Баю-бай, вачаняты закрывай

10.03.2012
"Народная газета", 10 марта 2012 г.


Легендарная "Калыханка" вяртаецца на тэлеканал "Беларусь 1".
З панядзелка адна са старэйшых праграм беларускага тэлебачання будзе выходзіць у вячэрнім эфіры галоўнага телеканала краіны ў 19.40. Гэта зроблена выключна дзеля зручнасці маленькіх тэлегледачоў, якія ў сувязі з прамымі трансляцыямі спартыўных спаборніцтваў на тэлеканале "Беларусь 2", дзе "Калыханка" выходзіла з 2003 года, часта заставаліся без сваёй любімай праграмы.
"Збеглі зайкі ўсе ў лясы./ Змоўклі птушак галасы./ І буслы ў гняздо схавалі / Свае доўгія насы..." Ну каму не знаёма гэтая добрая і мілагучная песня?! Кожны беларус хоць раз у жыцці павінен быў глядзець "Калыханку", якая летась адзначыла свой 30-гадовы юбілей. Памятаю, калі сама маленькая з нецярпеннем чакала эфіру любімай праграмы і пасля засынала пад фінальную песню побач з матуляй.
Час ляціць. А праграма па-ранейшаму жыве, выхоўвае і закалыхвае ўжо новыя пакаленні дзяцей. Добрая, шчырая, па-сапраўднаму дзіцячая. Менавіта такіх праграм не хапае беларускаму тэлебачанню. Аднак з чым сутыкнуліся гледачы апошні час? З-за спартыўных трансляцый на тэлеканале "Беларусь 2" праграма ці скакала па сетцы вяшчання, ці зусім выпадала з эфіру.
- Толькі ўявіце сабе, "Калыханка" магла выходзіць усяго 9 разоў на месяц! - расказвае Уладзімір Варанкоў, ці "бацька" мядзведзяняці Топы. - Вядома, гэта выклікала шквал незадаволеных лістоў і званкоў, якія дайшлі нават да Адміністрацыі Прэзідэнта. Было вырашана перанесці праграму на "Беларусь 1". У адрозненне ад іншых краін у нас няма дзіцячага канала, і калі нашых маленькіх гледачоў пазбавіць яшчэ і "Калыханкі", гэта будзе проста нонсэнс.
Я пацікавілася ў кіраўніцтва тэлеканала, ці не зменіцца сама праграма пры пераходзе на "Беларусь 1".
- Зараз мы ўступаем у канец тэлевізійнага сезона. Таму нелагічна было б змяняць штосьці цяпер, - гаворыць загадчыца аддзела падрыхтоўкі праграм для дзяцей і юнацтва Белтэлерадыёкампаніі Алена Будрыцова. - Аднак у новым сезоне мы плануем і новыя дэкарацыі ўстанавіць, і папрацаваць з "шапкамі". Што тычыцца персанажаў, яны застануцца тымі ж. Яны з'явіліся не так даўно, вельмі палюбіліся гледачам, да іх прывыклі. Таму не бачу сэнсу ўводзіць новых герояў. За трыццацігадовую гісторыю "Калыханкі" іх і так было вельмі шмат.
Сапраўды, у праграме працавала вельмі шмат розных вядучых і лялечных персанажаў: цёця Таня і цёця Зіна, Буслік, сабака Цімоша, Лесавічок, Васілінка, кот Марцін, воўк Вова, парася Сеня... Але самым вядомым быў Дзед Барадзед, які з'явіўся ў 1987 го-дзе. Яго песенку ў выкананні акцёра Анатолія Кашкера некаторыя памятаюць нават сёння: "Хто я? Дзед Барадзед. / Абышоў белы свет / I цяпер у цiхi час / Завiтаў да вас".
Не менш любяць гледачы і сённяшнюю каманду "Калыханкі" - вядучых Маляваныча (Аляксандр Ждановіч) і Феечку (Алена Бікранёва), лісічку Яну (Іна Ганчар), мядзведзяня Топу (Уладзімір Варанкоў) і казачную істоту Сплюшыка (Эмілія Пранскутэ). У рэдакцыю праграмы лісты ад дзяцей прыходзяць мяшкамі!
- Асабліва шмат іх перад святамі, - гаворыць Алена Будрыцова. - Не пералічыць, колькі іх прыйшло да 8 сакавіка: з малюнкамі, выразанкамі... Вельмі чулліва, улічваючы, што дзеці нічога не просяць у лістах - яны проста гавораць, што любяць нас і віншуюць са святамі.
Часта дзеці і самі наведваюцца ў студыю праграмы - пацікавіцца, як праходзіць запіс іх любімай перадачы.
- А вы ж самі разумееце, што пад сталом ідзе зусім іншае жыццё, - гаворыць Уладзімір Варанкоў. - Усе акцёры з нашай творчай групы вельмі блізкія людзі. Можам дазволіць сабе і пахуліганіць. Асабліва калі Маляваныч пачынае чытаць нашым персанажам мараль. Можам незаўважна звязаць яму шнуркі на чаравіках ці прывязаць скотчам нагу да крэсла. Запіс заканчваецца, і мы едзем дахаты, а ён усё спрабуе выбрацца, - усміхаецца акцёр. 

Топ-7 цікавых фактаў пра "Калыханку"

1. Упершыню "Калыханка" выйшла ў эфір беларускага тэлебачання ў студзені 1981 года. Назву праграмы прыдумала кіраўнік дзіцячай рэдакцыі Ніна Шоба. Кажуць, ідэя назвы прыйшла ёй у сне.
2. Дзед Барадзед быў самай дарагой і складанай лялькай у перадачы. Ёю кіравалі адразу тры акцёры.
3. За адзін дзень запісваюцца ўсе выпускі праграмы на тыдзень уперад. Адзін выпуск здымаецца ад паўгадзіны да чатырох з паловай гадзін.
4. Нейкі час усе мультфільмы ў перадачы перакладаліся на беларускую мову. Але ад ідэі прыйшлося адмовіцца - цяжка было знайсці акцёраў для агучвання.
5. Фея з'явілася ў "Калыханцы" пасля жорсткага кастынгу ў самых маленькіх тэлегледачоў. Відэазапісы з пробамі актрыс паказвалі хлопчыкам і дзяўчынкам у дзіцячых садках.
6. У эфіры "Калыханкі" Маляваныч (Аляксандр Ждановіч) носіць акуляры. Аднак у жыцці акцёр ніколі іх не носіць - у Аляксандра добры зрок.
7. Усе акцёры "Калыханкі" маюць прафесійную адукацыю і працуюць у тэатрах.

Людміла МІНКЕВІЧ, "НГ".