"Беларусь 5" абвясцiў кастынг у новае рэалiцi-шоу "Накаўт-раўнд"

21.10.2016

"Звязда"

Вас раздражняюць памылкi i шматслоўнасць спартыўных каментатараў? Манатонны бубнёж замiнае глядзець захапляльныя футбольныя матчы альбо бiятлонныя гонкi? Цяпер шанц даказаць, што вы можаце лепш, ямчэй i цiкавей, ёсць у кожнага - тэлеканал "Беларусь 5" абвясцiў кастынг у новае рэалiцi-шоу "Накаўт-раўнд".

Да ўдзелу запрашаюцца тыя, хто добра разбiраецца ў тэме спорту, валодае добрай дыкцыяй i пiсьменнай мовай (рускай i беларускай), а таксама здольны iмправiзаваць. "Ва ўсiх удзельнiкаў будуць роўныя ўмовы, незалежна ад полу i ўзросту", - абяцае дырэктар спартыўнага тэлеканала Аляксандр Казюкевiч.

Папярэднiя заяўкi з анкетай (яе ўзор змешчаны на сайце Белтэлерадыёкампанii) i далучаным аўдыяфайлам-самапрэзентацыяй (не больш чым на 3 хвiлiны) прымаюцца на электронны адрас sport.belarus5@gmail.com.

Ацэньваць уменнi прэтэндэнтаў будуць як прафесiяналы - дзеючыя каментатары i запрошаныя госцi, так i ўласна тэлегледачы "Беларусь 5", меркаванне якiх паўплывае на вызначэнне пераможцы праекта. Найлепшаму з лепшых прапануюць стаць каментатарам спартыўнага тэлеканала.

Вiкторыя ЗАХАРАВА.