"Беларусь 1" завітаў у госці да Кацярыны Карстэн

18.12.2015

"Звязда"

19 снежня канал "Беларусь 1" і Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі прадставяць гледачам дакументальны фільм "Кацярына Вялікая". Здымачная група пабывала ў гасцях у двухразовай алімпійскай чэмпіёнкі па акадэмічнай грэблі Кацярыны Карстэн.

Нядаўна Кацярына Карстэн заваявала ліцэнзію на Алімпіяду ў Рыа-дэ-Жанейра, якая стане сёмай у кар’еры нашай славутай зямлячкі. Яна была першай спартсменкай, якая прынесла суверэннай Беларусі перамогу на Алімпійскіх гульнях, першай і адзінай беларускай, хто пацвердзіў залатыя ўзнагароды на дзвюх Алімпіядах - у Атланце ў 1996-м і Сіднеі ў 2000 годзе. Кацярына Карстэн з’яўляецца першым кавалерам ордэна Айчыны ўсіх ступеняў.

Сёння спартсменка трэніруецца і жыве ў Германіі. Здымачная група Белтэлерадыёкампаніі адправілася ў Дормаген, каб сустрэцца з ёй падчас трэніровачнага працэсу. Чэмпіёнка распавяла не толькі пра поспехі мінулых гадоў, але і падзялілася планамі на будучыню - выйграць чарговы алімпійскі медаль. Журналістам удалося пазнаёміцца і з сям’ёй Карстэн, якая спадзяецца вярнуцца ў Беларусь па завяршэнні спартыўнай кар’еры Кацярыны.

- Мы хацелі ахапіць усю яе кар’еру - ад вясковай дзяўчынкі Каці Хадатовіч да вялікай спартсменкі ў акадэмічным веславанні, бо ні адзін беларус так доўга не трымаўся на вяршыні спартыўнага поспеху, як яна. Разам з аператарам Алегам Соркіным мы пабывалі ў Германіі, а таксама на малой радзіме Кацярыны Карстэн - у Крупскім раёне, у яе першага трэнера - у Мінску, выкарыстоўвалі архіўныя запісы, - распавёў аўтар фільма Мікалай Стула.

19 снежня ў 11.30 у гледачоў канала "Беларусь 1" з’явіцца магчымасць сустрэцца з любімай спартсменкай падчас прагляду фільма "Кацярына Вялікая", рэжысёрам якога стала Марыя Жукава.