Беларусь будзе з "Еўрабачаннем". А Еўропа - са "Славянскім базарам"?

27.02.2003
"Звязда", 27 лютага 2003 г.


Днямi Белтэлерадыёкампанiя прымала госця - дырэктара Дэпартамента тэлебачання Еўрапейскага вяшчальнага саюза (ЕВС) спадара Б’ёры Эрыксана. Канешне, важны госць прыязджаў не проста чаю папiць i камплiментаў БТ нагаварыць - ён ацэньваў перспектывы супрацоўнiцтва i прывёз беларускiм тэлевiзiёншчыкам ад ЕВС прапановы па творчых праектах.

Першы нацыянальны канал (БТ-1), дарэчы, атрымаў статус члена ЕВС ужо даўно, з часоў развалу Саюза, i з’яўляецца адзiным тэлеаб’яднаннем, якое прадстаўляе Беларусь у Еўропе. Усяго ж ЕВС налiчвае ў сваiм складзе 71 тэлевiзiйную i радыёвяшчальную арганiзацыю, i яшчэ 48 арганiзацый з iншых рэгiёнаў свету ўваходзяць у саюз на правах асацыiраваных удзельнiкаў.
Трапiць у лiк членаў ЕВС вельмi няпроста - трэба адпавядаць цэламу шэрагу крытэрыяў: быць некамерцыйным каналам (г.зн. у сетку вяшчання павiнны ўваходзiць не толькi забаўляльныя, але i адукацыйныя, культуралагiчныя i iншыя праграмы); недзяржаўным (напрыклад, у Кiтаi i некалькiх iншых краiнах iснуе паняцце "дзяржаўнае тэлебачанне", а гэта значыць каналы палiтычна i фiнансава несамастойныя); не рэгiянальным, а агульным... Акрамя таго, канешне, неабходна своечасова аплацiць узносы - каля 300-400 тысяч долараў за год (больш дакладную лiчбу назваць цяжка, бо кошт тэлепрадуктаў - добрых фiльмаў, спартыўных трансляцый i г.д. - пастаянна павялiчваецца). З апошнiм пытаннем Белтэлерадыёкампанiя пакуль не разабралася.
- За мiнулыя гады, на жаль, была накоплена пэўная запазычанасць перад ЕВС - каля 1 мiльёна долараў, - падзялiўся на сустрэчы з журналiстамi старшыня Белтэлерадыёкампанii Ягор Рыбакоў. - Аднак, дзякуючы дапамозе кiраўнiцтва дзяржавы, ужо сёлета запазычанасць мы лiквiдуем. Зараз мы, праўда, не абмяркоўвалi праблемы пазыкi. Падпiсалi пагадненне i выконваем яго па пунктах: кожны заказ ЕВС абавязкова i своечасова будзе аплачвацца.
Як падкрэслiў са свайго боку спадар Б’ёры Эрыксан, у Еўрапейскага вяшчальнага саюза факт запазычанасцi Беларусi не выклiкае неўразумення i жадання прымянiць нейкiя штрафныя санкцыi. У Жэневе (там знаходзiцца штаб-кватэра ЕВС) беларускiм калегам давяраюць.
Таму прапанавалi каналу БТ-1 адразу некалькi варыянтаў узаемадзеяння: ствараць уласны прадукт для ЕВС, абменьвацца з iншымi краiнамi - членамi ЕВС тэлепраграмамi, удзельнiчаць у частковым фiнансаваннi еўрапейскiх праектаў. Вось як гэта сёння выглядае на практыцы: кожная краiна, здымаючы сюжэты навiн, некалькi з iх накiроўвае ў Жэневу, а ўжо адтуль 12 разоў на дзень блокi сюжэтаў - абсалютна бясплатна - адсылаюцца членам ЕВС. Такiм чынам, у кожным блоку беларускiх навiн выкарыстоўваюцца 4-5 "еўрапейскiх" сюжэтаў. Ды гэта i нядзiўна: карэспандэнцкая служба ЕВС налiчвае 2400 карпунктаў (для параўнання: у актыве знакамiтай Сi-Эн-Эн - усяго 140 карпунктаў).
Членства ў ЕВС выгаднае для нашай краiны i тым, што калi кампанiя набывае правы на трансляцыю, напрыклад, Кубкаў УЕФА цi чэмпiянатаў свету па розных вiдах спорту, то агульная сума дзелiцца памiж усiмi краiнамi-ўдзельнiцамi, а значыць, кожная з iх паасобку плацiць менш. (Прыгадайма хоць бы мiнулагоднi чэмпiянат свету па футболу!).
Нарэшце, немалаважнае i станоўчае вырашэнне пытання з "Еўрабачаннем". Раней Беларусь не магла нi транслiраваць гэты знакамiты конкурс, нi прымаць у iм удзел. "Уявiце сабе, - заўважыў на гэты конт Б’ёры Эрыксан, - 40 краiн выказалi жаданне паўдзельнiчаць у конкурсе. 40 выканаўцаў, на кожнага па 5 хвiлiн, плюс неабходны перапынак на галасаванне - атрымлiваецца 5-гадзiнная праграма. Нiхто проста не вытрымае".
8 студзеня гэтага года ЕВС прыняла рашэнне "разбiць" конкурс "Еўрабачанне" на два этапы: квалiфiкацыйна-адборачны - у адзiн дзень (з тэлефонным галасаваннем па ранейшай схеме), i фiнальны - у другi. Так што цяпер тэлевiзiйная прастора "Еўрабачання" ўмесцiць амаль усiх жадаючых. Акрамя таго, змененыя правiлы прадугледжваюць яшчэ адно паслабленне рэгламенту: удзельнiкi, што занялi апошнiя месцы, не выбываюць i могуць заявiцца на наступны год. Дачакаемся 2004 года i мы - паглядзiм, што атрымаецца.
"Пад заслону" сустрэчы быў узгаданы яшчэ адзiн праект, якi чакае свайго разгляду: трансляцыя часткi "Славянскага базара" на Еўропу. Такое, паводле слоў Б’ёры Эрыксана, цалкам можа быць, калi беларусы здолеюць скарацiць праграму - максiмум 1 гадзiна твораў праеўрапейскага ўзроўню, а не 3 гадзiны ўрачыстага адкрыцця i столькi ж - фiналу... Да таго ж iснуе бар’ер лiнгвiстычнага парадку: у Францыi, Англii, Турцыi няма практыкi вывядзення на экран цiтраў. Аднак усякая праблема мае сваё рашэнне - i, магчыма, у новым тэлесезоне Белтэлерадыёкампанiя ўжо прадставiць гледачам сумесныя з ЕВС распрацоўкi (каля 100 еўрапейскiх праектаў зараз чакаюць разгляду i ацэнкi).

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.