"Беларусь 4. Брэст" - у эфіры

18.12.2015

"Звязда"

У сем гадзін раніцы 15 снежня ў эфіры паявіўся новы рэгіянальны канал "Беларусь 4. Брэст". З гэтай нагоды ў брэсцкай студыі сабралася шмат гасцей. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС назваў падзею знакавай. Кіраўнік вобласці выказаў упэўненасць, што новы канал будзе працаваць на карысць гледачам, а работнікі тэлебачання напоўняць гадзіны вяшчання цікавым і якасным прадуктам.

Новы канал адрэкамендаваўся гледачам як праект для ўсёй сям’і. Тэлевізійнікі маюць намер прапанаваць шырокай аўдыторыі перадачы па гісторыі, грамадска-палітычным, культурным, спартыўным жыцці Брэстчыны. Акрамя таго, у сетку вяшчання ўвойдуць айчынныя і замежныя мастацкія фільмы, мультфільмы, дакументальнае кіно, а таксама забаўляльныя і пазнавальныя перадачы.

Стаць любімым каналам для жыхароў Брэсцкай вобласці пажадаў праекту старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзь ДАВЫДЗЬКА.

Святлана ЯСКЕВІЧ.