Барабулька з ткемалі і iншыя прыгоды турыстаў на "Беларусь 2"

31.10.2014
"Звязда", 31 кастрычніка 2014 г.

 
2 лістапада тэлеканал прадставіць прэм'еру новага праекта "Турыст" - сумеснай працы Белтэлерадыёкампаніі і Грамадскага Аджарскага тэлебачання (Грузія). Цягам сямі тыдняў гэта рэаліці-шоу будзе распавядаць пра падарожжа грузінскага тэлежурналіста па Беларусі, а яго беларускага калегі - па Грузіі.
У нашу краіну для здымак прылятаў і тыдзень праходзіў па вельмі насычаных турыстычных маршрутах спецыяльны карэспандэнт Аджарскага тэлебачання Бесі Чыбурданідзэ. А прадстаўнік Белтэлерадыёкампаніі, тэлевядучы Дзяніс Дудзінскі, які апошнім часам рэалізуе сваю даўнюю мару - актыўна падарожнічае па свеце, пад пільным вокам камер аджарскіх тэлевізійнікаў вандраваў па Грузіі. Папярэдне абодва вядучыя пазнаёміліся праз інтэрнэт і абмяняліся пэўнай інфармацыяй пра свае краіны, але ж, зразумела, лепш адзін раз убачыць...
Бесі, напрыклад, літаральна трапіў з карабля на баль: "Замест ранішняй зарадкі мы падрыхтавалі для госця пад'ём на Курган Славы, пасля абеду яго чакала прагулка па старым горадзе - гістарычным цэнтры Мінска, а "на закуску" мы пакінулі экскурсію па Нацыянальнай бібліятэцы, - расказваюць аўтары праекта "Турыст". - Дарэчы, знаёмства грузінскага журналіста з дранікамі прайшло "на ўра". Таксама ў планах госця - візіт у аквапарк і на рыцарскі фэст, культурная праграма ў самых вядомых беларускіх тэатрах і больш шчыльнае знаёмства з нацыянальнай кухняй, а сярод асабістых пажаданняў - прафесійны інтарэс спартыўнага карэспандэнта да пляцовак "Мінск-Арэна" і "Барысаў-Арэна". "Як я не валодаў раней дастатковай колькасцю інфармацыі аб сучаснай Беларусі, гэтаксама яе не маюць і грамадзяне Грузіі, - разважае Бесі Чыбурданідзэ. - Я хачу расказаць ім, што можна без праблем прыехаць у Беларусь, як у любую іншую еўрапейскую краіну, і выдатна адпачыць тут!"
Дзяніс жа тым часам убачыў Батумі з вышыні птушынага палёту, праінспектаваў улоў стаўрыды, падняўся па канатнай дарозе на гару Ферыя і памачыў ногі ў Чорным моры, а таксама пазнаёміўся з мясцовымі гастранамічнымі традыцыямі - прадэгуставаў барабульку з ткемалі і чачай. І ўсё гэта - літаральна за адзін дзень!
Сваімі ўражаннямі і адчуваннямі, наколькі блізкія ці далёкія нашы краіны, тэлевядучыя будуць дзяліцца з гледачамі ў кожным выпуску праекта, гартаючы старонкі своеасаблівага відэачасопіса пра падарожжа...

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.