"Базарны век" без "але"

09.07.2011
"Культура", 9 июля 2011 г.


Дакументальная стужка "Базарны век", што будзе прэзентавана на юбілейным "Славянскім базары ў Віцебску", доўжыцца 52 хвіліны. А колькі фестывальных імгненняў у ёй занатавана - падлічыць немагчыма! Бо адных толькі ўдзельнікаў фільма, якія выступаюць у кадры з прамовамі, - больш за 30. А як інакш акрэсліць шлях у 20-годдзе?
- Ідэя зрабіць такі "відэаагляд", - распавядае рэжысёр стужкі Надзея Гаркунова, - зыходзіла з Аргкамітэта фестывалю. Яны прапанавалі гэта Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі, і выбар прыпаў на мяне. У мяне ўжо быў такі вопыт: пятнаццаць гадоў таму, у 1996-м, я здымала дакументальную карціну "Краіна, назва якой - фестываль!". Але тая стужка была прысвечана, найперш, самой, не пабаюся гэтага слова, фенаменальнай камандзе пад кіраўніцтвам Радзівона Баса, якая і займаецца непасрэднай падрыхтоўкай ды правядзеннем гэтага буйнога форуму. Мы сачылі за тым, як яны працуюць - суткамі, без перапынку, - разам з імі не спалі... Гэты ж фільм павінен быў быць іншым: пра ўласна фестывальнае дзейства, яго ўдзельнікаў і гасцей. Як рэжысёр я працавала на "Славянскім базары..." толькі аднойчы: тры гады таму ставіла аўтарскі канцэрт Ігара Лучанка. Але душой і сэрцам заўсёды заставалася з фестывалем, нават калі сачыла за ім па тэлевізары.
Праца над фільмам ішла чатыры месяцы. Мы ездзілі ў Маскву, у Кіеў, закраналі гісторыю фестывалю, гутарылі з тымі, хто стаяў ля яго вытокаў, з першымі вядучымі. І за гэты час яшчэ раз пераканаліся, што фестываль робіцца цягам усяго года, а ліпень - гэта толькі фінал, вяршыня вялізнага айсберга. Усе, да каго мы звярталіся, пагаджаліся на здымкі без аніякіх "але", ва ўсіх было заўважна папраўдзе неабыякавае стаўленне да фестывалю - як да чагосьці вельмі дарагога: адразу запальваліся вочы, ажывалі эмоцыі, быццам гэта было літаральна ўчора.
Такі фільм немагчыма было рабіць, уключыўшы толькі прафесійныя якасці. Уся наша здымачная група аддала стужцы часцінку свайго сэрца - і карціна, на маю думку, стала падобнай да цёплага пірага, ад якога ідзе чароўны водар... Аператар Юрый Ціхановіч шукаў нечаканыя ракурсы, шмат уклаў у фільм мастак-дызайнер Віталь Савенка. У Віцебск вязём ажно 300 копій на кампакт-дысках, каб уручыць іх фестывальнаму штабу і шматлікім гасцям. Ну, а на наступны пасля прэзентацыі дзень, 10 ліпеня, фільм будзе паказаны па Першым канале Беларускага тэлебачання.