"Беларусь 2" пачынае новы сезон

19.08.2016 "Звязда"

Як будзе выглядаць і гучаць абноўлены маладзёжны тэлеканал з восені 2016 года і да канца лета 2017-га, стане вядома ўжо ў наступны панядзелак, 22 жніўня, падчас 12-гадзіннага інтэрактыўнага праекта "Новы сезон на "Двойцы".

Як расказалі "Звяздзе" ў прэс-службе холдынга Белтэлерадыёкампаніі, падчас маштабнага тэлемарафону, які працягнецца з 7-й гадзіны раніцы да 7 гадзін вечара, тэлестудыя "перасунецца" на адну з адкрытых сталічных пляцовак на беразе Свіслачы. Вядучыя канала "Беларусь 2" не толькі прадставяць гледачам новыя праекты, але і запросяць у госці шэраг папулярных беларускіх артыстаў і калектываў - напрыклад, у прамым эфіры выступяць гурты "Navі", "Дразды", "Дэвайсы" і "DaVіncі", а таксама Ян Жэнчак і ўдзельнік леташняга конкурсу "Еўрабачанне" Uzarі.

Гледачы, у сваю чаргу, змогуць далучыцца да тэлемарафону, нават не ўстаючы з канапы — дастаткова будзе проста зазірнуць на афіцыйныя старонкі "Беларусь 2" у сацыяльных сетках, каб даведацца пра ўсе запланаваныя падзеі. Падрабязнасці новага сезона пакуль што традыцыйна трымаюцца ў сакрэце, але, заўважым, ужо праз тыдзень гэта будзе сакрэт палішынеля, так што сачыце за праграмай, каб не прапусціць найбольш цікавыя абнаўленні.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.