"Беларусь 3" ушаноўвае памяць Эльдара Разанава

11.12.2015

"Звязда"

Увесь снежань тэлеканал "Беларусь 3" будзе ўзгадваць цікавага чалавека і таленавітага, разнапланавага рэжысёра Эльдара Разанава. Кожную пятніцу ў праграме перадач - яго мастацкія кінастужкі: камедыя "Гараж", фантастычная гісторыя "Чалавек ніадкуль" і меладрама "Забытая мелодыя для флейты".

30 лістапада не стала найлепшага лірыка савецкага кінематографа, любімага рэжысёра многіх пакаленняў. Без фільмаў Эльдара Разанава цяжка ўявіць жыццё, бо яны сталі неад’емным яго атрыбутам. У такія моманты сапраўды разумееш, што сыходзіць цэлая эпоха. Ці наблізіцца ў бліжэйшы час хто-небудзь да такога ўзроўню майстэрства, ці зможа так тонка адчуваць душу чалавека і кінематаграфічны жанр? Эльдар Разанаў ніколі не баяўся казаць праўду і высмейваць чалавечыя заганы. Яго героі - квінтэсенцыя савецкага чалавека ў паўсядзённым жыцці.

Выбраць любімую стужку ў гэтым спісе амаль немагчыма: "Сцеражыся аўтамабіля", "Жорсткі раманс", "Вакзал для дваіх", "Службовы раман", "Іронія лёсу, альбо З лёгкай парай!", "Неверагодныя прыгоды італьянцаў у Расіі"… Цяжка паверыць, што сам Разанаў ніколі не думаў здымаць камедыі. Аднак у 1956 годзе з выхадам "Карнавальнай ночы" пачалася яго рэжысёрская гісторыя даўжынёй у жыццё…

На гэтым тыдні, 11 снежня ў 21.30, у эфіры "Беларусь 3" можна ўбачыць драматычную камедыю "Гараж". Чараўнік Разанаў не толькі ператварыў сход гаражнага кааператыва ў яскравую стужку на ўсе часы, але і сабраў у гэтым камерным фільме неверагодны зорны ансамбль найлепшых савецкіх акцёраў, сярод якіх Валянцін Гафт, Ія Савіна, Лія Ахеджакава, Андрэй Мягкоў, Георгій Буркоў, Святлана Немаляева, Леанід Маркаў, Вячаслаў Нявінны, Глеб Стрыжэнаў.

18 снежня "Беларусь 3" пакажа камедыю "Чалавек ніадкуль". Дарэчы, у 1961 годзе савецкі партыйны дзеяч Міхаіл Суслаў рэзка і негатыўна выказаўся пра гэты фільм: "На жаль, нярэдка яшчэ з’яўляюцца ў нас безыдэйныя фільмы, якія не адпавядаюць высокаму прызванню савецкага мастацтва". Неўзабаве паказ фільма быў паўсюдна спынены. Забарону знялі толькі ў 1988 годзе.

25 снежня ўвазе тэлегледачоў будзе прадстаўлена меладрама "Забытая мелодыя для флейты". Кінастужка знаходзіцца ў спісе самых позніх савецкіх фільмаў Эльдара Разанава і, здаецца, самых трагічных. Эльдар Аляксандравіч узняў у ёй праблему выбару, якая штодзённа стаіць перад кожным з нас. І ў гэтым фільме зноў сабраны вядомыя акцёры: Леанід Філатаў, Таццяна Догілева, Ірына Купчанка, Аляксандр Шырвінт і іншыя.

Безліч цытат, душэўная цеплыня і бліскучы гумар, а замест аўтографа - мілыя эпізадычныя ролі ва ўласных фільмах самога рэжысёра. Давайце ўзгадаем любімага Эльдара Разанава разам з тэлеканалам "Беларусь 3".