канаплянік, Ганна Зайцава, Уладзіслава Дарашэвіч, Надзея Місякова (усе - Мінск), 3 прадстаўніцы Брэстчыны: Ганна Ермаковіч, Юлія Левіна (абедзве - Брэст) і Ангеліна Піпер (вёска Астрамечава), а таксама канкурсанты з Магілёўшчыны і Гродзеншчыны - Алена Цітова (Магілёў) і Ксенія і Павел Лашчэўскія (Слонім). Самым малодшым з патэнцыйных удзельнікаў дзіцячага "Еўрабачання" - па 10 гадоў, найстарэйшым - па 14. Частка юных артыстаў аматарам конкурсу ўжо добра знаёмая: так, Ангеліна Піпер, Надзея Місякова, Аня Зайцава летась ужо даходзілі да фіналу нацыянальнага адбору, Дар'я Атрошанка і Антоній Канаплянік паказалі гэткі ж вынік у 2012-м. Каму з іх пашанцуе сёлета, даведаемся падчас фінальнага гала-канцэрта, які пройдзе ў Мінску 29 жніўня. Яго пераможцу, які і прадставіць Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні", па традыцыі, выберуць сумесна тэлегледачы і прафесійнае журы. Сам жа конкурс, нагадаем, адбудзецца 15 лістапада ў мальтыйскім горадзе Валета.