Білет у Амстэрдам

07.04.2012
"Культура", 7 апреля 2012 г.


Як вядома, дзіцячае "Еўрабачанне" пройдзе ў кастрычніку ў Нідэрландах, але шлях беларускіх удзельнікаў у Амстэрдам пачынаецца тут і зараз. 3-га красавіка распачаты прыём заявак для ўдзелу ў Рэспубліканскім дзіцячым конкурсе "Песня для Еўрабачання".
Як паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі, удзел у конкурсе могуць прыняць юныя таленты ва ўзросце ад 10 да 15 гадоў, якія з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь альбо пражываюць у нашай краіне не менш за два з паловай гады. Самая ж галоўная ўмова - добрая песня, якая раней не гучала. Паводле Палажэння конкурсу, яе аўтарам павінен быць сам канкурсант, хаця дапускаецца і дапамога дарослых. Ёсць і канкрэтныя патрабаванні па хронаметражы: ад дзвюх з паловай хвілін і да 2.45. Але паколькі апошні тэрмін падачы заявак - 25 мая, да гэтага часу яшчэ можна паспець выканаць дадзенае патрабаванне конкурсу.
Шлях беларускага ўдзельніка ў Амстэрдам мае тры этапы. Першы з іх - гэта, уласна, адборачны тур, другі - фінал, для ўдзелу ў якім будуць адабраны сем - дзесяць маладых спевакоў, а трэці - падрыхтоўка пераможцы да выступлення на прэстыжным міжнародным конкурсе.
Дарэчы, наш эмісар будзе абраны ўжо традыцыйным спосабам - шляхам глядацкага галасавання пад час фінальнага гала-канцэрта, які запланаваны на верасень.