"Беларусь 2" збірае галерэю партрэтаў герояў

24.04.2015

"Звязда"

Канал абвясціў аб пачатку маштабнай акцыі памяці "Пераможцы", прымеркаванай да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Вынікам яе мусіць стаць віртуальная фотагалерэя на сайце "Беларусь 2", а асвятляць ход праекта будзе праграма "Тэлераніца".

"Пераможцы" - больш, чым проста творчы праект, гэта даніна памяці ўсім тым, хто сваёй адвагай, храбрасцю і гераізмам адваяваў для нас свабоду і мірнае неба над галавой, - тлумачаць тэлевізійнікі. - Мы хочам нагадаць усім беларусам пра эпізоды тых страшных падзей, якія захаваліся не толькі ва ўспамінах іх непасрэдных сведкаў і ўдзельнікаў, але таксама знайшлі адлюстраванне ў фотаздымках, якія дагэтуль беражліва захоўваюцца ў многіх сем’ях…".

Тых, хто жадае ўзяць удзел у акцыі, просяць даслаць старыя фотаздымкі і аповеды пра сваіх родных і сваякоў, чые лёсы былі абпалены вайной, на электронную скрыню pobedіtelі70@tut.by або на старонку праекта ў сацыяльнай сетцы vk.com/pobedіtelі70. Матэрыялы будуць прымацца цягам усяго 2015 года і размяшчацца на афіцыйным сайце тэлеканала belarus2.by у адмысловай фотагалерэі, даступнай для прагляду як суайчыннікам, так і замежнікам з розных краін свету.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.