"Беларусь 1" запускае ток-шоу "Дзіцячы доктар"

29.01.2016

"Звязда"

У пачатку лютага гледачоў тэлеканала "Беларусь 1" чакае прэм'ера новага праекта, здымкі якога праходзяць у студыі Белтэлерадыёкампаніі "600 метраў". "Дзіцячы доктар" - менавіта так будзе называцца новае ток-шоу - стане свайго роду тэлевізійным клубам "па інтарэсах" для маладых бацькоў, бабуль і дзядуляў, а таксама для тых, хто толькі рыхтуецца стаць бацькамі.

Таты і мамы заўсёды гатовы на ўсё, каб іх дзеці былі здаровымі, шчаслівымі, штодня адчувалі сябе камфортна ў соцыуме. Як сцвярджаюць стваральнікі праекта, "Дзіцячы доктар" дапаможа маладым бацькам у вырашэнні гэтай нялёгкай задачы. Праграма будзе накіроўваць сваю аўдыторыю ў моры інфармацыі: якое харчаванне для дзіцяці лепшае, чым лепш скарыстацца пры неабходнасці лячэння альбо прафілактыкі розных захворванняў і г.д.

Вядучымі праекта стануць сапраўдныя прафесіяналы, педыятры з вялікім вопытам - Дзмітрый Часноў, Валерый Андрыенка і Вольга Кардаш. А ў якасці гасцей у студыю пачуць запросяць розных экспертаў. Паўнавартаснымі ўдзельнікамі ток-шоу стануць і самі дзеці.

Кожны выпуск праекта плануецца прысвячаць пэўнай тэме. Тэлегледачы змогуць больш даведацца пра здаровы сон, бяспеку дзіцяці, пра тое, як навучыць малое чытаць, як узмацаваць імунітэт, як правільна падыходзіць да загартоўвання і многае іншае.

Першы выпуск новага ток-шоу "Дзіцячы доктар", якое будзе выходзіць з аўторка па пятніцу, глядзіце 2 лютага на тэлеканале "Беларусь 1".