"Беларусь 24" пашырае прастору вяшчання

24.07.2015

"Звязда"

Белтэлерадыёкампанія працягвае актыўную працу па павелічэнні інфармацыйнай прысутнасці ў свеце айчыннага міжнароднага спадарожнікавага тэлеканала "Беларусь 24". У прыватнасці, асаблівыя намаганні накіраваны на пашырэнне геаграфіі вяшчання ў Расіі і Казахстане.

З 1 мая 2015 года тэлеканал "Беларусь 24" рэтранслюецца ў сетках найбуйнейшага расійскага аператара электрасувязі "Растэлекам". У рамках гэтага сэрвісу пад брэндам "Анлайм" канал даступны ў Маскве, а таксама на тэрыторыі Цэнтральнай, Паўднёвай, Прыволжскай, Уральскай, Сібірскай і Далёкаўсходняй акруг у зоне пакрыцця спадарожніка АBS-2, які забяспечвае сігнал высокай якасці і надзейнасць трансляцыі.

Акрамя таго, дадаткова спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь 24" транслюецца ў сетках групы кампаній "АКАДО" ў Маскве (аkаdо.ru, пакет "Мікс"), Санкт-Пецярбургу (аkаdо-nеvа.ru, пакет "Мікс") і Екацярынбургу (аkаdо -urаl.ru, пакет "Міжнародны"), аўдыторыя якога складае больш за 500 000 хатніх гаспадарак.

Такім чынам, сёлета за 6 месяцаў аўдыторыя гледачоў тэлеканала "Беларусь 24" у Расіі павялічылася больш чым на 1 200 000 абанентаў.

Актыўная работа праводзіцца і па пашырэнні вяшчання ў Казахстане. Так, па стане на 1 ліпеня гэтага года заключаны дагавор з кампаніяй ТАА "Еurаsіа Mеdіа Dіstrіbutіоn", якая займаецца дыстрыбуцыяй больш за 50 тэлеканалаў на тэрыторыі Рэспублікі Казахстан і працуе з 95 кабельнымі аператарамі з агульнай абаненцкай базай больш як 300 000 хатніх гаспадарак. Таксама вядуцца перамовы на вяшчанне тэлеканала "Беларусь 24" у сетках найбуйнейшага аператара Казахстана - кампаніі "Алма-ТВ".