"Беларусь 4" - у трэндзе!

02.10.2015

"Звязда"

- Мы разлічваем на тое, што рэгіянальным гледачам будуць цікавыя праграмы, якія робяцца пра іх у абласцях, - адзначыў генеральны прадзюсар Белтэлерадыёкампаніі Кірыл Казакоў на адкрыцці тэлеканала "Беларусь 4. Гомель". - Белтэлерадыёкампанія - гэта вялікі медыяхолдынг, у якога зараз шэсць каналаў. Рэгіянальныя мы запускаем пад адзінай кнопкай "Беларусь 4", і, такім чынам, адразу дабаўляецца яшчэ пяць каналаў - па колькасці абласцей краіны.

У гонар адкрыцця новага тэлеканала - паветраныя шары з лагатыпам "Беларусь 4. Гомель".

Гомельская тэлерадыёкампанія стала другой студыяй пасля Магілёва, дзе пачалося новае вяшчанне. У лічбавым пакеце можна настроіцца на частату 754МГц наземнага эфірнага вяшчання 56-га канала. Таксама "Беларусь 4. Гомель" будзе хутка даступны і ў сетках кабельных аператараў Гомельшчыны. З імі ўжо заключаны адпаведныя дамовы.

Платформа канала грунтуецца на ўніфікаванай сетцы вяшчання для ўсіх абласцей рэспублікі пад адзіным брэндам "Беларусь 4". І калі фільмы будуць ісці аднолькавыя, то навіны ў кожнай вобласці - свае.

- Менавіта да гэтага імкнуліся стваральнікі - быць у агульнасусветным трэндзе, развіваць тэлебачанне менавіта ў рэгіёнах, - падкрэслівае Кірыл Казакоў. - Паўсюль федэральныя ці нацыянальныя каналы сыходзяць у пэўныя тэматычныя нішы. Бо адны гледачы аддаюць перавагу праграмам пра спорт, другія - пра рыбалку, трэція - пра кулінарыю ці нешта яшчэ. А людзі, якія жывуць, напрыклад, у абласных цэнтрах ці глыбінцы, хочуць бачыць, ведаць яшчэ і пра тое, што адбываецца побач з імі, у іх горадзе. Дарэчы, і рэкламадаўца зараз ідзе ў рэгіёны. Яму цікава аўдыторыя канкрэтнай мясцовасці.

Дырэктар тэлерадыёкампаніі "Гомель" Святлана Яўрасава расказвае, што з пачатку вяшчання на "Беларусь 4" аб’ём інфармацыйных выпускаў павялічыўся адразу ў два разы:

- Гэты тэлеканал ствараўся па ініцыятыве Белтэлерадыёкампаніі і атрымаў падтрымку нашага губернатара Уладзіміра Дворніка. У перспектыве ён увойдзе ў агульнадаступны пакет. А пакуль мы будзем распаўсюджваць сігнал праз кабельных аператараў.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Ірына Даўгала лічыць, што адкрыццё канала "Беларусь 4" - сапраўдны падарунак для жыхароў паўднёвага рэгіёна:

- Сацыяльна значныя праграмы будуць адказам на пытанні людзей. У тым ліку цікавым уяўляецца праект з назвай "100 прычын, чаму я люблю Беларусь". У кожным раёне Гомельшчыны сапраўды можна знайсці шмат прычын, за што мы любім свой родны кут.

Магчымасці, якія адкрывае новы канал для калектыву тэлерадыёкампаніі "Гомель", дазволяць больш поўна і аб’ектыўна расказваць пра жыццё Гомельшчыны, яе дасягненні, гісторыю, культуру, пра выдатных людзей, якія жывуць на беларускім Палессі. Ужо зараз у распрацоўцы знаходзіцца каля 10 арыгінальных праектаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.